Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр папа Ян Павал Другі – нэкралёг


Сяргей Шупа, Прага Першы папа-славянін памёр у суботу, 2 красавіка, у 22.37 паводле беларускага часу ў веку 84 гадоў. Ян Павел Другі (сапраўднае імя – Караль Вайтыла) нарадзіўся ў 1920 годзе ў Польшчы і сфармаваўся як асоба ва ўмовах крызысаў і катаклізмаў ХХ стагодзьдзя. Будучы маладым чалавекам, ён перажыў гітлераўскую акупацыю Польшчы, быў непасрэдным сьведкам Галакосту, і ўзначаліў рыма-каталіцкую царкву, стаўшы маяком надзеі падчас змрочных гадоў камунізму ва Ўсходняй Эўропе. Абраны папам падчас Халоднай вайны ў 1978 годзе, Ян Павел Другі адыграў важную ролю ў падзеньні таталітарызму ва Ўсходняй Эўропе.

Папа Ян Павел Другі пасьля свайго абраньня калегіяй кардыналаў 16 кастрычніка 1978 году зьвярнуўся да вернікаў, што сабраліся на пляцы Сьвятога Пятра ў Рыме:

(Ян Павал Другі: ) “Ня ведаю, ці здолею я спраўна выказацца на вашай – “нашай” – італьянскай мове... Калі я памылюся – вы мяне паправіце?”

Караль Юзэф Вайтыла быў першым папам-неітальянцам, які заняў апостальскі пасад за апошнія 455 гадоў. Кракаўскі кардынал быў таксама першым папам-славянінам, а таксама наймаладзейшым папам за апошнія 132 гады – у дзень абраньня яму было 58 гадоў.

Ужо гэтыя факты сьведчылі пра набліжэньне пераменаў, але рэвалюцыя яшчэ толькі пачыналася. Менш чым праз восем месяцаў пасьля абраньня, Вайтыла наведаў Польшчу.

Яго трыюмфальны дзевяцідзённы візыт у часы харчовага дэфіцыту занепакоіў камуністычныя ўлады і пасеяў у Польшчы зярняты супраціву. Пасьля гэтага папа працягваў жыцьцёва важную падтрымку антыкамуністычнага руху “Салідарнасьць”.

У 1995 годзе Ян Павел Другі выступіў на Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. Ён падкрэсьліў сваё перакананьне, што хрысьціянскія ідэалы дапамогуць народам Усходняй Эўропы скінуць ярмо камунізму

(Ян Павал Другі: ) “Негвалтоўныя рэвалюцыі 1989 гаду паказалі, што імкненьне да свабоды нельга здушыць. Яно ўзьнікае з прызнаньня неацэннай годнасьці і каштоўнасьці чалавечай асобы і непазьбежна суправаджаецца гатовасьцю служыць інтарэсам чалавечай асобы. Сучасны таталітарызм быў перадусім замахам на годнасьць асобы, да той ступені, што адмаўлялася нават неад’емная каштоўнасьць кожнага чалавечага жыцьця. Рэвалюцыі 1989 году сталіся магчымыя дзякуючы адданасьці адважных людзей, натхнёных зусім іншай, значна больш глыбокай і магутнай ідэяй”.

Адважным шмат хто называў і самога папу ў 1981 годзе, калі ён нейкім цудам выжыў пасьля двух стрэлаў ва ўпор на пляцы Сьвятога Пятра ў Рыме.

Чалавек, які спрабаваў яго забіць – Мэхмэт Алі Агджа – спачатку сказаў уладам, што працуе на баўгарскую выведку, як вядома, зьвязаную з КГБ. Аднак пазьней Агджа адмовіўся ад гэтай заявы. Калі Ян Павел Другі наведаў яго ў турме, каб прабачыць яму, агаломшаны Агджа спытаўся: “Як жа я вас не забіў?”

Папу аднак давялося перажыць і іншыя нягоды.

На пачатку 90-х гадоў зь ягоных кішак была выдаленая перадракавая пухліна, і хадзілі пагалоскі, што жыць яму застаецца нядоўга. Гэтыя пагалоскі ўзмацніліся, калі ў 1994-м пасьля пералому нагі яму перасадзілі костку. Да таго ж, ён цярпеў ад хваробы Паркінсона – гэты факт быў афіцыйна прызнаны толькі ў 2001 годзе.

За чвэрць стагодзьдзя на апостальскім пасадзе з уласьцівай яму надзвычайнай энэргіяй папа наведаў больш за 120 краінаў. Як ніводзін ягоны папярэднік, Ян Павел Другі ўжываў сучасныя тэхналёгіі, каб данесьці сваё пасланьне ва ўсе куткі нашай плянэты.

Скарыстоўваючы свае акторскія здольнасьці, набытыя падчас вучобы ў Кракаўскім Ягелонскім унівэрсытэце, папа часта выступаў у тэлевізіі, на моладзевых фэстывалях і перад натоўпамі паломнікаў, якія часам налічвалі да мільёна чалавек – і звычайна зьвяртаўся да вернікаў на іхняй мове.

Пасьля катастрафічнага цунамі ў Азіі 6 студзеня сёлета папа зьвярнуўся да паломнікаў у Ватыкане:

(Ян Павал Другі: ) “Зноў і зноў згадваючы ў малітвах маладыя ахвяры цунамі ў Азіі, я не забываюся пра тых дзяцей, якія становяцца ахвярамі голаду і хваробаў, вайны і тэрарызму, або тых дзяцей, якіх выкрадаюць ці выкарыстоўваюць у ганебным бізнэсе”.

Папа часта казаў, што сам Ісус два тысячагодзьдзі таму, узьнімаў гэткія праблемы. І сапраўды, сутнасьць пасланьня Яна Паўла Другога заўсёды мела глыбокія карані ў традыцыі.

У гэткіх пытаньнях як аборты, кантроль над нараджальнасьцю, гомасэксуалізм, разводы, высьвячэньне жанчын-сьвятароў, папа заставаўся бескампрамісны, што часта выклікала жорсткую крытыку – нават унутры самой царквы. Аднойчы ён зазначыў: “Царква ня можа быць сходам вальнадумцаў... Пытаньні аб ісьціне нельга вырашаць галасаваньнем”.

Ян Павел Другі заклікаў сьвятароў да маральнай і сацыяльнай актыўнасьці, але папярэджваў іх супраць непасрэднага ўдзелу ў палітыцы. Напрыклад, падчас візытаў у краіны Лацінскай Амэрыкі ён крытыкаваў дактрыну “тэалёгіі вызваленьня”.

Папа заставаўся верны свайму бачаньню каталіцызму як веры сучаснай у яе ўвазе да маральных і сацыяльных патрэбаў чалавецтва і разам з тым нязьменнай ў яе галоўных прынцыпах. Для яго абодва гэтыя прынцыпы былі неаддзельныя.

Папа таксама змагаўся за зьнішчэньне этнічных і экумэнічных бар’ераў. Падчас візыту ў Сьвятую Зямлю ў 2000 годзе, ён ад імя каталіцкай царквы выступіў з гістарычным афіцыйным выбачэньнем за антысэмітызм:

(Ян Павал Другі: ) “Я хачу запэўніць гэбрайскі народ, што каталіцкая царква глыбока засмучаная нянавісьцю, перасьледам і выяўленьнем антысэмітызму, скіраванымі супраць гэбраяў з боку хрысьціянаў ва ўсе часы і ва ўсіх краінах”.

Спадчына часта бывае супярэчлівая. Часта для яе справядлівай ацэнкі патрабуюцца гады. Але адно ясна і цяпер: Караль Вайтыла дапамог сфармаваць эпоху, у якую ён жыў – гэтак жа, як і яна сфармавала яго.
XS
SM
MD
LG