Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны вынік сустрэчы ў Сочы – абяцаньне не падвышаць цану на газ у 2006


Юры Дракахруст, Прага Бадай, галоўным вынікам сустрэчы ў Сочы стала абяцаньне Ўладзімера Пуціна, што ў наступным годзе “Газпрам” ня будзе падвышаць цэны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. У абмен Менск ня будзе падвышаць тарыф на транзыт газу праз сваю тэрыторыю. Але у любым выпадку аб’яўленае Пуціным рашэньне – важная саступка Масквы, якая каштуе сотні мільёнаў даляраў.

Некалькі тыдняў таму прадстаўнікі “Газпраму” катэгарычна заяўлялі, што ў 2006 годзе цана на газ для Беларусі, безумоўна, будзе падвышаная, яны тлумачылі, што цана будзе падвышаная і для расейскіх спажыўцоў, і цана газу, скажам, для Смаленскай вобласьці будзе вышэйшая, чым цана сёлетніх паставак у Беларусь – краіну для Расеі ўсё ж замежную. Прадаваць замежнікам газ таньней чым сваім – гэта палітычнае рашэньне, і прынятае яно, безумоўна, асабіста Ўладзімерам Пуціным. Ня выключана, што адной з прычынаў гэтага стаў шэраг “каляровых” рэвалюцыяў у краінах СНД, і нізкія цэны на газ для Беларусі – спроба Расеі фінансавымі сродкамі прадухіліць “аранжавы” сцэнар для Беларусі (дарэчы, у год прэзыдэнцкіх выбараў).

Варта адзначыць, што захаваньне цаны на газ гэтым разам Масква не зьвязвала з выкананьнем іншых умоваў: ані з абавязкам Беларусі перайсьці на расейскі рубель, ані з абавязкам прыватызаваць “Белтрансгаз”. Пуцін хаця і сказаў, што праблема пераходу на расейскі рубель не здымаецца з парадку дня, але ня стаў казаць пра тэрміны, калі гэта адбудзецца. Нагадаем, што напачатку такім тэрмінам было 1 студзеня, 2005 году, потым ён быў перанесены на 1 студзеня 2006 году. Адмова Пуціна сёньня казаць пра тэрмін сьведчыць пра тое, што пэрспэктывы грашовай уніі ня надта пэўныя – Лукашэнка ў Сочы казаў, што ён мае пэўныя перасьцярогі на гэты конт, што сытуацыя зьмянілася.

У перакладзе з дыпляматычнай мовы на звычайную падобныя заявы азначаюць, што расейскі рубель у Беларусь наўрад ці прыйдзе. Адной з тэмаў перамоваў Лукашэнка-Пуцін стаў лёс Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Напярэдадні сустрэчы Пуцін паведаміў, што на ёй будуць разглядацца пляны рэфармаваньня СНД. На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка сказаў, што СНД варта было б захаваць як форум для кансультацыяў. Ізноў жа, пераводзячы з дыпляматычнай мовы на звычайную, гэта азначае канец спробаў зрабіць з СНД нейкае інтэграцыйнае ўтварэньне, прызнаньне, што СНД ня будзе нічым большым, чым клюбам прэзыдэнтаў.

У сувязі з гэтай канстатацыяй імкненьне Расеі захаваць апошняга саюзьніка і нават заплаціць яму за сяброўства выглядае яшчэ больш зразумелым. Падтрымка робіцца ня толькі ў эканамічнай, але і ў палітычнай сфэры. Лукашэнка ў Сочы дзякаваў Пуціну за “беспрэцэдэнтную падтрымку на міжнароднай арэне”, прынамсі на пасяджэньні камісіі ААН у правох чалавека, дзе, паводле Лукашэнкі, “спрабуюць навязаць сьвету антыбеларускую рэзалюцыю”. “Мы адчулі падтрымку вялікай краіны нашай – Расейскай Фэдэрацыі,” – сказаў кіраўнік Беларусі.
XS
SM
MD
LG