Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тыя людзі, якія ўжо былі ва ўладзе і бяздарна страцілі яе – нікому і дарэмна непатрэбны”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 4 красавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Наконт апазыцыі і чаму так мала людзей зьбіраецца на мітынгах я хацеў бы сказаць, што ўсё ж такі мала хто ведае пра апазыцыю. Нават такую газэту як “Народная Воля” у маёй акрузе ніхто ня ведае. Я лічу, што трэба ісьці ад хаты да хаты, ад парогу да парогу, каб людзі ведалі, раскідваць улёткі, рэклямаваць свае ідэі. Але гэтага не адбываецца, апазыцыя – у спрэчках”.

(Спадарыня: ) “Чаму 25 сакавіка 2005 году мала выйшла грамадзянаў Беларусі разам адзначыць утварэньне беларускага народу і рэспублікі ў 1918 годзе – таму што ў чарговы раз сюды быў сагнаны ўзброены лукашэнкаўскі АМОН, які сьцяною стаяў перад тымі, хто сабраўся, і выціскаў спакойных людзей рознага ўзросту з плошчы, не даваў магчымасьці разам правесьці гэты гістарычны дзень.

Беларускі народ зь вялікай удзячнасьцю сустрэў даклад Андрыяна Сэвэрына аб дыктатарскім рэжыме ў Беларусі. Але мала турбавацца за наш лёс. Замежныя краіны павінны знайсьці спосаб дапамагчы беларусам пазбавіць улады камуністычнага пасьлядоўніка Імпэрыі Зла. Лукашэнка – наш сорам, зьнявага чалавечай годнасьці, нацыянальнай годнасьці, пагроза нашай будучыні”.

(Спадар: ) “Чаму дэманстрацыі апазыцыі нешматлікія? А таму што наш народ не паважае самага сябе, ня цэніць сваю мову, сваю культуру. Башкіры і татары размаўляюць на сваёй мове, а ў нас нідзе і не чуваць беларускай мовы. Не разумеюць і таго, што ў нас ёсьць таленавітыя людзі, каб кіраваць дзяржавай. Неабходна толькі адно – каб народ мог бачыць і слухаць гэтых людзей. А Лукашэнка са сваімі прыдворнымі не дазваляе гэтага рабіць”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Хачу сказаць, што ня трэба вылучаць у кандыдаты Казуліна. Гэта ж маскаль! Нам неабходны чалавек, які б мог размаўляць па-беларуску! А гэта ж маскаль, ён і нас, і Беларусь, і гісторыю закапае”.

(Саскевіч Мікола: ) “Хачу задаць пытаньне вялікаму навукоўцу з сусьветным імем, нашаму ліцьвіну, па-цяперашняму – беларусу, Барысу Кіту. Першае. Ці згодны вы, што пачвара-камуніст Сталін і пачвара-фашыст Гітлер разам разьвязалі 2-ю сусьветную вайну? Другое: хачу пачуць праўду, што адбывалася ў нашай краіне Беларусь, калі яе акупаваў камуніст Сталін, а потым і фашыст Гітлер. Рускія, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы свабодна расказваюць пра тое, што адбывалася ў краінах, а вось нашы беларусы чамусьці ўвесь час баяцца. Нават на Радыё Свабода гэтая тэма нейкае табу. Гэта ж наша гісторыя, і я хачу ведаць усё.

Яшчэ я чуў, што Вы ведалі нашага прэзыдэнта Радаслава Астроўскага. Я хачу ведаць, які ён быў чалавек, што ён думаў пра гэтую жахлівую вайну і якую Беларусь ён жадаў бачыць. І што Вы думаеце аб каварным кэгэбэшным рэжыме, які ўтварыўся цяпер у Расеі і які кантралюе наш дыктатарскі рэжым на Беларусі.

І яшчэ я лічу, што прэзыдэнтам нашай краіны павінен стаць Зянон Станіслававіч Пазьняк, і што толькі ён павінен быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Як Вы да гэтага ставіцеся? І якая Ваша ацэнка таго, што адбываецца на Беларусі? І як Вы ставіцеся да ЗША, якая гэта краіна з вашага пункту гледжаньня?”

(Банкевіч Генадзь: ) “Шаноўная рэдакцыя Радыё Свабода! Ці чулі вы такую навіну, што пасьля сьвяткаваньня шасьцідзесяцігодзьдзя перамогі савецкіх войскаў над фашысцкай Нямеччынай, базуючыся на дасягненьнях беларускай эканомікі, будзе прыняты новы грашовы дэкрэт аб стабілізацыі беларускага рубля і прывязкі яго да эўра? Паўсюдна будзе праводзіцца зьніжэньне цэнаў, а для апазыцыі будзе прыняты доўгачаканы новы дэмакратычны выбарчы закон”.

(Ігнаць: ) “Шаноўная Радкевіч! Вось вам яскравы доказ, чаму беларусаў цяжка вывесьці на вуліцу, я маю на ўвазе абурэньне слухача на ваш жарт. Але гэта цалкам адносіцца і да прыняцьця адзінага прэтэндэнта. Думаю, посьпех быў бы большым, калі б гэты адзіны ставіў бы мэту скінуць рэжым, а потым правесьці свабодныя выбары парлямэнта і прэзыдэнта. Гэта не красавіцкі жарт”.

(Уладзік Падгалы: ) “Паводзіны апазыцыі 25 сакавіка ў Менску яшчэ раз пераканалі мяне і маіх сяброў у тым, што ніякай надзеі, як на рэальную сілу, няма на яе. Гэтыя людзі абыякавыя да лёсу беларускага народу, разбэшчаныя замежнымі грашыма, гэта ганарыстая, фанабэрыстая шляхта, да якой ня можа быць ні пашаны, ні надзеі на яе.

Мы можам зразумець, што людзі выйшлі на плошчу памылкова, што ў Клімава не было надзеі на посьпех. Але Клімаў не правакатар! Яго абавязкова патрэбна было падтрымаць, выкарыстаць энтузіязм рэвалюцыйна-настроеных змагароў за свабоду ў мэтах апазыцыі. Але гэтага ня здарылася, апазыцыя сама выступіла ў ролі правакатара, што і адзначаюць зараз нават яе замежныя крэдыторы.

Кіньце гэтую брудную справу, шукаць прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта сярод іх! Вы любіце прымаўкі – гэта добрая справа. Дык і я скажу: злазьце з даху і ня псуйце гонты. Тыя людзі, якія ўжо былі ва ўладзе бяздарна страцілі яе, бо нічога не зрабілі для дзяржавы – нікому і дарэмна непатрэбны. А вы яшчэ клічаце нас змагацца за іх, галасаваць… Марна ўсё гэта!”
XS
SM
MD
LG