Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пахаваньне папы ў Ватыкан выляцеў зь Менску кардынал Казімер Сьвёнтэк


Альгерд Невяроўскі, Менск У Ватыкан на цырымонію пахаваньня папы Яна Паўла ІІ накіроўваюцца Менска-Магілёўскі мітрапаліт кардынал Казімер Сьвёнтэк і гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Беларускія ўлады пакуль ня вызначыліся, ці паедзе на пахаваньне папы беларуская ўрадавая дэлегацыя. Тым часам, у беларускіх каталіцкіх храмах вернікі працягваюць маліцца за супакой душы памерлага рымскага пантыфіка.

У каталіцкіх храмах Беларусі працягваюцца жалобныя набажэнствы з нагоды сьмерці Яна Паўла ІІ. У касьцёлах вывешаныя харугвы з чорнымі стужкамі, каля партрэтаў папы гараць сьвечкі, вернікі моляцца за душу памерлага рымскага Першасьвятара. Тым часам, у Ватыкан на пахаваньне, якое, праўдападобна, адбудзецца ў гэтую пятніцу, зьбіраецца дэлегацыя ад каталіцкай царквы ў Беларусі. Гаворыць вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка:

(Дзям’янка: ) “Ксёндз кардынал ужо рыхтуецца да ад’езду. Ксёндз біскуп Аляксандар Кашкевіч таксама рыхтуецца. Хто яшчэ паедзе на пахаваньне ў Ватыкан, я пакуль ня ведаю. Вядома, што гэта вельмі вялікая адлегласьць. З другога боку, ёсьць цяжкасьці зь візамі. Таму яшчэ ў гэтай справе зьбіраецца інфармацыя”.

Беларускія ж улады пакуль ня вызначыліся, ці пасылаць у Ватыкан афіцыйную дэлегацыю. “Гэтае пытаньне пакуль разглядаецца”, — сказаў беларускай “Свабодзе” намесьнік начальніка ўправы інфармацыі Міністэрства замежных справаў Руслан Есін.

У нунцыятуры Ватыкану ў Менску адкрыта жалобная кніга, у якой ужо пакінулі свае запісы спачуваньня многія людзі. У бліжэйшы час да іх далучацца прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Беларусі.

За папу моляцца таксама і вернікі грэка-каталіцкай царквы. Заўтра ў беларускіх уніятаў Радаўніца — дзень памінаньня продкаў, і ў гэты дзень вернікі асаблівым чынам будуць згадваць Яна Паўла ІІ. Пробашч менскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язэпа айцец Андрэй Абламейка два разы сустракаўся зь Янам Паўлам ІІ і нават маліўся разам з папам у яго прыватнай капліцы. Гаворыць айцец Андрэй Абламейка:

(Абламейка: ) “Папа быў вельмі блізкі нашай царкве. Заўсёды нас падтрымліваў. Нядаўна, некалькі месяцаў таму, ён перадаў нам заклік: “Будзьце мужнымі, трымайцеся”. І для нас, грэка-католікаў, гэта важна. Папа быў для нас сапраўдным Пятром. Усе гэтыя апошнія дні, калі ён так моцна цярпеў, але хацеў мужна і сьмела быць з паствай. Гэта быў знак ягонага Пятроўства. Таму мы цяпер у сваіх малітвах удзячныя Госпаду, што мелі такога папу, якога мы ведалі таксама і асабіста”.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Яраслаў Раманчук паходзіць з традыцыйнай каталіцкай сям’і зь мястэчка Сапоцкін на Гарадзеншчыне. Гэта адзіны населены пункт у Беларусі, дзе ёсьць вуліца імя Яна Паўла ІІ. Пра тое, які ўплыў зрабіў папа на ягонае жыцьцё, распавядае спадар Раманчук:

(Раманчук: ) “Для мяне ён быў сымбалем ня толькі намесьніка Бога на зямлі. Гэта чалавек, які безумоўна ёсьць найвышэйшым аўтарытэтам. Чалавек, які меў магчымасьць зазірнуць у мінулае і папрасіць прабачэньня за ўчыненыя касьцёлам крыўды. Гэта цярпімасьць да людзей зь іншымі поглядамі, магчымасьць размаўляць з простымі людзьмі. І калі мае суайчыньнікі перайменавалі вуліцу Леніна на вуліцу Яна Паўла ІІ у Сапоцкіне, я быў шчасьлівы. Бо я ня ведаю іншага дзеча, які б адыграў такую магутную ролю ў ХХ стагодзьдзі”.
XS
SM
MD
LG