Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія дзеячы шкадуюць, што папа рымскі Ян Павал ІІ так і не наведаў Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Сьмерць Яна Паўла ІІ паклала канец надзеям многіх вернікаў на ягоны візыт у Беларусь. Дзеячы беларускай культуры выказваюць шкадаваньне, што ў адрозьненьне ад Літвы і Ўкраіны папа рымскі так і не наведаў Беларусі.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч зазначае, што арганізацыі візыту Яна Паўла ІІ у Беларусь перашкаджалі прэтэнзіі на так званую кананічную прастору ў Беларусі з боку Маскоўскага патрыярхату Расейскай праваслаўнай царквы, якія, на ягоную думку, абсалютна неабгрунтаваныя:

(Шушкевіч: ) “Мне здаецца, веліч гэтага чалавека была такой, што сёньня павінна быць сорамна тым, хто перашкаджаў, каб яго запрасілі ў Беларусь. Я маю на ўвазе маскоўскую праваслаўную царкву, якая, на жаль, ня лепшым чынам ставілася да тых новаўвядзеньняў, якія Ян Павал ІІ увёў у Касьцёле і якія ён уводзіў у сьвеце”.

На думку спадара Шушкевіча, візыт Яна Паўла ІІ мог бы наблізіць праваслаўную і каталіцкую цэрквы ў Беларусі. Спадар Шушкевіч прыгадвае, што калі ён у 1974 годзе працаваў візыт-прафэсарам у Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве, яму ўдалося праслухаць пяць казаньняў Караля Вайтылы.

(Шушкевіч: ) “Відавочна, гэта многа зьмяніла ў маім жыцьці... Тады я мала што разумеў, я думаў, як такое дапускаюць у нашым савецкім лягеры... Памятаю дасюль большасьць гэтых казаньняў. Гэта было вельмі цікава, гэта быў фэст па Кракаве зь пяцьцю алтарамі па дарозе. Ну, а другая падзея ў маім жыцьці, зьвязаная зь Янам Паўлам ІІ, – гэта тое, што я атрымаў ад яго пэрсанальны ліст, я ім ганаруся па сёньняшні дзень. Ён мне напісаў, што Касьцёл з павагаю ставіцца да нашай краіны і што народ Беларусі павінен гаварыць з Богам на сваёй роднай мове, і Сьвяты пасад усё для гэтага зробіць”.

Станіслаў Шушкевіч прыгадаў ліст, які ён атрымаў ад папы рымскага ў 1993 годзе. Паэт Генадзь Бураўкін сьмерць Яна Паўла ІІ назваў вялікай стратаю для ўсяго чалавецтва:

(Бураўкін: ) “Тое, што зрабіў гэты выдатны сын Польшчы для захаваньня і паляпшэньня сьвету нашага зямнога, гэта бясспрэчна выдатна, ягоная энэргія, талент, у тым ліку й літаратурны, ня кажучы ўжо пра іншыя, ягоная мужнасьць, якую ён паказваў да апошніх дзён жыцьця, – гэта сапраўды прыклад таго, як чалавек павінен служыць людзям, чалавецтву, як чалавек павінен імкнуцца ў сваім канкрэтным жыцьці адпавядаць боскім ідэалам”.

Генадзь Бураўкін зазначыў, што беларусы будуць шкадаваць, што Ян Павал ІІ мог і хацеў прыехаць на іх зямлю, але ня здолеў зрабіць гэтага. Спадар Бураўкін перакананы, што прыезд Яна Паўла ІІ у Беларусь паспрыяў бы духоўнаму ачышчэньню Беларусі.

(Бураўкін: ) “Тым людзям, якія чамусьці лічаць, што іхняя ўлада на нейкім канкрэтным гістарычным адрэзку часу на нашай зямлі дужа вялікая, ім не хапіла ні розуму, ні адчуваньня пэрспэктывы, ні адказнасьці перад сваім народам, каб паспрыяць яго прыезду і каб у гісторыі Беларусі была й такая старонка, што на нашай зямлі пабыў гэты вялікі прадстаўнік людзтва”.

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў выказвае вялікую ўдзячнасьць Яну Паўлу ІІ за ягонае спрыяньне беларушчыне.

(Трусаў: ) “Я яму вельмі ўдзячны, што гэта першы рымскі папа, які разумеў, што Беларусь – гэта народ са старажытнай мовай і культурай. Ён прамаўляў па-беларуску, ён добра ведаў нашую гісторыю, і дзякуючы яму ўпершыню за 500 гадоў касьцёл у Беларусі стаў беларускім. Гэта ўнікальная заслуга папы, і я думаю, што толькі гадоў праз 100 ці 200 мы зразумеем, што ён для нас зрабіў”.

Алег Трусаў лічыць, што прычына таго, што візыт папы ў Беларусь не адбыўся, у тым, што беларусы яшчэ не гатовыя да гэтага. Ён спадзяецца, што наступны папа абавязкова наведае Беларусь.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка сёньня перад адлётам у Сочы таксама выказаўся са шкадаваньнем, што папа Ян Павал ІІ не наведаў Беларусі. Лукашэнка заявіў, што Ян Павал ІІ пражыў дастойнае жыцьцё, быў вялікім чалавекам і любіў Беларусь. Беларускі прэзыдэнт таксама заявіў, што папа нібыта падтрымліваў праводжаную ў Беларусі палітыку, якая мае сацыяльную накіраванасьць.
XS
SM
MD
LG