Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 красавіка нарадзіліся Адам Сміт, Гербэрт фон Караян, Колін Паўэл


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 5 красавіка

5 красавіка 1944 году ў акупаваным немцамі Менску зьбіраецца паседжаньне Беларускай Цэнтральнай Рады. Рада прымае пастанову пра ўтварэньне афіцэрскіх і падафіцэрскіх школаў Беларускай Краёвай Абароны дзеля падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў. Папярэднічала гэтай пастанове згода немцаў выдаць зброю беларускім нацыянальным фармаваньням. Перад тым такога дазволу калябаранты дамагаліся некалькі гадоў. Дзеля параўнаньня, у суседніх Літве і Ўкраіне немцы дазволілі ствараць нацыянальныя збройныя фармаваньні на год раней. Сярод гісторыкаў існуе думка, што калі б і ў Беларусі стварыць БКА дазволілі ў 1943-м, а не ў 1944-м, колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва магла б быць нашмат меншай.

5 красавіка 1996 году КГБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш “Убей президента”, зьмешчаны ў віцебскай газэце “Выбар”. Гэта быў першы ў Беларусі выпадак арышту паэта за ягоны твор з часоў сталінскага генацыду. 10 месяцаў свайго жыцьця Адамовіч мусіў правесьці за кратамі.

5 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет знакаміты ангельскі эканаміст Адам Сміт, аўстрыйскі дырыжор Гербэрт фон Караян, амэрыканскі пісьменьнік Артур Хэйлі і папярэдні дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл, якога паводле прэстыжу і ўплыву параўноўваюць з Нэльсанам Мандэлам. Нарадзіўся Паўэл у 1937 годзе.

5 красавіка 1923 году ў вёсцы Старыя Дзявяткавічы на Слонімшчыне ў сям’і сьвятара прыйшоў на сьвет Барыс Данілюк, які стане адным зь лідэраў беларускай дыяспары ў ЗША. Барыс Данілюк узначальваў беларускі студэнцкі рух, пасьля – беларускі хор у Нью-Ёрку, ён – выдавец газэт “Царкоўны Пасланец” і “Навіны з роднае Сьвятыні”, сакратар кансысторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ЗША.

5 красавіка – дзень народзінаў беларускага пісьменьніка і літаратуразнаўца Вячаслава Рагойшы. Родам ён з Ракава пад Менскам, напісаў шмат кніг пра беларускіх літаратараў ды іх сувязі з калегамі ў іншых краінах. Рагойша – аўтар “Паэтычнага слоўніка” – унікальнага для Беларусі даведніка ў паэзіі.
XS
SM
MD
LG