Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Папа Ян Павал ІІ у вельмі цяжкім стане


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Стан Папы Яна Паўла ІІ, паводле апошніх паведамленьняў Ватыкану, застаецца вельмі цяжкім. Каталікі па ўсім сьвеце рыхтуюцца пачуць трагічнае паведамленьне пра ягоную сьмерць.

У апошнім спадзяваньні мільёны людзей на плянэце моляцца за Папу. У Папы слабое дыханьне, нізкі крывяны ціск, дрэнна дзейнічаюць сэрца і ныркі. Як паведаміў прадстаўнік Ватыкану Хаакін Навара-Вальс, пантыфік не знаходзіцца ў коме, ён усё яшчэ расплюшчвае вочы, калі да яго зьвяртаюцца, але ягоны стан “вельмі сур’ёзны”.

Італьянская тэлевізія працытавала аднаго з ватыканскіх кардыналаў, які сёньня наведаў Папу. Кардынал сказаў, што Ян Павал Другі ведае, што памірае, і што ён яму сказаў апошняе “да пабачэньня”.

Усю ноч тысячы людзей заставаліся на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме, побач з рэзыдэнцыяй Папы Яна Паўла Другога. Яны маліліся і са сьлязьмі на вачох прасілі Папу “Заставайся з намі! Не пакідай нас!” Сотні тысячаў вернікаў па ўсім сьвеце правялі мінулую ноч у малітвах. На Сьвятой Зямлі – у Ерусаліме і Бэтлееме – ля галоўных хрысьціянскіх храмаў – моляцца палестынскія каталікі.

Ва ўсіх касьцёлах Польшчы, на радзіме Яна Паўла Другога, Караля Вайтылы, адбываюцца прысьвечаныя яму набажэнствы. Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса адзначыў вялікую ролю Папы ў тым, што краіна вызвалілася ад камунізму.

(Валэнса: ) “Асабіста для мяне ён – апостал Пётр нашага часу. Я – сур’ёзны вернік, і ў зьвязку з гэтым я гляджу на Пятра нашага часу і слухаю, што ён гаворыць на рэлігійныя тэмы. А ў іншых тэмах ён меў уплыў на іншыя рэчы. Безь яго быў бы яшчэ камунізм, а мы мелі б вялікія праблемы. Вось жа ён паўплываў на надзеі, абудзіў народы, а астатняе зрабілі самі народы, і мы маем сёньня свабоду”.

26-гадовы пантыфікат Яна Паўла Другога быў ня толькі трэцім паводле працягласьці за ўсю гісторыю рыма-каталіцкай царквы, але і адным з самых багатых на падзеі. Ян Павал Другі з усіх Папаў найболей падарожнічаў па сьвеце, заклікаючы людзей ва ўсім сьвеце да міру, цярпімасьці, дапамогі бедным і хворым. Сьвет адзначае таксама ягоную вядучую ролю ва ўсталяваньні болей шчыльных стасункаў з габрэямі і мусульманамі.
XS
SM
MD
LG