Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс чакае Аскара Акаева пасьля афіцыйнай адстаўкі?


Ганна Соусь, Прага Адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў сёньня пайшоў у адстаўку. Гэты крок павінен пакласьці канец юрыдычнай няпэўнасьці пасьля прыходу да ўлады апазыцыі 24 сакавіка. Але ці сапраўды афіцыйная адстаўка Акаева стане вырашэньнем праблемы, чаго дамагаліся новыя кіргіскія лідэры?

У панядзелак прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў падпісаў заяву аб адстаўцы.

(Акаеў: ) “У першым пункце гаворыцца пра тое, што прэзыдэнт Кіргіскай рэспублікі заяўляе аб датэрміновым складаньні паўнамоцтваў прэзыдэнта ў адпаведнасьці з уласнай заявай”.

У нядзелю кіргіская парлямэнцкая камісія ў прыехала ў Маскву і дамовілася з Аскарам Акаевым аб адстаўцы. Узначальваў камісію сьпікер парлямэнту Амурбэк Тэкебаеў. Адзін зь сяброў камісіі Тэмір Сарыеў лічыць, што адстаўка Акаева пакладзе канец канстытуцыйнаму крызысу ў краіне.

(Сарыеў: ) “Гэтая заява была ўручаная сьпікеру парлямэнту Тэкебаеву, і на гэтым усё скончылася. Камісія па вяртаньні ў Бішкек, напэўна, абмяркуе пытаньне на паседжаньні сэсіі, прыме адстаўку Акаева і прызначыць дату выбараў прэзыдэнта Кіргізстану. На гэтым крызыс, які быў у нас у прававым полі, завяршаецца, і Кіргізстан будзе дзейнічаць у рамках Канстытуцыі з выкананьнем усіх міжнародных і іншых нормаў”.

Многія назіральнікі аднак мяркуюць, што адстаўка Акаева можа стаць толькі прэлюдыяй да новых праблемаў.

Сяргей Лужанін, прафэсар Маскоўскага інстытуту міжнародных стасункаў ня ўпэўнены, што Аскару Акаеву будзе гарантаваная поўная недатыкальнасьць. Падпісаныя ў Маскве дакумэнты Лужанін лічыць выключна палітычным і нават больш міжнародна-прававы крокам для прывядзеньня сытуацыі ў адпаведнасьць з рэаліямі. Паводле Сяргея Лужаніна, заява аб адстаўцы больш патрэбная новай ўладзе, каб легітымізаваць працэс і накіраваць падрыхтоўку новых прэзыдэнцкіх выбараў у прававое рэчышча. Сяргей Лужанін мяркуе, што падпісаныя пагадненьні гарантуюць бясьпеку Акаеву толькі на 40%, а 60% – пад пытаньнем.

Новыя кіргіскія лідэры ўжо заявілі аб намеры расьсьледаваць бізнэсовыя справы сям’і Акаева. І калі высьветліцца, што Акаеў парушыў закон, то былы прэзыдэнт ня будзе мець юрыдычнай недатыкальнасьці і можа быць пакараны. Але ж гарантамі пагадненьня, у тым ліку і аб недатыкальнасьці экс-прэзыдэнта, выступаюць Расея і Казахстан. Сяргей Лужанін лічыць, што Крэмль абароніць Акаева, і яму праўдападобна дадуць палітычны прытулак у Расеі. З гэтым ня згодны Алібэк Акунаў, прафэсар палітычнай навукі Кіргіскага нацыянальнага унівэрсытэту ў Бішкеку.

(Акунаў: ) “У адпаведнасьці з нашай Канстытуцыяй і нашымі законамі, якія бы не былі краіны звонку, няхай гэта будзе Казахстан ці Расея, яны ня могуць умешвацца ва ўнутраныя справы нашай краіны, і яны паводле закону ня могуць быць гарантам. У іх няма такіх прававых падставаў. І таму я думаю, што гэта палітычная заява, якая ня мае пад сабой прававой асновы”.

Цяпер, калі Акаеў пайшоў у адстаўку, экспэрты мяркуюць, што, праўдападобна, узрасьце канкурэнцыя сярод палітычных лідэраў краіны. Але далейшыя падзеі ў Кіргізстане залежаць ад таго, ці здолеюць новыя лідэры засяродзіцца на вырашэньні эканамічных і сацыяльных праблемаў, каб выканаць абяцаньні, дадзеныя кіргіскім людзям напярэдадні паўстаньня 24 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG