Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Торт з надпісам “Расея + Беларусь = рэвалюцыя” ў расейскую амбасаду ня трапіў


Любоў Лунёва, Менск 2 красавіка актывісты Маладога Фронту зладзілі пэрфоманс ля Расейскай амбасады. Каля паўсотні мэтраў не хапіла маладафронтаўцам, каб правесьці пэрфоманс так, як было заплянавана. Ля Расейскай амбасады прысутнічала амаль усё міліцэйскае кіраўніцтва з упраўленьня ўнутраных справаў Цэнтральнага раёна Менску. Супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным стаялі на вуліцах, прылеглых да амбасады. Міліцыянты прэвэнтыўна затрымалі некалькі чалавек на падыходзе да амбасады.

Юнакі несьлі ў Расейскую амбасаду віншаваньне з нагоды гадавіны падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй і падарунак – торт за надпісам: “Расея + Беларусь = рэвалюцыя”.

У часе затрыманьня торт вываліўся з рук Барыса Гарэцкага і спачатку патрапіў яму на вопратку, а потым на ногі міліцыянтаў. Віншаваньне хлопцы перадалі сакратару амбасады.

Барыс Гарэцкі распавёў пра зьмест гэтай заявы.

(Гарэцкі: ) “Мы тлумачым, чаму мы віншуем расейскага прэзыдэнта. Тлумачым, што мы заклапочаныя дзеяньнямі Расеі на прасторах СНД, так званай падтрымкай Расеі рэвалюцыяў у Кіргізіі, Грузіі, Украіне. Мы спадзяемся, што наступным прэзыдэнтам Беларусі ў 2006 годзе будзе такі ж сябра Пуціна, як Саакашвілі, як Юшчанка, як Курманбек Бакіеў”.

Сакратар амбасады запэўніў маладафронтаўцаў, што перадасьць заяву расейскаму амбасадару.

Гэтым разам міліцыянты прынялі рашэньне адпусьціць хлопцаў без складаньня пратаколаў. Групу маладафронтаўцаў нейкі час суправаджалі міліцыянты ў цывільным, пакуль хлопцы не зайшлі ў грамадзкі транспарт.
XS
SM
MD
LG