Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Ці адчуваеце вы, што жывяце ў саюзе Беларусі і Расеі?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Ці адчуваеце, што жывяце ў саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі? — на гэтае пытаньне адказваюць жыхары гораду Магілёва.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце калі ласка, ці адчуваеце вы, што жывем у саюзе Беларусі і Расеі?”

(Спадар: ) “Не. Ужо разоў пяць гэтую радасьць аб’яўлялі з нагоды “саюзу народжанага”, а ён усё ніяк не нараджаецца. “Даўн” нейкі. І тым больш, я ня бачу прычынаў, каб нам аб’ядноўвацца. Жылі і жывем”.

(Спадар: ) “Мне падабаецца свая рэспубліка, што я ў Беларусі. Наша дзяржава нядрэнная. Добрая”.

(Спадарыня: ) “Асабіста я адчуваю. Я сама расейка, з Краснаярску прыехала, і я не адчуваю, што я тут замежніца. Мы ж адна нацыя, увогуле”.

(Спадарыня: ) “Мы сьпім спакойна, а Расея — там у іх то ў Чачэніі, то яшчэ недзе могуць страляць-ваяваць, а ў нас усё спакойна. Вось гэта адзіная розьніца”.

(Спадарыня: ) “А мне ўсё роўна. Я ў палітыцы не разьбіраюся, так ці гэдак”.

(Спадарыня: ) “Ці ад мяне нешта залежыць? Я маленькі чалавек”.

(Спадар: ) “Ну, ня ведаю, ніякага адчуваньня, абсалютна”.

(Спадар: ) “Такога не відаць яшчэ моцна. Хаця б’юцца за гэта, але малая верагоднасьць. У Беларусі з Расеяй можа што-небудзь і атрымаецца такое, але гэта яшчэ тры-чатыры гады пройдзе, а то і болей”.

(Спадар: ) “Я вам скажу так, што я ніколі ня страчваў гэтага пачуцьця, што я жыву ў саюзнай дзяржаве. Сам я паводле нацыянальнасьці расеец, і як бы там ні было, усё роўна лічу, што мы жывем у адной дзяржаве”.

(Спадар: ) “Свабодна можам езьдзіць у тую ж Маскву, яны сьмела могуць прыяжджаць да нас. Толькі што няма адзінай валюты — можа, у гэтым толькі адрозьненьне”.

(Спадар: ) “Прысутнасьці Расеі пакуль не заўважаю, я жыву ў Беларусі”.

(Спадар: ) “У гэтым і справа: калі вы перасоўваецеся туды-сюды, то вы, можа, нешта і бачыце, а калі жывеш на адным месцы, то ты ня бачыш. Пакуль рубель ня будзе адзіным — не зразумеем і не адчуем, што нешта зьмянілася”.

(Спадар: ) “Я лічу, калі гавораць, што ў нас толькі розьніца ў грошах, то, па-мойму, праблемаў нашмат больш, чым адзіны рубель. Кожны павінен жыць у сваёй краіне і не заглядацца на суседзяў. Разьвівацца, разьвіваць сваю прамысловасьць, гандляваць”.

(Спадар: ) “Мытні няма, мяжы няма. Мне падаецца, што мы як жылі, так і жывем. Нічога новага тут ня бачу”.

Мінакі на вуліцах Магілёва распавядалі, ці адчуваюць яны, што жывуць у саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі.
XS
SM
MD
LG