Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што ідэя адзінай валюты саюзнай дзяржавы яшчэ не памерла


Валер Каліноўскі Сёньня Уладзімер Пуцін у Сочы правёў рабочую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Расейскі і беларускі кіраўнікі апошні раз сустракаліся паўгоду таму ў Кіеве на сьвяткаваньні 60-годзьдзя вызваленьня Украіны, перад самым пачаткам аранжавай рэвалюцыі. Па выніках сустрэчы расейскі лідэр заявіў, што ён усё яшчэ спадзяецца на ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты ў так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі.

Напярэдадні сустрэчы Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы прэсавая служба Крамля паведамляла, што ў першую чаргу будуць абмяркоўвацца пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва і пераход на расейскі рубель у якасьці адзінай валюты. Летась кіраўнікі Расеі і Беларусі вусна пагадзіліся перанесьці тэрмін увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі на 1 студзеня 2006 году. “Унясеньне яснасьці ў гэтае пытаньне зьяўляецца ключавым пытаньнем двухбаковых дачыненьняў, і Расея гатовая паскорыць працэс увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі”,– зазначалі ў прэсавай службе Крамля. Акрамя таго, у Крамлі зноў нагадалі пра сваю цікавасьць да стварэньня газатранспартнага СП на базе “Белтрансгазу”.

Калі, адкрываючы сёньняшнюю сустрэчу, Уладзімер Пуцін акрэсьліваў тэмы для абмеркаваньня, то не сказаў нічога на рублёвую тэму. Аляксандар Лукашэнка ў сваю чаргу канстатаваў, што ў адносінах Расеі і Беларусі асаблівых праблем няма, ды заклікаў расейскі капітал інвэставаць у беларускія аб’екты.

(Лукашэнка:) “У нас вялікіх праблем у прынцыпе няма, і я нават ня здолеў бы абазначыць і малых праблем у нашых адносінах. Напэўна, самае галоўнае ад нашай сустрэчы – што мы сапраўды павінны даць нейкі імпульс, сыгнал нашых добрых адносінаў на нашым узроўні, каб людзі ня думалі, што нібыта ёсьць нейкія праблемы ў адносінах”.

Уладзімер Пуцін па выніках перамоваў паведаміў, што тэма ўвядзеньня адзінай валюты саюзнай дзяржавы ўсё-такі абмяркоўвалася, і ён спадзяецца, што такое рашэньне будзе ўхваленае. “Гэтая ідэя не памерла, мы пацьвердзілі гатоўнасьць працягваць гэтую працу, але аб канкрэтных тэрмінах цяпер гаварыць ня будзем,”– заявіў Уладзімер Пуцін пасьля 4 гадзін перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што і ў 2006 годзе ў Беларусі ня будзе ў абароце расейскага рубля:

(Злотнікаў: ) “Тут навука бясьсільная, гэта пытаньне да палітыкаў… Калі коратка, то нічога ня будзе з пачатку наступнага году, нічога. Гэта ўсё гульня, Лукашэнка і раней гэтага не хацеў, і цяпер ня хоча пазбавіцца права прымаць рашэньні”.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што сёньняшнія перамовы наконт расейскага рубля патрэбныя былі толькі для захаваньня твару лідэраў краінаў.

Істотным вынікам гэтай сустрэчы можна назваць рашэньне пра тое, што ў 2006 годзе расейскі “Газпром” захавае для Беларусі кошты на газ на ўзроўні гэтага году, а Беларусь захавае ранейшыя тарыфы на транзыт газу ў Эўропу.

У.Пуцін і А.Лукашэнка дамовіліся таксама правесьці ў канцы красавіка паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы. І пытаньне адзінай валюты, а таксама Канстытуцыйнага акту будуць на ім разгледжаныя зноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG