Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд скаргі ТБМ у Вярхоўным судзе будзе весьціся па-беларуску


Алег Грузьдзіловіч, Менск 5 красавіка ў Вярхоўным судзе пачнецца разгляд скаргі Таварыства беларускай мовы на рашэньне, якое было прынятае міністэрствам юстыцыі. Мін’юст вынес ТБМ папярэджаньне, якое можа стаць падставай для закрыцьця арганізацыі. Аднак старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што ёсьць шанцы дамагчыся адмены папярэджаньня.

Скаргу Таварыства беларускай мовы да мін’юсту будзе разглядаць судзьдзя Галіна Жукоўская. У судзе адмовіліся камэнтаваць канфлікт паміж ТБМ і мін’юстам да разгляду справы.

Пра сутнасьць канфлікту мне распавёў старшыня ТБМ, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Сытуацыя такая: мы разам зь іншымі арганізацыямі і партыямі атрымалі папярэджаньне за тое, што частка нашых структураў стаіць на ўліку на прыватных кватэрах. І мы першыя падалі ў суд. Мы хочам даказаць, што папярэджаньне нам далі незаконна. Таму што рэгістравалі гэтыя структуры на кватэрах у адпаведнасьці зь лістом міністэрства юстыцыі, якое дазваляла гэта рабіць. А потым яны раптам свой ліст адклікалі. Такім чынам, нас цяпер прымушаюць закрыць тыя арганізацыі, якія мы адкрылі на прыватных кватэрах. Мы лічым, што парушаецца 104 артыкул Канстытуцыі, які забараняе надаваць законам адваротны накірунак”.

Варта зазначыць, што ТБМ мае пэўны досьвед змаганьня ў судох з дзяржаўнымі ўстановамі. І хаця на рахунку ТБМ пакуль няма выйграных працэсаў, але ёсьць чым і ганарыцца. Прыкладам, летась мін’юст абвяшчаў ТБМ папярэджаньне за ўсталяваньне крыжа ў Лідзкім раёне. Нагадаю, гэты крыж мясцовыя актывісты ТБМ усталявалі ў гонар перамогі лідзкай шляхты над расейскім войскам, якая адбылася ў 17-м стагодзьдзі. Праз чатырыста гадоў беларускі мін’юст распачаў з ТБМ юрыдычную бітву за зьнішчэньне памятнай адзнакі. Таварыства беларуская мовы паспрабавала абскардзіць тое папярэджваньне, але суд выйгралі чыноўнікі. І ўсё ж розгалас ад справы аказаўся такі вялікі, што мін’юст сам адмяніў сваё папярэджаньне.

Можна яшчэ згадаць спробу выселіць ТБМ з офісу на вуліцы Румянцава. Гэтая спроба аказалася няўдалай, што дэманструе немалы аўтарытэт арганізацыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў.

Як назапашваецца гэты аўтарытэт ? Крок за крокам арганізацыя аднаўляе, здавалася, страчаныя пазыцыі ва ўжываньні беларускай мовы. Згадаю відавочныя перамогі ТБМ апошняга часу: беларускамоўныя абвесткі ў мэтро, новыя ўзоры беларускіх паштовак, нарэшце, паболела тых замежных фірмаў, якія менавіта беларускую мову абралі за галоўную для сваёй рэклямнай кампаніі.

Аднак гэтыя перамогі пакуль не зьмянілі агульнай тэндэнцыі, што назіраецца ў сучаснай Беларусі. Актывісты ТБМ кажуць пра дзяржаўную палітыку дыскрымінацыі беларускай мовы і лічаць, што папярэджаньне на адрас ТБМ зробленае ў гэтым рэчышчы. “Мы грунтоўна падрыхтаваліся да працэсу ў Вярхоўным судзе, бо параза ў ім можа адкрыць шлях да закрыцьця арганізацыі “, кажа Алег Трусаў.

Працэс, дарэчы, будзе весьціся па-беларуску. Паводле Алега Трусава, судзьдзя Галіна Жукоўская добра валодае беларускай мовай.

(Трусаў: ) “Яна размаўляе па-беларуску цудоўна. У нашай прысутнасьці яна нават па тэлефоне па-беларуску адказвала”.
XS
SM
MD
LG