Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ян Павал ІІ: Жалобныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі


Альгерд Невяроўскі, Менск Кіраўніцтва Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі абвясьціла жалобу па памерлым пантыфіку. Беларускія каталікі смуткуюць з нагоды сьмерці папы.

Жалобным звонам распачыналася 3 красавіка кожная імша ва ўсіх беларускіх касьцёлах. Нягледзячы на тое, што першая нядзеля пасьля Вялікадня радасная і называецца нядзеляй Божай міласэрнасьці, настрой у храмах быў несьвяточны. Над касьцёламі разьвяваюцца бела-жоўтыя сьцягі Ватыкану з жалобнымі стужкамі, ва ўнутраным убранстве храмаў дамінуе чорны колер. Такім чынам каталіцкія вернікі разьвітваюцца з памерлым у суботу ўвечары папам. Вось што казалі вернікі перад пачаткам набажэнства ў менскім Чырвоным касьцёле:

(Верніца: ) “Шкада вельмі. Я вельмі хацела, каб ён прыехаў у Беларусь, у Менск. Вельмі чакала і малілася за гэта. І вось не атрымалася”.

(Верніца: ) “Мы ўсе маліліся, каталікі, усёй сям’ёй. Вельмі шкадуем, бо ад нас адышоў вельмі вялікі чалавек, які вельмі шмат зрабіў для людзей, для палітыкі. Каб людзі ва ўсім сьвеце аб’ядналіся. Няхай яму будзе Царства нябеснае!”

(Вернік: ) “Памёр вялікі чалавек. Мы ўсе назіралі і маліліся за здароўе папы, і вось яго ня стала. Сьвет асірацеў”.

Асобе Яна Паўла ІІ было прысьвечанае казаньне менска-магілёўскага мітрапаліта кардынала Казімера Сьвёнтка падчас польскамоўнай імшы ў менскім Катэдральным касьцёле:

(Кардынал Сьвёнтак: ) “Страта папы Яна Паўла ІІ – гэта страта для ўсяго чалавецтва. Ён, абдораны дарамі Сьвятога Духа, як кіраўнік Каталіцкага Касьцёлу вёў гэты Касьцёл па бурлівых хвалях гісторыі. Сёньня няма такога чалавека, веруючага альбо няверуючага, які б не схіліў галавы перад веліччу памерлага папы”.

Кардынал Сьвёнтак таксама прыгадаў свае шматлікія сустрэчы з папам і выказаў спадзяваньне, што Ян Павал ІІ будзе кананізаваны. Менска-магілёўскі мітрапаліт абвясьціў, што жалоба будзе працягвацца да пахаваньня Яна Паўла ІІ. Падчас цырымоніі пахаваньня рымскага пантыфіка ва ўсіх касьцёлах Беларусі будуць біць званы. Сам кардынал у найбліжэйшыя дні зьбіраецца выехаць у Ватыкан.

Свае спачуваньні з нагоды сьмерці папы кіраўніцтву Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі выказаў праваслаўны патрыяршы экзарх мітрапаліт Філарэт:

(Мітрапаліт Філарэт: ) “Хачу выказаць свой малітоўны настрой і пажаданьне і просьбу да Госпада, каб ён супакоіў душу памерлага раба свайго Яна Паўла ІІ. Рымска-каталіцкаму Касьцёлу даў мудрасьці, таму канкляву даў мудрасьці, які будзе вырашаць далейшы лёс рымскага пасаду”.
XS
SM
MD
LG