Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў будзе бараніць сябе сам


Любоў Лунёва, Менск Андрэй Клімаў адмовіўся ад паслугаў адваката. Ён заявіў Радыё Свабода, што будзе наведваць судовыя паседжаньні толькі дзеля дэманстрацыі таго, што не баіцца перасьледу з боку ўладаў. 6 красавіка Андрэя Клімава будуць судзіць у Першамайскім судзе за абразу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Гэта сёмая крымінальная справа паводле 367 і 368 артыкулаў.

Падставай для крымінальнай справы сталі кнігі Андрэя Клімава “Паўстаньне 2005”, “Відавочныя ісьціны”, а таксама ўлёткі “Ўсебеларускі інфармацыйны бюлетэнь “Рэвалюцыя”. Пракуратура абвінавачвае Андрэя Клімава ў тым, што ён, “кіруючыся асабістай зацікаўленнасьцю, імкнучыся правакацыйнымі спосабамі стварыць бачнасьць апазыцыйнай дзейнасьці, з мэтай публічнай абразы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь напісаў, арганізаваў выданьне і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі кніг і ўлётак, якія ўтрымлівалі ў адносінах да прэзыдэнта… абразьлівыя выразы… і зьвесткі, аб’яднаныя з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні… асабліва цяжкіх злачынстваў”. У абвінавачаньні прыводзяцца цытаты з кніг.

Андрэй Клімаў лічыць, што суд заангажаваны. Вось што ён заявіў Радыё Свабода:

(Клімаў: ) “Улічваючы, што гэта палітычна замоўленая справа, я не жадаю даваць нагоду меркаваць, што гэтая справа мае якое-небудзь дачыненьне да правасудзьдзя, што яна ініцыяваная дзеля абароны правоў і інтарэсаў грамадзянаў і зьяўляецца часткай тых палажэньняў, якія выкладзеныя ў Канстытуцыі. Улічваючы, што Канстытуцыя ў нашай краіне не працуе, законы зьневажаюцца ўладай, я дэманстратыўна адмаўляюся браць удзел у судовым працэсе. Я не адмаўляюся прыходзіць на суд, каб ня думалі, што я баюся судзьдзяў і пракурораў. Але я ўсьведамляю, хто насамрэч будзе мяне судзіць. Я гэта называю “судзілішчам”. Гэта спроба паставіць мяне, “нахабнага апазыцыянэра”, на месца. Я не зьбіраюся апраўдвацца за абразу і паклёп на прэзыдэнта”.

Суд над Андрэем Клімавым пачнецца 6 красавіка. Пракуратура настойвае, каб судовае паседжаньне адбывалася за зачыненымі дзьвярыма.

Раней за паклёп на Аляксандра Лукашэнку і яго атачэньне былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці і асуджаны да абмежаваньня волі журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і Віктар Івашкевіч. Праваабаронца Аксана Новікава двойчы прыцягвалася да судовай адказнасьці паводле гэтага абвінавачаньня. А лідэры прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў дагэтуль адбываюць пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG