Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Павал Другі, яго жыцьцё і спадчына


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ян Павал Другі – Караль Юзэф Вайтыла – нарадзіўся 18 траўня 1920 году ў мястэчку Вадавіцэ каля Кракава. Сям’я Вайтылы, а ў яго быў яшчэ старэйшы брат Эдмунд, жыла даволі сьціпла – з заробку бацькі-чыноўніка. Каталіцкую царкву кардынал Вайтыла ўзначаліў у 1978 і стаў першым Папам цягам 455 гадоў, які не паходзіць з Італіі. Пра жыцьцё Папы, ягонае значэньне для Польшчы і ўсяго сьвету расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам – ён добра вучыўся, рэгулярна граў у футбол і езьдзіў на лыжах, а таксама браў актыўны ўдзел у працы школьнага тэатру. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў сьмерць самых блізкіх людзей – памерла ягоная маці і брат, а ў 1941 годзе памер і ягоны бацька.

У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэта польскай філялёгіі Ягелонскага ўнівэрсытэту, што ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. Вайтыла быў сябрам падпольнай арганізацыі “Унія”, якая, сярод іншага, хавала габрэяў ад фашыстаў, а таксама, разам зь сябрамі, сур’ёзна займаўся тэатральнымі пастаноўкамі.

Аднак у 1943 будучы Папа нечакана кінуў тэатар і вырашыў вывучаць тэалёгію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасьля сканчэньня вайны Вайтыла працягнуў вучобу ў Рыме і стаў сьвятаром.

У 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала.

Як стала вядома ўжо пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму, спэцслужбы народнай Польшчы ўважліва сачылі за кракаўскім біскупам і актыўна, але безвынікова шукалі на яго кампрамат.

16 кастрычніка 1978 году ў 18:44 вернікі, якія сабраліся на пляцы сьвятога Пятра, пачулі афіцыйнае паведамленьне: “Папа абраны – ім стаў кардынал Караль Вайтыла”.

Абраньне Папам грамадзяніна сацыялістычнай краіны мела значны ўплыў на далейшыя падзеі ва Ўсходняй Эўропе і Азіі. Вось што сказаў нашаму радыё былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса:

(Валэнса: ) “Гэта быў вельмі цяжкі працэс. У нас доўгі час не атрымлівалася аб’яднацца. Пасьля столькіх паразаў людзі ўжо ня верылі ў канец камунізму. Я цягам 20 гадоў зьбіраў вакол сябе людзей, гатовых да змаганьня, і ведаеце колькі назьбіраў – 10 чалавек былі гатовыя змагацца! Астатнія ня верылі, былі зламаныя, з галавой, задуранай камуністычнай прапагандай. І тут адбылося нешта непраўдападобнае – у 1978 годзе паляк стаў Папам!

Праз год Папа прыехаў у Польшчу – мільёны людзей прыходзілі на сустрэчы зь ім. Тады ва ўсім сьвеце пачалі думаць – што ж гэта робіцца ў гэтай камуністычнай краіне? Гэта дапамагло абудзіць народ – польскі народ абудзіўся, а разам зь ім і іншыя. Народ перастаў баяцца. Бо Сьвяты айцец, сярод іншага, гаварыў: ня бойцеся – зьмяняйце аблічча гэтай зямлі. Праз год пасьля пілігрымкі Папы я змог арганізаваць ужо 10 мільёнаў чалавек, якія былі гатовыя да змаганьня. Без абуджэньня народу Сьвятым Айцом гэтага б не атрымалася”.

Вось што сказаў Папа ў Польшчы ў часе першай пілігрымкі:

(Папа: ) “З глыбіні гэтага тысячагодзьдзя, напярэдадні сьвята Пяцідзесятніцы, заклікаю, заклікаю разам з Вамі: няхай Дух Сьвяты сыдзе і адновіць аблічча зямлі.... гэтай зямлі”.

(Валэнса: ) “Менавіта тыя два дададзеныя Папам на Плошчы перамогі ў Варшаве словы – “гэтай зямлі”, ды словы аб тым, што “ня можа быць справядлівай Эўропы без незалежнай Польшчы” і сталі для палякаў сыгналам да пераменаў”.

13 траўня 1981 году ў часе аўдыенцыі на пляцы сьвятога Пятра на Яна Паўла другога быў зьдзейсьнены замах – ён быў паранены. Дагэтуль невядома, хто насамрэч стаяў за гэтым замахам. Паводле адной з вэрсіяў, гэта быў савецкі КГБ.

Характэрнай рысай пантыфікату Яна Паўла Другога сталіся пілігрымкі – ніводны зь ягоных папярэднікаў не наведаў столькі краінаў.

Вялікі ўнёсак Папа зрабіў і ў справу прымірэньня паміж рэлігіямі, а таксама ў тое, каб наблізіць царкву і ўласна асобу пантыфіка да вернікаў. Для мільёнаў людзей Ян Павал Другі стаў найвялікшым маральным аўтарытэтам у сьвеце.

Ян Павал Другі заўсёды любіў сваё роднае мястэчка Вадавіцэ і Кракаў, які стаў для яго родным. Некаторыя землякі Папы памятаюць Караля Вайтылу яшчэ маленькім хлопчыкам, які разам зь сябрамі з зайздрасьцю глядзеў з вуліцы праз шыбы на ўладальніка кандытарскай: вось дзе пашчасьціла, ён жа можа гэта ўсё пакаштаваць!

(Жыхарка Вадавіцэ: ) “Мне так яго шкада. Не было такога Папы ніколі і ня будзе”.
XS
SM
MD
LG