Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“БДГ”: плян вызначэньня адзінага кандыдата апынуўся пад пагрозай


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” аналізуе падрыхтоўку апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў. Выданьне зьвяртае ўвагу на складанасьці, зь якімі апазыцыя сутыкнулася ўжо зараз. Яны тычацца вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, які мусіць стаць на выбарах альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Паводле газэты, распрацаваны радай дэмакратычных сіл, так званай “дзесяткай”, плян вызначэньня адзінага кандыдата апынуўся пад пагрозай. Падзеі ў лягеры сацыял-дэмакратаў, зьвязаныя з расколам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і зьяўленьнем у іх асяродзьдзі былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна заблыталі сытуацыю з вызначэньнем адзінага кандыдата. Як зазначае “БДГ”, зараз акрэсьліліся два выразныя флянгі апазыцыі, якія валодаюць людзкімі й фінансавымі рэсурсамі. Ці знойдуць яны паразуменьне – пытаньне, ад якога, паводле газэты, залежаць вынікі будучых выбараў.

“Віцебскі кур’ер” у сьвежым нумары распавядае пра мясцовую падзею, якая мае дачыненьне да нядаўняй зьмены ўлады ў Кыргызстане. У той час як былы прэзідэнт гэтай краіны Аскар Акаеў падпісаў заяву пра сваю адстаўку, зь Віцебску ў Нямеччыну вылецеў транспартны самалёт ІЛ-76 кіргіскай авіякампаніі. Як паведамілі “Кур’еру” ў Віцебскім аэрапорце, самалёт выконваў камэрцыйны рэйс і прызямліўся ў Віцебску больш тыдня таму для дазапраўкі. Аднак “рэвалюцыя” ў гэтай краіне ўнесла карэктывы ў дзеяньні экіпажу. Лётчыкі вырашылі пераседзець “рэвалюцыйныя” дні ў Беларусі. І толькі пасьля таго, як палітычнае становішча ў Кыргызстане стабілізавалася, экіпаж вырашыў пакінуць Віцебск і прадоўжыць палёт у Нямеччыну.

Пра Віцебск можна будзе сёньня прачытаць і ў газэце “Камсамольская праўда ў Беларусі”. Як паведамляе гэтае выданьне, у Віцебскі цэнтар занятасьці кожны панядзелак прыходзіць шмат наведнікаў. А першыя беспрацоўныя займаюць сюды чаргу яшчэ ноччу. Навошта? Як тлумачыць “Камсамольская праўда”, тут зь нядаўняга часу для беспрацоўных вызначаны парадак прыёму да начальства паводле папярэдняга запісу. Новы парадак абмяжоўвае колькасьць наведнікаў Віцебскага цэнтру занятасьці. Гэтая ўстанова за тыдзень прымае ня больш як 104 чалавекі. Вось чаму беспрацоўныя, якія спадзяюцца атрымаць тут вакансіі, займаюць чаргу ноччу.

“Брэсцкая газэта” распавядае пра вясновыя праблемы дарожнікаў Берасьця. Да 1 траўня гарадзкія ўлады абавязалі іх адрамантаваць асноўныя вуліцы гэтага абласнога цэнтру. Каб своечасова выканаць гэты загад, берасьцейскія рабочыя мусяць працаваць і ўдзень, і ўночы. Але дарожнікаў, як вынікае з публікацыі, турбуе ня толькі тэрмін і аб’ём працы. На рамонт ім патрабуецца каля 300 мільёнаў рублёў, аднак Берасьцейскі гарвыканкам гэтыя грошы ім яшчэ ня выдзеліў.
XS
SM
MD
LG