Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры Беларусі ніяк не рэагуе на “ультыматум”


Ігар Карней, Менск Міжнародная сетка драматургаў і культурных апэратараў “The FENCE”, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў больш, чым з чатырох дзесяткаў краінаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі, пасьля абмеркаваньня сытуацыі ў тэатральнай сфэры Беларусі накіравалі зварот-ультыматум да міністра культуры Леаніда Гулякі. У лісьце патрабуецца неадкладна ўпарадкаваць сыстэму выплаты ганарараў замежным аўтарам, якія значацца ў рэпэртуары беларускіх тэатраў. У іншым выпадку тэатральная грамадзкасьць пагражае фінансавымі санкцыямі ў эўрапейскіх судах і забаронай на гастролі беларускіх тэатраў за межамі краіны.

“Беларускія тэатры не выконваюць беларускае і міжнароднае заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў. Асабліва засмучае той факт, што парушэньні назіраюцца перадусім у дзяржаўных тэатрах, якія зьяўляюцца установамі Міністэрства культуры”, – так пачынаюць свой ліст да міністра культуры Леаніда Гулякі падпісанты, сярод якіх усясьветна вядомыя ў тэатральнай галіне імёны. Гэта, прыкладам, нямецкі драматург Дэвід Ліндэрман, аўстрыйскі рэжысёр Дытар Боер, італьянскі драматург Рыхард Ауен, рэжысёр з Вялікабрытаніі Сара Дыкенсан, сэрбскі драматург Мілаш Крэкавіч, літаратурны мэнэджэр Літоўскага Моладзевага тэатра Інгрыд Даўнаравічутэ і шэраг іншых – усяго болей за 30 прадстаўнікоў тэатральнай галіны.

Прычына, якая прымусіла тэатральную грамадзкасьць зьвярнуцца да кіраўніцтва Міністэрства культуры, адна, але надзвычай важкая: масавыя выпадкі парушэньня аўтарскіх правоў інтэрнацыянальных аўтараў. “З жалем канстатуем, што сучасны стан аўтарскіх правоў у Беларусі сур’ёзна псуе імідж беларускага тэатра на міжнароднай арэне, дыскрэдытуе Міністэрства культуры ў вачох усясьветнага культурнага супольніцтва”. Ад імя Міжнароднай сеткі драматургаў і культурных апэратараў “The FENCE” ліст у Міністэрства культуры перадаў беларускі драматург Андрэй Курэйчык. А яго калега і адзін з заснавальнікаў Гільдыі беларускіх драматургаў і сцэнарыстаў, Мікалай Халезін, наўпрост называе гэты ліст ультыматумам.

(Халезін:) “Размова пра аўтарскія правы. Размова вельмі жорсткая, на ўзроўні ультыматуму. Якія магчымыя наступствы гэтага ліста? Калі будуць і надалей паўтарацца факты нявыплаты ганарараў за п’есы, у эўрапейскія суды будуць пададзеныя вельмі значныя пазовы, у бальшыні сваёй нават не адэкватныя тым прыбыткам, якія маглі б быць. Упершыню адбываецца такая жорсткая размова з беларускім Міністэрствам культуры”.

У звароце да Міністэрства культуры Беларусі, які напярэдадні ўхвалілі выбітныя дзеячы тэатральнага мастацтва, гэтаксама выказаны пратэст супраць выкарыстаньня інтэлектуальнай уласнасьці (п’ес, перакладаў, музыкі і г.д.) без пісьмовай згоды з праваўладальнікам. Прадстаўнікі тэатральных колаў Эўропы зьвяртаюць увагу на тое, што парушэньне аўтарскага права перасьледуецца міжнародным і беларускім заканадаўствамі: “Мы папярэджваем, што ў адпаведнасьці з міжнародным заканадаўствам аўтары могуць запатрабаваць кампэнсацыі за незаконнае выкарыстаньне іх твораў”, – гаворыцца ў лісьце Міжнароднай сеткі драматургаў і культурных апэратараў. Паводле іх, суды могуць накласьці на парушальнікаў штрафы і арыштаваць іх маёмасьць. А адказваць па абавязках дзяржаўных установаў культуры можа у тым ліку і іх заснавальнік – Міністэрства культуры. Зрэшты, ёсьць і радыкальна іншыя меркаваньні. Тэатральны крытык Людміла Грамыка лічыць: усё, што зараз зьяўляецца зь ініцыятывы Андрэя Курэйчыка, ёсьць ня што іншае, як палітычная кан’юнктура. А таму і ініцыяваныя не без дапамогі Курэйчыка цяперашнія захады – скалананьне паветра.

(Грамыка:) “Я лічу, што ён чалавек некампэтэнтны, павярхоўны і проста пачаў на мастацтве разыгрываць палітычную карту. Гэта вельмі непрыгожа. Мяркую, што ўсё гэта створана на пустым месцы і ня вартае ніякіх камэнтароў. Увогуле, мне падаецца, сытуацыя створаная штучна”.

Тым ня меней, сярод першых наступстваў для тэатраў, якія карыстаюцца творамі замежных аўтараў і не адлічваюць за гэта ганарары, можа стаць забарона на гастролі па-за межамі Беларусі. Прадстаўнікі Міжнароднай сеткі драматургаў і культурных апэратараў таксама пакідаюць за сабой права ажыцьцяўляць рэгулярны маніторынг стану аўтарскіх правоў у Беларусі і друкаваць вынікі ў міжнародных СМІ.

У адпаведнасьці з сучаснымі законамі, не падлягаюць абароне толькі творы тых аўтараў, якія памерлі больш за 70 гадоў таму – гэта значыць, да 1935 году.
XS
SM
MD
LG