Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра жыцьцё ў інтэрнаце, конкурс “Рабі сябе сам”, пра кампутарную бясьпеку


Ягор Маёрчык, Вольга Канапелька, Менск (moladz@tut.by) (эфір 3 красавіка) Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Карэспандэнт: ) “За месяц Міністэрства адукацыя так і не зрэагавала на патрабаваньне студэнтаў Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу палепшыць побытавыя ўмовы. Затое навучэцаў, якія зьбіралі подпісы пад зваротам, абвінавацілі ў абразе навучальнай установы.

Рэдакцыя часопісу “Студэнцкая думка” распачала конкурс “Рабі сябе сам”. Зарэгістравана болей як сотня сцэнароў крэатыўнага вырашэньня штодзённых праблемаў.

Апытанка “Маладых галасоў”: тавары чыёй вытворчасьці набывае беларуская моладзь: айчынныя альбо замежныя?

У гаворках пра высокія тэхналёгіі сыстэмны адміністратар дзеліцца парадамі, як працу на кампутары зрабіць бясьпечнай”.

Гаворкі пра экстрэмальнае жыцьцё ў інтэрнатах

(Карэспандэнтка: ) “Ягор, якія ў цябе ўзьнікаюць асацыцыі, калі чуеш словазлучэньне “жыцьцё ў інтэрнаце?”

(Карэспандэнт: ) “Адразу згадваюцца сяброўскія кампанія, піва, патэльня смажанай бульбы на пяцёх чалавек, а таксама песьні, танцы і гэтак далей. Словам, рамантыка студэнцкага жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Ага, усё з табой зразумела. Ты папросту ніколі ў інтэрнтатах ня жыў, а толькі прыходзіў у госьці”.

(Карэспандэнт: ) “Прызнаюся, што менавіта так. А ў цябе якія ўражаньні ад інтэрнатаў?”

(Карэспандэнтка: ) “Самыя жахлівыя. Заходзіш на кухню і бачыш стол, які рухаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Ён на колах?”

(Карэспандэнтка: ) “Не на колах! Па ім прусакі поўзаюць. Гледзячы па ўсім, ты і ня ведаеш, што для сталых насельнікаў дні і ночы ў інтэрнатах часам пераўтвараюцца ў экстрэмальнае існаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Пра гэта я магу меркаваць паводле сытуацыі, што склалася ў Менскім дзяржаўным тэхналягічным каледжы. Дзьве з паловай сотні навучэнцаў сабралі подпісы над патрабаваньнем палепшыць побытавыя ўмовы. Гэта было месяц таму. Тады тэмпэратура ў пакоях не падымалася вышэй за 15 стопняў цяпла, у душ можна было патрапіць раз на тыдзень, а прыгатаваць ежу — толькі калі адстаіш чаргу да электрапліты. Я крыху дадам перадгісторыі. Дырэктар Тэхналягічнага каледжу Аляксандар Гайдук заявіў, што выконваць патрабаваньняў студэнтаў ён ня будзе. Гэта прывядзе да пераспажываньня нормаў электрычнасьці і цяпла, якія ўставялава Міністэрства адукацыі. А невыкананьня паказьнікаў пагражае яму штрафам і нават крымінальнай адказнасью. А студэнты, у сваю чаргу, накіравалі ліст у Міністэрства адукацыі. Паводле закону, ім мусілі адказаць цягам месяца. Пра тое, што рабілася ў каледжы гэтыя трыццаць дзён, я распытаў адну з ініцыятарак кампаніі пратэсту”.

(Карэспандэнт: ) “За гэты месяц Міністэрства адукацыі павінна было даць адказ на запыт палепшыць побытавыя ўмовы ў інтэрнаце — ці атрымалі вы такі адказ і шо ў ім гаворыцца?”

(Дзяўчына: ) “Такога адказу яшчэ не атрымалі, але ж наш ліст нарабіў шмат шуму ў самім каледжы. Гаворка пайшла адразу. Людзі хадзілі, шапталі-шушукаліся, ніхто даклдана нікому нічога не казаў, але ж усе пра ўсё ведалі. Быў пэдсавет пра нашую сытуацыю. Распавялі, што вось мы такія нехарошыя, так адразу пайшлі па галавах: “Не зьвярнуліся ані да дырэктара, ані да выхавацеля. Нікога не запыталіся дазволу, ні з кім не параіліся. Калі б зьвярнуліся да дырэктара, дык ён бы чым-небудзь вам дапамог. А тое, што мы зьвярталіся ў тым годзе, ніхто гэтага не ўспрыняў. Зрабілі нас такімі, што быццам бы мы самі выбух падрыхтавалі”.

(Карэспандэнт: ) “З вамі або з вашымі паплечнікамі па напісаньні ліста нехта гутарыў?”

(Дзяўчына: ) “Гутарылі выхавацелькі. Проста выхавацелька нас абараняла — справа ў тым, што пачаліся наезды на саму выхавацельку, быццам бы яна магла папярэдзіць гэтую сытуацыю, магла не дапусьціць такога крытычнага стану. З адным чалавекам гутарыла куратарша, казала: “Ты ж ведаеш, за цябе дырэктар можа атрымаць нейкую вымову, могуць інтэрнат зачыніць...”, і ўсё такое”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш ліст нарабіў столькі шуму, а што непасрэдна да сытуацыі ў інтэрнаце, ці зьмяняецца яна?”

(Дзяўчына: ) “Сытуацыя ў інтэрнаце крыху зьмяняецца. Па-першае, апошнія дні батарэі нашмат пацяплелі, і гэта нягледзячы на тое, што блізіцца вясна. Па-другое, нейкія праверкі ходзяць, нейкія санстанцыі, нешта паглядаюць. Само кіраўніцтва інтэрнату пачынае да ўсяго “дакалупвацца”. То бок, ходзіць па падазроных пакоях і ўчыняюць такія канфлікты неверагодныя, літаральна празь дзень такое адбываецца. Па-трэцяе, душ, які працаваў раз на тыдзень, працаваў 12 гадзінаў, цяпер працуе тры разы на тыдзень па чатыры гадзіны ўвечары. Невядома, што лепш. Чэргі ўсё роўна вялікія, ну, але ўсё роўна, працуе ён цяпер ня раз на тыдзень.

І яшчэ выхавацелька пераконвае, што хутка пачне працаваць яшчэ па адной пліце. Так атрымліваецца, на паверх працавалі дзьве пліты, а будуць працаваць чатыры. Вось такая сытуацыя. Нашы майстэрні, у якіх мы займаемся, цырульнікі і канструктары, яны проста ў жахлівым былі стане, там паўсюль плесьня, немагчыма працаваць было, вельмі халодна і жудасна, і іх таксама заўважылі, хаця да гэтага не прыходзіла санэпідэмстанцыя і яны нічога ня бачылі. Цяпер іх адчынілі. Дзе мы будзем працаваць, пакуль што дакладна невядома”.

(Карэспандэнт: ) “Тая сытуацыя, якая цяпер склалася ў каледжы, яна вартая тых вымогаў? Тых затрачаных сілаў, тых нэрваў?”

(Дзяўчына: ) “Патрэбных мэтаў дасягнулі. Таму што наконт засяленьня ў інтэрнаце цяпер будуць наагул строгія меры. Была пастанова, што ў наступным годзе будуць засяляць у першую чаргу першы курс, пасьля бюджэтнікаў, і толькі самых-самых. Я думаю, што мы будзем “самыя-самыя”. Але ж тое, што пачало нешта адбывацца, тое, што проста заварушыліся, і тое, што пайшла нейкая рэакцыя ад дырэктара, тое, што ён у прынцыпе пачаў нешта думаць, нешта глядзець, думаю, што яны будуць гэта прыгадваць. Што пакуль кіраўніцтва маўчыць — гэта пасьля адгукнецца, нешта пасьля будзе, я думаю, што тут перад бурай такі зацішак”.

Гаворкі пра конкурс “Рабі сябе сам”

(Карэспандэнтка: ) “Рэдакцыя часопісу “Студэнцкая думка” абвесьціла конкурс “Рабі сябе сам-2”. Удзельнікі павінны прэзэнтаваць сцэнар вырашэньня штодзённай праблемы. А арганізатары спаборніцтва забавязаліся дапамагчы маладым крэатыўнікам рэалізаваць найлепшыя пляны. Пераможцам гэта прынясе задавальненьне амбіцыяў і карысныя знаёмствы ў асяродку прадусараў, рэклямнікаў і журналістаў”.

(Карэспандэнт: ) “Спаборніцтва “Рабі сябе сам” часопіс ладзіць ужо другі раз. Пра адметнасьці кампаніі сёлетняй, а таксама пра творчы лёс леташніх пераможцаў — рэдактар “Студэнцкай думкі” Сяргей Сахараў”.

(Сахараў: ) “Асноўная мэта праекту “Рабі. Сябе. Сам. Экшн”, гэта зрабіць так званыя дзьвіжухі, нешта накшталт пэрформансу, акцыяў, флэш-мобаў і г.д., якія б проста дазволілі самой моладзі рэалізаваць свае проста вар’яцкія, ідыятычныя часам, але вельмі сьмешныя, прыкольныя дзеі, з аднаго боку, а з другога, каб гэтыя дзеі сваім пазытывам былі скіраваныя на само грамадзтва. Ці здольныя тыя, разумныя, крэатыўныя, прыгожыя зрабіць добрае тым людзям, што вакол цябе стаяць? Бо, па вялікім рахунку, гэта вялікая праблема беларусаў заўжды была, калі пераключыцца зь сябе — такога эгацэнтрыка, звычайна — на іншых людзей, проста пашырыць гэтае кола пазытыву на іншых.

Па вялікім рахунку, гэта і ёсьць асноўнай мэтай гэтай кампаніі. Рабі прыемнае сабе, станавіся зоркай, але пры гэтым станавіся зоркай, робячы карысьць людзям, якія знаходзяцца вакол цябе. Людзі пішуць сцэнары. Сцэнары акцыяў. Што за акцыі? Кожны дзень чакаюць нейкія праблемы кожнага. Мы прапануем: пад такія праблемы прыдумайце акцыі. Ты прыдумваеш акцыю. Я б сказаў, гэта акцыя, скіраваная на пазытыўнае вырашэньне гэтай праблемы. Прычым, кіруючы не з нэгатыўнага боку, а з пазытыўнага. Паводле нашага меркаваньня, толькі пазытывам можна пераўзысьці той нэгатыў, які вакол цябе. Тут усё. Акцыя, лічы, у цябе гатовая: ты можаш рэгістравацца ў нас на сайце. Журы адбірае некалькі найлепшых, пасьля мы зьвязваемся з гэтымі ўдзельнікамі, прапануем гэтую акцыю рэалізаваць, і ў дзень рэалізацыі акцыі мы едзем проста туды, а журы, фата-, відэакамэры, журналісты апісваем пасьля гэтую акцыю, і людзі пасьля галасуюць за яе. Вось яна прайшла, наколькі людзям яна спадабалася? Пасьля пераможцы гэтай галасавалкі атрымліваюць шанец праславіцца, дзякуючы нашым суарганізатарам”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ўжо зарэгістравана заявак?”

(Сахараў: ) “Усяго было зарэгістравана больш за сто камандаў. Паводле нашых ацэнак, гэта проста супэрвынік. Па шчырасьці, мы проста такога не чакалі. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што маладыя людзі, у якіх у галовах нешта ёсьць, прынамсі, у якіх ёсьць жаданьне нешта зьмяніць вакол сябе, яны ёсьць. Пазытыў, які мае пад сабой канкрэтны брыф, канкрэтны плян, канкрэтныя патрабаваньні, і ён выдаецца звычайна вельмі цяжка. Тым больш беларусы, у якіх заўжды былі праблемы зь ёдам, гэта цяжэй удвая. А тут гэтыя людзі нешта прыдумалі, і таму мы пастараемся зрабіць так, каб кожны адчуў, што ягоная ідэя не пайшла як вада ў пясок”.

(Карэспандэнт: ) “Праект скончыўся вызначэньнем пераможцаў. Вы, як арганізатар, адсочвалі далейшы лёс тых камандаў? Яны і цяпер зьбіраюцца і нешта прыдумляюць?”

(Сахараў: ) “Я ведаю, што з шасьці камандаў, якія бралі ўдзел, чатыры дагэтуль зьбіраюцца, дагэтуль нешта разам ладзяць, робяць, тусуюцца, прынамсі, разам. І гэта для нас таксама вынік. Палова, гэта я таксама ведаю, знайшлі сябе ў бізнэсе, у справах, зьвязаных менавіта з крэатывам. І, як ні сьмешна гучыць, для нас гэта таксама было адкрыцьцём, што яны знайшлі сябе ў гэтым бізнэсе пасьля таго, як узялі ўдзел у кампаніі. Некалькі чалавек працуюць цяпер у рэклямных агенцыях. Вось дзяўчына — вельмі сьмешная сытуацыя атрымалася, калі толькі пасьля ўдзелу ў кампаніі ейны бацька сам запрасіў яе да сябе на фірму, каб яна займалася рэклямай у гэтай фірме. І яна пасьпяхова гэта робіць, прычым выкарыстоўваючы кантакты, якія ёй дала кампанія”.

Апытанка маладых галасоў

(Карэспандэнт: ) “Вось гляджу я на цябе, Вольга, і заўважаю: гадзіньнік на руцэ — імпартны, мабільны тэлефон — таксама. Ты наагул, набываеш нешта беларускай вытворчасьці?”

(Карэспандэнтка: ) “Я ў сваё апраўданьне заўважу, што мабільных тэлефонаў уласна беларускай вытворчасьці не бывае. А што тычыцца астатняга, я, натуральна, патрыётка. Аднак зыходжу з прынцыпу, што кошт тавару павінен адпавядаць якасьці. А нашыя — нятанныя і сярэдняй якасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а як жа заваёва ўсясьветных рынкаў? І заклік “Набывайце беларускае”?”

(Карэспандэнтка: ) “Рынак трэбна штурмаваць ня нейкімі там дублікатамі ўжо вядомых мадэляў, а ўласнымі арыгінальнымі распрацоўкамі, альбо перадавымі тэхналёгіямі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, ты зьдзівісься, калі я скажу, што твае развагі перагукаюцца з высновамі Міністэрства сувязі. Чыноўнікі падлічылі, што вытворчасьць у Беларусі мабільнікаў сябе не акупіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтую гісторыю памятае шмат хто. У мінулым жніўні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сотавыя тэлефоны павінны вырабляцца ў Беларусі. Для гэтага ён параіў толькі перапрафіляваць некаторыя прадпрыемствы. А цяпер выглядае, што беларусі мабільнік памёр, так і не пасьпеўшы нарадзіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Эпапэя зь беларускім мабільнікам падказала нам тэму для экспрэс-апытаньня. Арына Аляхновіч цікавілася ў моладзі, тавары чыёй вытворчасьці набывае беларуская моладзь? І што адыгрывае ролю пры выбары вытворцы?”

(Аляхновіч: ) “Што ты выбярэш: сваё альбо замежнае?”

(Дзяўчына: ) “Выберу добрае замежнае, таму што няма гарантыяў таго, што нашае беларускае будзе мець адпаведную якасьць, і ня факт, што яно не зламаецца праз тры тыдні. Усё ж наша бацькаўшчына хутчэй спэцыялізуецца на калійных солях альбо нейкіх угнаеньнях, таму няма даверу да тэхнікі ці да нейкіх там прыладаў”.

(Хлопец: ) “Вядома, хачу купіць сваё беларускае, але куплю замежнае, таму што ўзровень замежнага нашмат вышэйшы, чым нашага беларускага. Нашыя прадпрыемствы не выпускаюць добрай тэхнікі, якая магла б рэальна канкураваць на рынку. Трэба нейкія сумесныя прадпрыемствы рабіць з замежнымі фірмамі. Трэба выпускаць добрую тэхніку”.

(Дзяўчына: ) “Я, вядома, выберу беларускую, таму што я адданая патрыётка. Якасьць тэхнікі — можа, яна нечым менш добрая. Але я лічу, што якасьць падводзіць, але не заўсёды”.

(Хлопец: ) “Ну, мабыць, айчынную. Неяк я так выхаваны, што я больш аддаю перавагу айчыннай тэхніцы. Мне здаецца, яна больш якасная, бо тэхніка, якая прывозіцца з-за мяжы, — вельмі часта можна купіць падробку”.

(Дзяўчына: ) “Я выберу тое, што будзе лепш: ці беларускае, ці замежнае”.

(Аляхновіч: ) “А як ты думаеш: што варта выпускаць у Беларусі ў пляне тэхнікі?”

(Дзяўчына: ) “Трэба выпускаць мабільныя тэлефоны, таму што гэта вельмі важна для сучаснага чалавека”.

(Аляхновіч: ) “Што наконт якасьці тых жа мабільных тэлефонаў, ці будуць яны адпавядаць міжнародным стандартам?”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, калі мы будзем вельмі шмат працаваць, у хуткім часе ў нас зьявіцца магчымасьць рабіць добрую тэхніку”.

(Аляхновіч: ) “Калі ў цябе паўстане выбар тэхнікі — што купіш: сваю беларускую альбо замежную?”

(Хлопец: ) “Добрую замежную. Таму што беларуская тэхніка вельмі няякасная. Яе штампуюць на заводзе не вядома для каго. Здаецца, для свайго народу, але з такой якасьцю, што нават сабакам не пажадаеш”.

(Дзяўчына: ) “Я выберу, напэўна, замежную. Я неяк не давяраю айчыннай тэхніцы, неяк яна ня вельмі добра сябе зарэкамэндавала пакуль што. Мне здаецца, увогуле нам трэба разьвівацца, таму што нічога добрага ў нас яшчэ няма”.

(Аляхновіч: ) “Колькі трэба гадоў, каб нашая тэхніка выйшла на міжнародныя стандарты?”

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю, я не Настрадамус, вядома, але, я спадзяюся, ня вельмі шмат. Можа, за дзесяць гадоў хаця б”.

Гаворкі пра бясьпеку кампутараў

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што ў цябе досыць незвычайнае для дзяўчыны захапленьне — у вольны ад працы час ты ствараеш інтэрнэт-старонкі. Скажы, ты нейкім адмысловым чынам клапоцісься пра бясьпеку сваіх сайтаў?”

(Карэспандэнтка: ) “Па праўдзе, я не зусім клапачуся пра бясьпеку, бо лічу, што гэта — справа хостэра. Недарэмна ж я яму грошы плачу. Дый навошта ламаць мае сайты? Каму гэта патрэбна? З гэтага нельга атрымаць карысьці для сябе. Ну, апроч таго выпадку, калі нехта хоча адчуць нейкую вычварэнскую асабоду”.

(Карэспандэнт: ) “Ай-ай-ай! Якія легкадумныя спадзяваньні. А табе вядома, што беларускія гакеры ўваходзяць у пяцёркі самых моцных у сьвеце? Сёньня яны спрабуюць пранікнуць у кампутарную сетку якога банку, а заўтра ім прыкладам, не спадабаецца сайт Менскага заапарку. І што ты тады будзеш рабіць?”

(Карэспандэнтка: ) “А нічога асаблівага я рабіць і ня буду. Ствару сайт наноў і зьмяню паролі”.

(Карэспандэнт: ) “Для тых, хто робіць першыя крокі ў знаёмстве з кампутарам і віртуальнай рэальнасьцю, а таксама для спрактыкаваных карыстальнікаў, якія забыліся, у якім небясьпечным сьвеце яны жывуць, нашая міні-лекцыя пра кампутарную бясьпеку. У ролі асьветніка — сыстэмны адмістратар Андрусь Бандаровіч”.

(Бандаровіч: ) “Ёсьць праблемы, якая варта вылучыць. Па-першае, гэта вірусы, якія пранікаюць на вашыя кампутары і нейкую інфармацыю нейкім чынам выдаляюць адтуль. Другая праблема, гэта гакерскія атакі, якія ажыцьцяўляюцца ў тым выпадку, калі ваш кампутар падлучаны да сеткі. І трэцяя праблема — гэта непажаданы кантэнт, які трапляе да вас празь нейкія вэб-старонкі. І рэкляма непажаданая выскоквае. Каб абараніцца ад гэтых напасьцяў, існуюць розныя спосабы. Так, на жаль, не існуе пакуль такога софту, які б абараніў ад усяго адразу, каб можна было проста яго паставіць і забыцца на ўсё астатняе”.

(Карэспандэнт: ) “А што з антывірусаў можна лічыць лепшым, што найлепш падыходзіць да беларускай інфармацыйнай прасторы?”

(Бандаровіч: ) “Трэба адразу сказаць пра ролю антывірусаў увогуле. Па-першае, антывірус павінен рабіць маніторынг існай актыўнасьці на кампутары ў рэальным часе, калі запускаецца праграма, якая ўтрымлівае вірус, ён павінен вам аб гэтым сказаць і заблякаваць такую актыўнасьць. Па-другое, ён павінен правяраць вашыя дыскі празь некаторы час, каб надзейна захаваць кампутар ад вірусаў, які вы можаце туды запусьціць. А таксама ён павінен сканаваць вашую пошту, таму што большасьць вірусаў трапляе менавіта такім чынам на кампутар. З антывірусаў сёньня прысутнічаюць вядомыя вам “Доктар Вэб”, “Каспэрскі антывірус”, “Сэмантэк антывірус”. Я, як адміністратар, найлепшым лічу “Атляс антывірус” чэскага паходжаньня, які ў прынцыпе, як і чэскае піва, зьяўляецца паказьнікам якасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А ўласна беларускія распрацоўкі антывірусаў ёсьць? Наколькі яны пасьпяховыя?”

(Бандаровіч: ) “Ёсьць беларускія антывірусныя распрацоўкі — “Вірус блякада”, ён выкарыстоўваецца шмат дзе ў карпарацыйных сетках, збольшага гэта сеткі дзяржаўныя. На мой погляд, гэта на жаль, ня самы лепшы антывірус, мала таго — сярэдняга ўзроўню”.

(Карэспандэнт: ) “Пойдзем далей, пра гакерскія атакі. Ці часта беларускія карыстальнікі кампутару і сеціва зь імі сутыкаюцца, чым гэта пагражае?”

(Бандаровіч: ) “Гакерскія атакі скіраваныя на тое, каб зрабіць нешта дрэннае за вашым кампутарам, а менавіта пранікнуць і выкрасьці нейкую інфармацыю. Звычайна яны ажыцьцяўляюцца праз пэўныя дзіркі ў апэрыцыйных сыстэмах альбо нейкіх праграмах. Усім вядома, што не бывае софту бязь нейкіх дзірак, гэта ўжо аксіёма ў сёньняшні дзень. Гэтыя памылкі вядомыя ўсім гакерскім тусоўкам і да таго моманту, пакуль вы не ўсталявалі нейкіх заплатак, якія выпускаюцца вытворцам праграмнага забесьпячэньня, ваш кампутар можа быць атакаваны, і атака можа быць скіравана на гэтыя памылкі. Такім чынам, для забесьпячэньня захаванасьці вашага кампутара, вам патрэбны такі софт, які зможа папярэдзіць вас аб тым, што ёсьць такая атака і, па магчымасьці, неяк супрацьстаяць гэтаму. Софт гэтага кшталту называецца “Фаервол”, альбо “Брандмаўэр”. Ён скіраваны на тое, каб рабіць маніторынг усіх партоў сыстэмы, і ў выпадку нейкага падключэньня нейкай праграмы, ён павінен аб гэтым вам паведаміць. І калі ён распазнае ў гэтым атаку, тады блякуе гэтыя парты. Уберагчыся звычайнаму карыстальніку можна толькі такім чынам: паставіць сабе “Фаервол” і ставіць своечасова заплаткі на сыстэму, якія будуць зачыняць дзюры. Нашыя гакеры, яны, у прынцыпе, так нядрэнна працуюць, але ж і вытворцы забесьпячэньня супрацьдзеяньня такім атакам не зусім дурні, і таму сёньняшні “Фаервол”, ён дастаткова добра супрацьстаіць такім атакам”.

(Карэспандэнт: ) “І распавядзіце пра небясьпечны кантэнт і пра небясьпечнае начыньне розных сайтаў”.

(Бандаровіч: ) “Хацеў бы вельмі зьвярнуць на гэта ўвагу, таму што апошні час такога кантэнту ўсё больш і больш, і проста сьмешна становіцца, калі заходзіш у нейкую установу і там нейкія жанчыны, якія толькі-толькі пачалі працаваць з інтэрнэтам, спрабуюць табе растлумачыць, якім чынам адрасы некаторых парнасайтаў аўтаматычна зрабіліся іх хатнімі старонкамі. І калі ўводзіш адрас браўзэра, цябе ўсё адно аўтаматычна пераводзіць на парнасайты. Ім, вядома, сорамна пра гэта казаць часа. Аднак дапамагаць даводзіцца.

Некалькі парадаў, як гэтага пазьбегнуць: па-першае, трэба паставіць вельмі высокі ўзровень бясьпекі для інтэрнэт-сайтаў. Акрамя гэтага, варта ўважліва стаіцца да таго, што вы загружаеце, акрамя таго, карыстацца браўзэрамі, які маюць убудаваныя функцыі блякаваньня такіх рэчаў. Але, калі з вамі такая бяда здарылася, калі вы нешта такое непажаданае падхапілі, ёсьць праграмы, якія дазваляюць выдаліць такія зьвесткі з вашай сыстэмы, усё тады стане таксама добра. І гэты софт таксама трэба аднаўляць, паставіць і аднаўляць базу зьвестак своечасова, каб калі што — можна было выдаліць непажаданы кантэнт. Такім чынам, вам дастаткова паставіць антывірус, фаервол і нейкую праграму для выдаленьня spyware так званага, тады вы будзеце дастаткова абароненыя і на 99% упэўненыя ў тым, што вы абароненыя. Стоадсоткавай гарантыі ніхто ня дасьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарства, калі будзіце наладдоўваць брандмаўэр, калі ласка, не памыліцеся і не залічыце старонку Радыё Свабода www.svaboda.org да падазроных сайтаў. Мы абсалютна бясьпечныя і вельмі надзейныя”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, на згаданай старонцы можна знаёміцца з тэкставай вэрсіяй праграмы “Маладыя галасы”.

(Карэспандэнтка: ) “Наш час у эфіры заканчваецца. Гэты выпуск праграмы “Маладыя галасы” правялі Ягор Маёрчык і Вольга Канапелька”.

(Карэспандэнт: ) “Да новых сустрэчаў на хвалях “Свабоды”!”
XS
SM
MD
LG