Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Варшаве ў імшы на Дзень міласэрнасьці божай ўдзельнічалі за 150 000 чалавек


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Незадоўга да сваёй сьмерці папа Ян Павал Другі ўстанавіў сьвята “Дзень міласэрнасьці Божай”, які прыпаў акурат на ўчорашнюю нядзелю. З гэтай нагоды, а таксама таму, што касьцёлы не маглі зьмясьціць усіх вернікаў, шмат дзе набажэнствы адбываліся проста на вуліцы.

У Варшаве на пляцы Пілсудзкага ў імшы ўзялі ўдзел больш за 150 тысячаў чалавек. Вернікі маліліся сярод іншага і за тое, каб Ян Павал другі як найхутчэй быў залічаны каталіцкай царквой да ліку сьвятых.

Дарэчы, менавіта на плошчы Пілсудзкага, тады плошчы Перамогі, Папа выступіў падчас сваёй першай пілігрымкі на радзіму ў 1979 годзе – той ягоны выступ быў успрыняты як сыгнал да змаганьня з камуністычным рэжымам.

Варта адзначыць, што за супакой душы папы моляцца таксама і беларусы, якія жывуць у Варшаве. Гаворыць студэнтка Марыя Луцэвіч.

(Луцэвіч: ) “Спачатку быў такі вялікі смутак, балюча было вельмі... Але яму лепш цяпер, чым нам тут. Адзіна што вельмі шкада, што за 26 год свайго пантыфікату ён так Беларусь і не наведаў, хоць быў і ва Ўкраіне і нават у Казахстане. І гэта вялікая страта, бо бліжэй Папы Рымскага чым Папа з Польшчы можа й ня быць на працягу доўгіх гадоў”.

Дадам яшчэ, што цяпер у Польшчы ўсё часьцей зьяўляюцца галасы, якія заклікаюць вернікаў быць годнымі навукі Папы. Між тым, першы некамуністычны прэм’ер-міністар Польшчы Тадэвуш Мазавецкі заявіў, што Пасланьне Папы Яна Паўла Другога змогуць зразумець толькі наступныя пакаленьні людзей.
XS
SM
MD
LG