Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет разьвітваецца з Папам Янам Паўлам Другім


ВАТЫКАН. Цела памерлага Папы Яна Паўла Другога выстаўленае ў Апостальскім палацы Ватыкану, дзе зь ім разьвітваюцца кардыналы курыі, прадстаўнікі ўладаў Італіі і замежныя дыпляматы. У Рыме на плошчы сьвятога Пятра адбылася жалобная імша, якая паклала пачатак дзевяці дням жалобы па Яну Паўлу Другому. У Італіі жалоба абвешчаная на тры дні. Нацыянальная жалоба абвешчаная таксама на радзіме пантыфіка ў Польшчы, на Кубе ў шэрагу іншых краінаў сьвету. Спачуваньні ў Ватыкан ідуць адусюль, у тым ліку, і з многіх мусульманскіх краінаў. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што глыбока смуткуе з нагоды сьмерці пантыфіка, якога ён назваў нястомным змагаром за мір. Глыбокую жалобу выказала Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэта Другая, кіраўнікі многіх краінаў сьвету. Прэзыдэнт ЗША ў жалобнай заяве назваў Папу Яна Паўла Другога “героем на вякі”. У панядзелак цела Папы будзе выстаўленае дзеля агульнага разьвітаньня ў саборы Сьвятога Пятра. Дата пахаваньня пакуль не названая. Самай верагоднай датай пакуль называецца серада 6 красавіка. Пасьля пахаваньня, але не пазьней, як праз 20 дзён пасьля сьмерці Папы, кардыналы рыма-каталіцкай царквы зьбяруцца ў Сыкстынскай капэле на тайныя выбары пераемніка. Сёньня Ватыкан выпусьціў афіцыйнае сьведчаньне пра сьмерць Папы, у якім прычынамі сьмерці названыя сэптычны шок і абшырны інфаркт. Ян Павал Другі памёр у суботу ўвечары на 85-м годзе жыцьця.. Кардынал Караль Вайтыла узышоў на Апостальскі пасад у 1978 годзе. Вялікія намаганьні за 26 гадоў пантыфікату Папа Ян Павал Другі скіраваў на зьяднаньне каталіцкай царквы і дыялёг зь іншымі канфэсіямі.
XS
SM
MD
LG