Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія і рэлігійныя дзеячы Беларусі пра ролю Яна Паўла ІІ у гісторыі


Валер Каліноўскі, Менск За станам здароўя Яна Паўла ІІ, за падзеямі ў Рыме сочаць ня толькі каталікі, але й вернікі іншых канфэсіяў, грамадзкія й рэлігійныя дзеячы Беларусі. Іх думкі пра ролю папы Яна Паўла ІІ у гісторыі сьвету, Эўропы, Беларусі запісаў наш карэспандэнт.

Адзін з пачынальнікаў беларускага адраджэньня прафэсар Юры Хадыка перакананы, што Ян Павал ІІ зьяўляецца вялікім чалавекам і гістарычнай асобай.

(Хадыка: ) “Ён, па-мойму, належыць да шэрагу найвялікшых асобаў усёй гісторыі чалавецтва. Ён зрабіў велізарны ўплыў на тое, што адбываецца ў сьвеце ў апошнія 20 гадоў. Яму належыць такі вызначальны ўнёсак у мірны пераход ад камуністычных рэжымаў да дэмакратызацыі амаль у дзясятках краінаў Эўропы. Шкада, што Расейская праваслаўная царква не знайшла магчымасьці запрасіць папу і ў Расею, і ў Беларусь. Бо Лукашэнка глядзіць у рот патрыярху маскоўскаму…”

Культуроляг Вацлаў Арэшка назваў знаходжаньне Яна Паўла ІІ на чале каталіцкага Касьцёлу цэлай эпохай.

(Арэшка: ) “Я б сказаў, што гэта першы і апошні ў гісторыі наш папа. Наш, таму што ён з нашага рэгіёну, таму што ён значна бліжэйшы да Беларусі, да нашых праблемаў. І ён павярнуў Рым тварам да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”.

Вацлаў Арэшка мяркуе, што беларусы самі вінаватыя ў тым, што да іх, у адрозьненьне ад літоўцаў ці украінцаў, Ян Павал ІІ так і не прыехаў.

(Арэшка: ) “Каб мы раней навялі парадак у Беларусі, то, напэўна, мы б яго маглі прыняць, бо пры Лукашэнку гэта было б немагчыма”.

Кіраўнік Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Беларусі Сяргей Хоміч таксама шкадуе, што Ян Павал ІІ не прыяжджаў у Беларусь. Спадар Хоміч згадвае, што пантыфік знайшоў мужнасьць прызнаць памылкі свайго Касьцёлу ў мінулым і папрасіць прабачэньня за іх.

(Хоміч: ) “Разам з тым ён строга трымаўся і духу, і літары Сьвятога Пісьма, ён не паплыў па хвалях лібэралізму, каталіцкі Касьцёл уздымаў свой голас пад яго кіраўніцтвам у абарону маралі, і калі ягоны наступнік будзе такім самым, то мы будзем гэта толькі вітаць”.

Кіраўнік пяцідзясятніцкай царквы Беларусі Сяргей Хоміч падчас нядзельнай службы зьбіраецца памаліцца і за блаславеньне Яна Паўла ІІ.

Кіраўнік грамадаў прагрэсіўнага юдаізму Беларусі Якаў Басін таксама вельмі высокай думкі пра Яна Паўла ІІ. Ён згадвае, як той упершыню ў гісторыі наведаў рымскую сынагогу і назваў габрэяў старэйшымі братамі хрысьціянаў ды папрасіў у іх прабачэньня за ўціск у папярэднія стагодзьдзі. Спадар Басін назваў папу рымскага самым цікавым і пасьлядоўным чалавекам ХХ стагодзьдзя.

(Басін: ) “Ён быў пасьлядоўна дэмакратычны… Я глыбока паважаю гэтага чалавека за той вялізны ўнёсак, які ён зрабіў ва ўсталяваньне нармальных чалавечых адносінаў паміж хрысьціянскім, у першую чаргу каталіцкім сьветам, і сьветам юдэйскім”.

Супрацоўнік каталіцкага выдавецтва “Про Хрысто” Мікола Гракаў згадвае сваю сустрэчу з папам рымскім дзесяць гадоў таму падчас міжнароднага моладзевага форуму ў Маніле.

(Гракаў: ) “Тады Сьвяты Айцец разам з моладзьдзю прысутнічаў на чуваньні і разам з намі сьпяваў, маліўся. І нават як добры бацька ці дзядуля пару разоў жартаўліва прыгразіў сваім посахам, каб падкрэсьліць свой айцоўскі аўтарытэт. Ну й моладзь, якой там было вельмі шмат, з усіх краінаў сьвету, адказвала любоўю. Гэтага немагчыма падрабіць, гэтая любоў, якой карыстаўся гэты чалавек, сьведчыць шмат пра што. Бо моладзь не ўспрымае тых людзей, якія гуляюць на публіку, удаюць зь сябе штосьці… Гэты ж чалавек карыстаўся сапраўды вельмі вялікай любоўю”.
XS
SM
MD
LG