Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Тацяна Козік


Тацяна Козік, Полацак Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя зацемкі мінулага тыдню прадстаўляе мастачка-габеленшчыца з Полацка Тацяна Козік.

26 сакавіка

Раніца, як звычайна, пачынаецца з Данілкавага: “Тата, дзе ты?” Дзякуй богу, ноччу ў яго не было тэмпэратуры — дазволіў крыху паспаць. Шэрае, сумнае неба не дадае аптымізму. Нават звыклы кубак кавы не дапамагае. Дарослым на сьняданак — лусьцікі з сырам. А вось накарміць малодшага — праблема. Другі дзень ня хоча есьці. На вочы трапілася бляшанка з кукурузай, яго любімая страва. Зробленая салата хлопцу спадабалася.

Пакуль Данілка заняты мульцікамі, перагортваю кнігу “Габэлены Гіві Кандарэлі”. Раней сумна разглядала яго “Чырвонаармейцаў на конях” альбо “Пастухоў у гарах”. А цяпер цікавіць усё: кожны ткацкі прыём, раскладка колераў, настрой. Кандарэлі — першы грузін, які напачатку 1960-х пачаў ткаць габэлены. Цяпер яму павінна быць 72 гады. Цікава, як склаўся яго творчы лёс за апошнія рэвалюцыйныя дзесяцігодзьдзі? Асабліва падабаецца яго “Баляда пра Пірасманашвілі”, праца манумэнтальная, памерам 4 на 6 мэтраў. Надзвычай творчая нацыя, гэтыя грузіны.

Тыдзень таму я была вымушана за пяць дзён выткаць вялікі габэлен, больш чым мэтар квадратны, з выявай Эўфрасіньнеўскай царквы ў падарунак мітрапаліту Філарэту ад жыхароў гораду Полацка з нагоды яго 70-годзьдзя. Мне не было часу нават думаць, нітку якога колеру прапусьціць. Апошні дзень увогуле ня клалася спаць. Праца атрымалася неблагая, але цяпер, для сябе, я ткала б зусім інакш. Габэлен такая рэч, што па адным эскізе можна выткаць абсалютна розныя па настроі і фактуры працы. Ужо некалькі дзён рыхтуюся да новай Спасаўскай царквы, для сябе, нават аснову нацягнула.

А чатырнаццатай гадзіне Данік заснуў, і мяне хатнія адпусьцілі ў майстэрню. Задаволены Жуля сустракае вясёлым брэхам. Як жа — прынесьла дзённую пайку. Мая майстэрня месьціцца ў прыватным доме на самым беразе Дзьвіны. Пад першыя веснавыя птушыныя сьпевы палюбавалася Сафійкай і ракой. Сьнегу па-ранейшаму вакол па калена.

А 19-й сканчваю даўно пачаты пэйзаж з Сафійскім саборам. Учора, калі назірала захад сонца і адначасовае зьяўленьне поўні, прыйшла думка дапрацаваць твор.

Вяртаючыся дадому, згадала гісторыю пра рэктара Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Лазоўскага. На Дзень Волі хлопец-бэнээфавец зайшоў у ягоны кабінэт, каб павіншаваць самаробнай паштоўкай з 25 сакавіка. Рэктар, пахмыляючыся, выклікаў ахову, хлопца завезьлі ў міліцыю. Лазоўскага ведаю даўно, нашыя дзеткі разам хадзілі ў беларускі садок, а затым у беларускую клясу. Я сябравала зь яго жонкай. Сумна.

27 сакавіка

А палове на восьмую Данілкава патрабаваньне “хачу чакаляду” ператвараецца ў крык. Прыношу маленькі кавалачак. Сумна глядзіць на яго і павольна зьядае. Дзіўна, ужо каторы раз, нават сярод ночы, Даніла просіць чакаляду.

Учора падстыла ў майстэрні. А можа, падхапіла інфэкцыю ад малодшага? Ноччу прыйшлося піць антыгрыпін. Крыху дапамагло.

Блакітнае неба і веснавое сонейка ўздымаюць настрой. Сёньня — каталіцкі Вялікдзень. Телефаную некалькім сяброўкам-каталічкам і віншую. Сярод іх Сьвятлана. Яна працуе акушэрам у наваполацкім радзільным доме. Была вымушана падаць заяву аб звальненьні з пасады загадчыка аддзяленьня, бо кіраўніцтва лякарні запатрабавала зьняць каталіцкія крыжыкі, якія Сьвятлана павесіла на працоўным месцы. Знявагі не стрывала.

А дзявятай Сьвятлана зь дзецьмі ўжо на службе ў касьцёле. Згадваю апошнюю размову зь ёй. Сяброўка пералічыла сем загадчыкаў аддзяленьняў гарбальніцы, якіх нечакана зьнялі з пасадаў за апошні месяц. Гэта ўжо выглядае на нейкую рэпрэсіўную кампанію.

Тэлефаную ў Наваградак да Ларысы. Яна таксама лекар. Напачатку году зь ёй не падпісалі працоўнага кантракту, чаму — не тлумачаць, але ўсе ведаюць — за палітыку. Ларыса зацятая апазыцыянэрка. Цяпер засталася бяз сродкаў існаваньня. Праз тыдзень яна зьяжджае ў Вялікабрытанію. Па сваіх прыватных сувязях, за свае грошы. Спадзяюся, не на заўсёды.

Раптам згадалася нядаўняя размова са знаёмай, таксама мэдыкам. “Таня, ці будзе адзіны кандыдат ад апазыцыі? Усё роўна хто”.

28 сакавіка

Спадзяюся хутка пабачыць аднаклясьнікаў. Пляную напачатку красавіка зьезьдзіць у Менск — прызначыла сустрэчу сяброўка Марына, якая цяпер жыве ў Арэнбургу. Марыся працуе ў тамтэйшым лялечным тэатры, аб’езьдзіла палову сьвету. Цяпер прыяжджае на гастролі ў Менск на тыдзень. Спадзяюся, сустрэча будзе ў шырокім коле, бо трэба абмеркаваць летні “вальны сойм”. Сёлета спаўняецца 25 гадоў нашага выпуску мастацкай школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка. Магчыма, буду прымаць гасьцей у сваёй мастэрні.

Увечары напісала пэйзаж: Багаўленскі сабор у апошнім промнях сонейка.

29 сакавіка

Нарэшце патрапіла на выставу макетаў помніка Ўсяславу Чарадзею, якая праходзіць у Полацкім гарвыканкаме. Гарадзкія ўлады абвесьцілі конкурс на лепшы праект. Цяпер праходзіць абмеркаваньне скульптурных эскізаў. Ніводная праца мяне ня ўразіла. Па-мойму, скульптары ня здолелі выявіць характэрны, запамінальны вобраз славутага князя. На жаль, на выставе няма праекту Алеся Шатэрніка. Нібыта ягоны праект Усяславу на кані вялікіх памераў — складана перавезьці. Бачыла здымак Шатэрнікавай скульптуры ў тыднёвіку “Наша Ніва”. Відавочна, гэта найлепшы варыянт помніка. Іншая справа, што полацкія ўлады часам зьвяртаюць увагу не на мастацкую якасьць твору, а на нейкія іншыя акалічнасьці і ўмоўнасьці. Так, напрыклад, сталася з помнікам Эўфрасіньні Полацкай. Нягледзячы на тое, што ў конкурсе перамог праект Алеся Шомава, у Полацку паўстаў няўдалы помнік аўтарства Ігара Голубева.

30 сакавіка

У мастацкім салёне Карціннай галерэі сустрэлася з загадчыцай гэтай установы Ларысай Лысенкай. Прапанавала ёй закупіць для галерэі працу Сяргея Кухто. Цікавы, адметны мастак, які жыў у Віцебску, некалькі гадоў таму скончыў жыцьцё самагубствам. Ён не ўваходзіў ні ў якія суполкі, жыў сам па сабе, быў самотнікам і філёзафам у мастацтве. І абсалютна невядомым у Беларусі. На жаль, ніхто не зьбіраецца ўводзіць яго спадчыну ў беларускі культурны кантэкст. Вось і Ларыса Лысенка кажа, што цяпер не да Кухто, маўляў, падтрымаць бы жывых. Дый грошай на закупку карцінаў у галерэі няма, летась знайшліся сродкі толькі на дзьве працы.

Атрымліваецца, што самыя цікавыя творы музэй набыў за савецкім часам. Спадзяюся, аднак, мінуцца некалі гэтыя ліхалецьці занядбаньня, і тады ўсё вартае будзе адпаведна ацэнена. І Сяргея Кухто згадаюць абавязкова. Толькі б набыткі не расьцярушыць, захаваць да таго сьветлага дня.

31 сакавіка

Алесь прачытаў своё новае дэтэктыўнае апавяданьне. Гэта ў яго захапленьне апошнім часам такое — пісаць дэтэктывы. Падзеі ў новым творы адбываюцца ў Жодзіне ў час грамадзянскай вайны. Абсалютна рэальны сюжэт, хоць і прыдуманы на ўсе сто адсоткаў. І галоўны герой, булаховец Павал Кулага, пазнавальны. Нацыянальны рамантык, якога жыцьцёвая сытуацыя ставіць у безвыходнае становішча, калі ад цябе патрабуецца толькі адно — сумленна прайсьці свой шлях да канца. Ня схібіць на апошнім кідку. На апошнім выпрабаваньні.

Пачала працу над новым пэйзажам. Неяк цяжка даліся першыя мазкі. Ці то настрою адпаведнага няма, ці то галава нечым іншым занята.

Сёньня дзень нараджэньня ў сястры Люды. Увечары еду ў суседні Наваполацак на сьвяточную вячэру.

1 красавіка

У гэты дзень трэба нікому ня верыць. Згадваюцца розныя сьмешныя гісторыі са школы. У нашай сям’і 1 красавіка ніяк не адзначаецца. Магчыма, мы задужа сур’ёзныя.

Збіраюся ў майстэрню. Там мяне чакае галодны Жуля і пачатая карціна. Па дарозе згадаю якую-небудзь вясёлую гісторыю са школьных гадоў. Пасьміхнуся.

Хутка вясна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG