Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата ўжо дзявяты год працуе без закону аб парлямэнце


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўжо дзявяты год працуе, так і не прыняўшы закон аб вышэйшым заканадаўчым органе краіны, які б рэглямэнтаваў дзейнасьць дэпутатаў і апарату. Такім чынам, Палата прэтэндуе на тое, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Сапраўды, мабыць, цяжка знайсьці яшчэ адну краіну, дзе парлямэнт прыняў бы законы аб выканаўчай і судовай уладзе, і ня меў заканадаўчага акту аб уласнай дзейнасьці. Як жа такое магло атрымацца?

Каб разабрацца ва ўсім, трэба вярнуцца ў 1996 год. Тады ў лістападзе беларускія ўлады правялі рэфэрэндум, пасьля якога тагачасны парлямэнт – Вярхоўны савет 13-га скліканьня – быў ліквідаваны. Разам зь ім зышоў у нябыт і Закон аб парлямэнце. Новы парлямэнт, які пачаў складацца з дзьвюх палат, у адрозьненьне ад Вярхоўнага Савета, закону аб уласнай дзейнасьці да гэтага часу сапраўды ня мае.

Чаму так адбываецца? На гэтае пытаньне ўсе палітыкі, зь якімі я размаўляў апошнім часам, адказваюць аднолькава – можна сказаць, пытаньнем на пытаньне: “А навошта кішэннай установе законы? Як ёй загадаюць з Адміністрацыі прэзыдэнта, так там і будуць рабіць”.

Праўда, я памятаю, у студзені 2000 году, гэта значыць, аж праз тры з гакам гады працы Палаты законапраект “Аб Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь” разгледзелі ў першым чытаньні. Зьбіраліся вясною прыняць у другім і апошнім чытаньні, але да гэтага справа так і не дайшла. Тады ўлады праводзілі так званы грамадзка-палітычны дыялёг і вымушаныя былі манэўраваць. Таму дакумэнт для разгляду адклалі. З дыялёгу нічога не атрымалася, палітычная апазыцыя ў бальшыні сваёй выбары 2000 году ў Палату праігнаравала.

А пра тое, што было з законапраектам у Палаце другога скліканьня, распавядае дэпутат Анатоль Красуцкі, які ёсьць адным з распрацоўшчыкаў Закону аб Нацыянальным сходзе:

(Красуцкі: ) “Тут вакол закона, а дакладней, вакол паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу, пачалася палітычная цягамоціна. Некаторымі мінулымі дэпутатамі былі прапанаваныя асобныя папраўкі, якія не адпавядалі Канстытуцыі нашай краіны і якія не былі ўзгодненыя. Гэтая цягамоціна цягнулася амаль чатыры гады. Сёньня няма тых дэпутатаў, а гэта значыць, і іх неабгрунтаваных паправак. А значыць, няма перашкодаў і для прыняцьця гэтага такога неабходнага закона. І атрымліваецца парадокс – мы ўзялі дзьве галіны ўлады – выканаўчую і судовую. І толькі мы, хто распрацоўваем і прымаем законы, трэцяя галіна, парлямэнт, ужо восьмы год ня маем закона”.

Анатоль Красуцкі кажа, што прыняцьцю гэтага закону перашкаджалі “мінулыя дэпутаты”. Гаворка ідзе пра дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая існавала ў Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня. Менавіта гэтая група не аднойчы ўздымала пытаньне пра прыняцьцё закону аб Нацыянальным сходзе, пра тое, каб парлямэнт меў хаця б мінімальныя паўнамоцтвы. І вось як узгадвае тыя часы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Нічога неверагоднага. Мы дамагаліся толькі пашырыць функцыі і паўнамоцтвы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб было лягчэй вырашаць пытаньні нашых выбаршчыкаў. Таксама каб дэпутаты мелі рэальныя паўнамоцтвы ў такіх пытаньнях, прыкладам, як унесьці пытаньне ці заканапраект у Авальную залу. Мы ж больш за год не маглі ўнесьці папраўкі ды зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс. Шмат было пытаньняў, дзе мы, як дэпутаты, не маглі рэалізаваць свае паўнамоцтвы. Але я ня ведаю, навошта цяпер узьнікла гэтае пытаньне. Там жа 100% парлямэнт, які быў назначаны, а ня выбраны”.

Што самае галоўнае, што перашкаджала восем год прыняць адпаведны закон? Я думаю, што ўсё ўпіралася ў паўнамоцтвы і функцыі парлямэнту. Тут самы раз узгадаць, што пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў было адной з чатырох асноўных умоваў для прызнаньня міжнароднай супольнасьцю Палаты прадстаўнікоў як паўнавартастнага парлямэнту. Дэпутаты да гэтага часу, сьмешна сказаць, ня маюць ніякіх кантрольных функцыяў, якія ёсьць звычайнымі для паўнавартаснага парлямэнту. Пра што казаць, калі так званы парлямэнт ня мае нават уласнай бугальтэрыі, а ўсе разьлікі ідуць праз бугальтэрыю Адміністрацыі прэзыдэнта!

Дый дэпутаты многія за гэты час зьмяніліся, і баюся, калі ў іх запытацца, дык вельмі праблематычна, што яны нешта ведаюць пра свае функцыі і магчымасьці. Я нават чуў, што пройдзе нейкае паседжаньне ў закрытым рэжыме, дзе дэпутатам патлумачаць, што ім можна, а чаго нельга. Пачакаем...
XS
SM
MD
LG