Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС абяцае жорсткі кантроль за маральнасьцю беларускіх грамадзянаў, якія выяжджаюць за мяжу


Ігар Карней, Менск Ад 15 красавіка выезд грамадзянаў Беларусі за мяжу на працу ці навучаньне будзе цалкам на кантролі Міністэрства ўнутраных справаў. У зьвязку з гэтым ужо праводзяцца масавыя праверкі фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем і навучальнымі праграмамі, мадэльных агенцыяў, турыстычных кампаніяў. Ці азначаюць падобныя захады, што легальна патрапіць за мяжу ўжо ў блізкай пэрспэктыве будзе больш складана?

Напярэдадні міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, аргумэнтуючы перад дэпатутатамі Палаты прадстаўнікоў неабходнасьць больш жорсткага кантролю за перамяшчэньнем беларусаў за межы краіны, скіроўваў праблему выключна ў сэксуальную плоскасьць.

(Навумаў: ) “Пра маштабы вывазу нашых грамадзянаў дзеля эксплюатацыі за межы краіны меркаваць складана. Аднак толькі ў 2003—2004 гадах за занятак прастытуцыяй затрымана больш за 1200 беларусак. А цягам 2000—2004 гадоў больш за 150 маладых жанчын, грамадзянак Беларусі, былі дэпартаваныя ў Беларусь з замежных краінаў”.

Ад сярэдзіны красавіка ўсе кантракты з замежнымі працадаўцамі мусяць атрымаць экспэртнае заключэньне Міністэрства ўнутраных справаў. Калі якіясьці прапановы пададуцца супрацоўнікам МУС падазронымі, яны будуць адкінутыя.

Перадусім, маладыя людзі, якія плянавалі будаваць сваё жыцьцё з пэрспэктывай навучаньня за мяжой ці стажыроўкі ў нейкім навуковым цэнтры, ад падобнай дзяржаўнай апекі не ў захапленьні. Выпускніца БДУ Ганна Падольская плянуе працягнуць навучаньне ў Нямеччыне. Каб зарабіць на адукацыю, працуе ў Бэрліне кур’ерам. Цяпер Ганна на некалькі тыдняў прыехала ў Менск, аднак засьцерагаецца, што на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту, які акрэсьлівае цэлы шэраг захадаў у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі, могуць узьнікнуць праблемы з ад’ездам у Нямеччыну. Між тым, карэктаваць свае пляны яна намеру ня мае.

(Падольская: ) “У фінансавым пляне такіх грошай я ў любым выпадку мець ня буду ў Беларусі. Таму ў Беларусь я пакуль не зьбіраюся. Чаму? Бо, пачынаючы ўжо зь лётнішча, убачыла ўсё гэтае маральнае і матэрыяльнае жабрацтва. Людзі, народ жабрацкі. Гэта насамрэч так”.

Бацькоў, дзеці якіх ад’ехалі ў розныя краіны па часовых кантрактах, таксама непакояць новыя правілы працаўладкаваньня за мяжой. Жыхарка Менску Лідзія Карпека цяпер хвалюецца: ці не закране дэкрэт сям’ю ейнай дачкі, якая стала жыве ў Аўстраліі, але грамадзянства гэтай краіны ня мае.

(Карпека: ) “Мяне сьцяг зусім не цікавіць. Якая б ні была краіна, няхай ёй няродная, але яна там жыве. Дзецям — аднаму 7 гадоў, другой 12. І цяпер яны на ангельскай мове гавораць, як на роднай…”

Кіраўнік цэнтру маніторынгу міграцыі Нацыянальнай Акадэміі навук Міхал Арцюхін кажа, што досыць цяжка прасачыць, дзе і якім чынам насамрэч працаўладкоўваюцца беларусы. А гэта значыць, што наўрад ці ўсе з ліку тых, хто ад’яжджае за мяжу, патрапяць у цэнтар увагі МУС.

(Арцюхін: ) “Шмат хто ад’яжджае па гасьцявой візе, па турыстычнай, па адукацыйнай, на стажыроўкі з навуковай мэтай. А далей ужо шлях чалавека невядомы. Не губляючы грамадзянства, ён кантрактнік, ён невяртанец, але — зноў жа, не губляючы грамадзянства. Таму міграцыйная статыстыка пакуль ня выявіла нават контураў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG