Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

4 красавіка 1557 нарадзіўся Леў Сапега


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 і 4 красавіка

Пачнем з календара ўчорашняе нядзелі.

3 красавіка 1940 году – чорная дата ў гісторыі сталінскага СССР. У гэты дзень аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў – 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. У адных толькі Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Адзін з палонных, якому дзівам пашчасьціла выжыць – пісьменьнік Юзэф Чапскі назваў пасьля гэтага сталінскую Расею “бесчалавечнай зямлёй”.

3 красавіка ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскі празаік Вашынгтон Ірвінг, майстар апавяданьня; кінаактор Марлон Брандо, які між іншым зьняўся ў фільмах “Хросны бацька” і “Апошняе танга ў Парыжы”, былы канцлер Нямеччыны Гельмут Коль і Ганна Сухоцка – першая жанчына – прэм’ер-міністар Польшчы.

Цяпер – пра сёньняшнія каляндарныя даты.

4 красавіка 1794 году адбылася першая бітва паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта была бітва пад Рацлавіцамі каля Кракава, адкуль Касьцюшка распачаў сваю вызваленчую вайну супраць далучэньня земляў і народаў Рэчы Паспалітай да Расейскай імпэрыі. У бітве пад Рацлавіцамі Касьцюшка меў 4100 жаўнераў і 2000 сялянаў з косамі. Ягонае войска нанесла расейскай рэгулярнай арміі першую паразу, якая адыграла вялікую ролю для пашырэньня вызваленчае вайны на ўсю тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у тым ліку і цяперашняй Беларусі.

4 красавіка 1949 году быў утвораны альянс NATO.

4 красавіка 1557 нарадзіўся адзін з цэнтральных пэрсанажаў беларускай гісторыі – вялікі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Родам ён са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, зь вёскі Астроўна ў цяперашнім Бешанковіцкім раёне. Сярод многіх заслугаў Льва Сапегі – падрыхтоўка Статуту 1588 году: найбольш прагрэсіўнага на той час у Эўропе зводу фэадальнага права, напісанага па-беларуску. Апроч гэтага, Сапега быў таленавітым вайскаводцам і мэцэнатам старажытнай беларускай культуры.

Сярод іншых знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 4 красавіка ў розныя гады, згадаем ангельскага пісьменьніка Майна Рыда, аўтара раману “Коньнік без галавы”; савецкую падпольшчыцу Алену Мазанік, якая ў часы другой сусьветнай вайны падарвала на міне генэральнага камісара Беларусі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, і культавага расейскага кінарэжысэра Андрэя Таркоўскага.
XS
SM
MD
LG