Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца з праектам аб’яднанай апазыцыі ў справе вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 31 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік перадвыбарчага штабу А.Мілінкевіча Віктар Карняенка з Гомелю і кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Праект вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, распрацаваны аб’яднанай апазыцыяй, здаецца, ідзе сваім шляхам. Завяршыўся этап вылучэньня прэтэндэнтаў ад партыяў ці самавылучэньня, пачынаецца этап абласных канфэрэнцыяў дэмакратычных сілаў. Але гэты першы этап закончыўся нечакана. На 30 сакавіка з васьмі першапачатковых прэтэндэнтаў пацьвердзілі намер удзельнічаць у гэтым праекце толькі чацьвёра: Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін і Станіслаў Шушкевіч. Чатыры іншыя прэтэндэнты — Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас, Валеры Фралоў і Мікола Статкевіч фактычна адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Ці можна расцэньваць гэтую сытуацыю як крызіс усяго праекту?”

(Віктар Карняенка: ) “Такую сытуацыю можна было лёгка спрагназаваць і раней. Фактычна зацьверджаны парадак не даваў шанцу тым, хто ў сваёй дзейнасьці не абапіраўся на арганізацыйныя структуры. І такім чынам прынятыя ўмовы гульні з самага пачатку паставілі прэтэндэнтаў у розныя ўмовы. Іншая справа: на што спадзяваліся людзі, якія ня маюць апірышча, арганізацыйных структураў у рэгіёнах? Але калі людзі заявілі, што яны маюць прэзыдэнцкія амбіцыі, то яны павінны былі ўбачыць і вынік гэтай кампаніі.

Канечне, да саміх правілаў я таксама стаўлюся дастаткова крытычна. Мне падаецца, што працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата пісалі людзі, якія слаба ведаюць сытуацыю ў рэгіёнах. Таму калі каротка адказаць на вашае пытаньне, то прапанаваны парадак вылучэньня не апраўдаў надзеі ўсіх прэтэндэнтаў і палітычных суб’ектаў. І ў пэўнай ступені гэта можна лічыць нейкім крызісам. Дакладней, я б назваў гэта дастаткова складанай сытуацыяй, якая сёньня стварылася ў выніку рэалізацыі гэтага праекту”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Ва ўсялякім разе, па самой ідэі адзінага кандыдата нанесены адчувальны ўдар. Таму што ў той дэмакратычнай публікі, якая сачыла за працэсам, засталося прыкрае ўражаньне ад той блытаніны і мітусьні, якая назіралася апошнімі днямі. Спачатку паведамлялася, што рыса пад сьпісам вылучаных будзе падведзеная 25 сакавіка, потым — 28, затым высьвятлілася, што і да гэтай даты нічога не атрымліваецца. Колькасьць заяваў таксама мянялася: то шэсьць, то пяць, цяпер высьвятляецца, што толькі чатыры. І ў электарату ўзьнікае такое прыкрае ўражаньне, таму што думаюць: калі ўжо на гэтай стадыі яны ня могуць між сабой разабрацца, то што будзе далей?

Урэшце, гэта усё тэхнічныя моманты, іх можна адладзіць. Але ўжо цяпер выявілася такая канцэптуальная хіба, на якую апрыёры наракалі пэўныя аналітыкі. Яны казалі, што гэты праект ёсьць электаральным спаборніцтвам у апазыцыйнай рэзэрвацыі. Паглядзім на гэты сьпіс палітыкаў, якія засталіся. Гэта лідэры апазыцыйных партыяў плюс Мілінкевіч, фармальна беспартыйны, але якога вылучылі ажно дзьве партыі. Але добра вядома, што ў апазыцыйных лідэраў нізкая столь рэйтынгу. І адпаведна магчымасьці для раскруткі вельмі абмежаваныя.

З аднаго боку, “дзясятка” старалася, у тым ліку і перад замежжам, паказаць, што апазыцыя ўлічыла мінулыя памылкі, ня будзе наступаць на тыя самыя граблі. І фармальна, нібыта, усё рабілася правільна. Але бяда ў тым, што форму паставілі наперадзе зьместу. Думаю, катастрофы яшчэ не адбылося, але трэба тэрмінова выпраўляць становішча”.

(Карбалевіч: ) “Тыя прэтэндэнты, якія адмовіліся ад удзелу ў апазыцыйным праекце, тлумачаць гэта рознымі прычынамі, наперш недасканаласьцю працэдуры. Так, Вайтовіч лічыць, што прапанаваная працэдура выбару адзінага кандыдата зьяўляецца нерэпрэзэнтатыўнай, адлюстроўвае погляды толькі апазыцыйных актывістаў, а не ўсяго грамадзтва. Але ці ж гэта не было вядома раней? Фралоў сьцьвярджае пра прадвызначанасьць выбару ў межах гэтага праекту. Статкевіч кажа пра крымінальную справу, якая перашкодзіць яму ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі. Але калі трохі памяняць правілы, вылучыць аднаго кандыдата ад “Пяцёркі плюс”, а другога — ад Эўрапейскай кааліцыі, то тады, нібыта, крымінальная справа ўжо ня будзе перашкаджаць Статкевічу ўдзельнічаць у кампаніі. Ці тыя прычыны, якія называюць гэтыя палітыкі, сапраўдныя? Ці тут існуюць нейкія недамоўленасьці?”

(Карняенка: ) “Па-першае, мэты ўдзелу ў гэтым працэсе розных прэтэндэнтаў былі розныя. Можа, нехта хацеў такім чынам падняць свой рэйтынг, зарабіць палітычны капітал. Але я хачу сказаць адназначна: працэдуру трэба было крытыкаваць раней. Але сёньня казаць, што мы ня будзем удзельнічаць, таму што дрэнная працэдура, не зусім салідна. Ня мае рацыі думка, што на гэтым этапе ўсё насельніцтва павінна абраць сабе лідэра. Насельніцтва гэта зробіць на прэзыдэнцкіх выбарах. Вось тады і будзе тое самае рэпрэзэнтатыўнае галасаваньне, пра якое марыць Вайтовіч. Сёньня ідзе размова пра грамадзка актыўную частку насельніцтва, якая гатовая працаваць на гэтага адзінага кандыдата. Таму ня трэба блытаць адно з другім.

Галоўнае, што цяпер адбылося, гэта некаторыя людзі рэальна ацанілі свае магчымасьці ўдзелу ў гэтай кампаніі, і вырашылі не працягваць барацьбы. Яны проста зразумелі, што калі пойдуць на гэтую працэдуру, то застануцца без таго самага палітычнага капіталу. Хутка ў Гомелі адбудзецца абласная канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў. І яны павінны набраць такую колькасьць галасоў у сваю падтрымку, якая б не была для іх абразьлівай. І яны ня сталі рызыкаваць.

Гэта тычыцца і Статкевіча. У нашым рэгіёне прадстаўнікі яго партыі адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Хоць сам Статкевіч заяўляе, чаму я быў сьведкам, што яны з працэсу не выходзяць”.

(Класкоўскі: ) “Я схільны згадзіцца, што тут рэч ня толькі ў працэдуры, але і ў амбіцыях пэўных асобаў. Калі Вайтовіч спрабуе канцэптуальна крытыкаваць гэты мэханізм вылучэньня, то Казулін крытыкуе не працэдуру, а апрыёры бэсьціць усю партыйную апазыцыю. Тут выяўляецца даўняя хвароба беларускай апазыцыі, якая палягае ў тым, што лідэры, мякка кажучы, ня ўмеюць дамаўляцца між сабою, ва ўсялякім разе, своечасова дамаўляцца. Калі казаць пра прычыны такой сытуацыі, то, акрамя іншага, тут ёсьць жаданьне, калі ня выйграць, займець электаральны посьпех, то займець пэўныя рэсурсы. І на гэтым полі таксама ёсьць канкурэнцыя.

Мяркую, што ў межах гэтага мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата дамінуе карпарацыйны падыход. І з гэтага гледзішча можна зразумець фобіі пэўных кандыдатаў. Яны баяцца, што будуць дыскрымінаваныя. Бо партыйныя актывісты будуць галасаваць за “сваіх”.

Асобыя палітолягі казалі, што спачатку трэба “раскручваць” некалькіх кандыдатаў, потым паглядзець, у каго найбольшы патэнцыял, і зь іх ліку рэальна выбіраць. Але гэта таксама ў нашых умовах з шэрагу прычынаў вельмі цяжка. Таму наконт гэтага можна дыскутаваць. Але застаецца неабходнасьць разарваць гэтае заганнае кола, у якім сёньня апынуўся мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата”.

(Карбалевіч: ) “Калі нічога ня зьменіцца, то кола прэтэндэнтаў ад аб’яднанай апазыці звужаецца да вузкага кола лідэраў апазыцыйных партыяў і далучанага (так хочацца сказать расейскім словам “примкнувшего”) да іх Мілінкевіча. Якія гэта можа мець наступствы для пэрспэктываў кампаніі? Ці не падаецца, што апазыцыя, паспрабаваўшы выйсьці з апазыцыйнага гета, у выніку апошніх падзеяў зноў вяртаецца ў яго?”

(Карняенка: ) “Канечне, рызыкі існуюць. Але я з надзеяй стаўлюся да пэрспэктываў рэалізацыі гэтага праекту, нягледзячы на крытыку. Я лічу, што ні ў якім разе сёньня нельга спыняць гэтага праекту і шукаць нейкага іншага выйсьця. Яго трэба закончыць. Існуюць яшчэ іншыя рызыкі. Па-першае, калі працэдура будзе зацягнутая да восені, як мараць некаторыя палітыкі, таксама маючы нейкія свае мэты, то гэта можа разбурыць тыя (хай слабыя) напрацоўкі, якія ўжо зробленыя. Гэты спыніць увесь працэс вылучэньня.

Я згодны з Класкоўскім, што цяпер калі не дамінуюць, то ўжо відавочныя карпаратыўныя інтарэсы суб’ектаў гэтага працэсу. Хачу зрабіць заўвагу наконт рэплікі свайго суразмоўцы. Мілінкевіча ня вылучылі партыі, а толькі падтрымалі ягонае вылучэньне. Тут ёсьць невялікая розьніца.

Вельмі важна адкінуць карпаратыўныя інтарэсы і наш агульны інтарэс перамогі паставіць на першае месца. Пакуль што гэтага не адбываецца. Рэгіянальныя канфэрэнцыі павінны быць індыкатарам для прэтэндэнтаў, знакам, пэўным сымбалем. Перад правядзеньнем агульнанацыянальнага Кангрэсу дэмакратычных сілаў трэба будзе ўключыць перамоўны працэс і не спадзявацца, што кангрэс вырашыць усе пытаньні.

І апошняе. Лічу памылкай, што “Пяцёрка плюс” ня выступіла адзінай палітычнай сілай, ня выставіла адзінага кандыдата. Тое, што ад “Пяцёркі плюс” вылучана некалькі кандыдатаў, паказала, што як кааліцыя яна пакуль не адбылася”.

(Класкоўскі: ) “Мне бачацца два асноўныя варыянты. Горшы варыянт: апазыцыя ідзе на выбары дзьвюма калёнамі, тым больш трыма ці чатырма. Гэта адразу, апрыёры, азначае сакрушальную паразу. Існуе і больш аптымістычны варыянт. Магчыма, жыцьцё прымусіць апазацыйных лідэраў пайсьці на нейкі кампраміс, аб’яднацца і пачаць скаардынаваную кампанію. Горш будзе, калі апазыцыя пакажа ўсе свае хібы, горшыя якасьці. Гэта будзе азначаць канчатковую страту і так невялікага рэйтынгу”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з моманту ўзьнікненьня працэсу вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі, гэта ўжо другі крызісны момант, які выпрабоўвае на трываласьць гэты плян. Першы раз гэта адбылося, калі ў ім адмовіліся ўдзельнічаць сацыял-дэмакраты разам з Казуліным. І вось другі момант, калі фактычна адмовіліся ад удзелу ў гэтым працэсе чатыры кандыдаты. Чамусьці падаецца, што гэта не апошні паварот, які можа павярнуць усю перадвыбарчую кампанію ў новае рэчышча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG