Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кардыналы зьяжджаюцца на пахаваньне Яна Паўла ІІ і канкляў


Юрась Бушлякоў, Прага У Рым з усяго сьвету зьяжджаюцца кардыналы – яны возьмуць удзел у пахаваньні Яна Паўла ІІ, а пасьля ў канкляве – нарадзе кардыналаў, на якой будзе абраны наступны папа рымскі.

Канкляў пачнецца не пазьней як праз 20 дзён пасьля сьмерці папы – не пазьней за 22 красавіка. Кардыналы зьбяруцца за зачыненымі дзьвярыма ў Сыкстынскай капліцы Ватыкану. Назоў сходу Калегіі кардыналаў паходзіць ад лацінскага выразу con clave – ‘пад ключом’. Кардыналы, выбіраючы новага папу, ня могуць кантактаваць з вонкавым сьветам датуль, пакуль не завершаць свайго выбару.

На сёньняшні дзень пераважае погляд, згодна зь якім наступнікам Яна Паўла ІІ мае стаць італьянец. Такі выбар стасаваўся б з шматвяковай традыцыяй. Вялікае значэньне пры выбары новага папы мае век: кардыналы не паставяць на чале Касьцёлу маладога чалавека. Другая важная ўмова – гэта веданьне кандыдатам многіх моваў. Новы папа абавязкова павінен гаварыць ня толькі па-ангельску, але й па-італьянску, бо стане таксама біскупам Рыму.

Сярод кандыдатаў на пасаду галавы Рымска-каталіцкага Касьцёлу найчасьцей называюць цяпер двух: арцыбіскупа Міляну Дыяніджы Тэтаманці й старшыню папскай рады міжрэлігійнага дыялёгу нігерыйца Фрэнсіса Арынцэ.

Тэтаманці – езуіт, вядомы сваім лібэральным падыходам да касьцельных рэформаў. Яго таксама ведаюць як выдатнага паліглёта – ён гаворыць на 11 мовах. Тэтаманці ніколі не хаваў намераў аб’яднаць вакол сябе прадстаўнікоў як лібэральнага, так і памяркоўнага крыла Касьцёлу. Для Яна Паўла ІІ ён рыхтаваў асноватворныя дакумэнты ў праблемах сям’і й біяэтыкі.

У сваю чаргу Фрэнсіс Арынцэ вядомы як чалавек, блізкі Яну Паўлу ІІ, як чалавек, добра зарыентаваны ў ватыканскі палітыцы. Тое, што ён афрыканец, несумненна, памацніла б пазыцыі Касьцёлу ў трэцім сьвеце. Арынцэ мог бы стаць другім у гісторыі цемнаскурым папам – першым быў Гелясіюс І у 492 – 496 гадох.

Апошні раз Ватыкан праходзіў працэс выбару папы ў 1978 годзе, прычым тады сабраліся адразу два канклявы. Па сьмерці Паўла VІ быў абраны Ян Павал І, які пасьля гэтага пражыў толькі 33 дні. Ягоны пераемнік, кардынал Караль Вайтыла, стаў Янам Паўлам ІІ. 26-гадовы пантыфікат Яна Паўла ІІ – трэці наўдаўжэйшы ў гісторыі Касьцёлу.
XS
SM
MD
LG