Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікаў у Ваўкавыску паболела на пяць чалавек


Сяргей Астраўцоў, Горадня. Сёньня — 21-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Да акцыі пратэсту ад панядзелка далучыліся яшчэ пяць ўдзельнікаў. Усяго, паводле саміх галадоўнікаў, у ёй цяпер удзельнічаюць 35 чалавек. Наш карэспандэнт наведаў сёньня ваўкавыскіх галадоўнікаў.

Пакой, дзе спалі кіроўцы-галадоўнікі, пуставаў, адно — матрацы, коўдры —проста на падлозе. Самі кіроўцы пайшлі на вуліцу падыхаць паветрам. У памяшканьні заставаўся Мікалай Аўтуховіч. Цяперашняе становішча ўдзельнікаў галадоўкі пратэсту ён ацэньвае такім чынам:

(Аўтуховіч:) “За базай стала сочаць дзьве машыны, нумары ў іх гарадзенскія. Сытуацыя незразумелая: штосьці рухаецца, але ня ў наш бок. Чаму? Таму што, каб хацелі вырашыць на нашу карысьць, яны не выстаўлялі б тут ахову, яны б ня ставілі на праслухоўваньне тэлефоны. Практычна ўсе тэлефоны праслухоўваюць, і пра гэта ведае ўвесь горад”.

Спадар Аўтуховіч гаворыць, што такія рэчы ў невялікім горадзе хутка робяцца вядомымі, пагатоў галадоўнікам спачуваюць і на вузьле сувязі, і ў іншых установах, гаворыць ён. Улады вырашылі ўзьдзейнічаць не на саміх удзельнікаў акцыі пратэсту, а на іхніх жонак.

(Аўтуховіч:) “Працаўнікі выканкаму абыходзілі на тым тыдні ўсе кватэры галадоўнікаў і прапаноўвалі ўсім працу, умаўлялі жонак, каб паразмаўлялі з мужамі. Гэта працягвалася і ў нядзелю, толькі не хадзілі, а абзвоньвалі”.

Ад сёньняшняга дня напісалі заявы аб галадоўцы дыспэтчары таксі Анжэла Мацяс і Анжэла Шукава, кіроўцы грузавікоў Іван Жук і Іван Матвейчык. Да іх далучыўся Канстанцін Уланаў зь Менску, ён служыў некалі ў Аўганістане ў адной дывізіі зь Мікалаем Аўтуховічам, абодва былі старшымі прапаршчыкамі. Канстанцін Уланаў гаворыць, што прачытаў пра галадоўку ў Ваўкавыску ў “Народнай волі”.

(Уланаў:) “Усё-ткі аўганскае братэрства ў нас ня толькі на словах, як звычайна пішуць у газэтах, а яно ў нас ёсьць і насамрэч. У сябе дома мы з аўганцамі абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Ну, і яны гавораць, што калі складзецца нецярпімая абстаноўка, то яны таксама згодныя прыехаць сюды”.

Канстанцін Уланаў толькі распачаў галадоўку, а вось ваўкавыская журналістка Сьвятлана Кухарава галадае ўжо тыдзень.

(Кухарава:) “Я хачу, каб прыехала хуткая, таму што мне вельмі кепска, дваіцца у вачах, вось я друкую, і ў мяне пяць літараў замест адной. Нядобры такі стан. Я, напэўна, пагаджуся на ўкол, калі ў мяне ціск ці моцны боль галавы”.

Гэта былі словы журналісткі Сьвятланы Кухаравай, якая дзеля салідарнасьці падтрымала галадоўку Мікалая Аўтуховіча і кіроўцаў. Дарэчы, потым сапраўды прыехала хуткая дапамога, Сьвятлане Кухаравай зрабілі ўкол, і ёй стала лепей.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам амаль на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісаная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG