Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Freedom House”: Беларусь патрапіла ў сьпіс “найгоршыя з найгоршых”


Кастусь Бандарук, Прага Праваабарончая арганізацыя “Freedom House” апублікавала справаздачу пад назвай “Найгоршыя з найгоршых: найбольш рэпрэсіўныя грамадзтвы сьвету ў 2005 годзе”. Гэта фрагмэнт штогадовай справаздачы аб сытуацыі ў галіне свабодаў і правоў чалавека, якая будзе апублікаваная пазьней. У ёй штогод клясыфікуецца краіны сьвету паводле ацэнкі: “свабодная, часткова свабодная і несвабодная”. Сярод 18 краінаў і трох рэгіёнаў сьвету з найбольш недэмакратычнымі рэжымамі апынулася і Беларусь.

Найгоршымі з найгоршых, паводле “Freedom House”, зьяўляюцца у альфабэтным парадку: Беларусь, Бірма, Віетнам, Гаіці, Гвінэя, Зымбабвэ, Кітай, Куба, Лаос, Лібія, Паўночная Карэя, Савудаўская Арабія, Самалі, Судан, Сырыя, Туркмэністан, Узбэкістан, Эрытрэя. А таксама рэгіёны: Чачэнія, Тыбэт і Заходняя Сахара, раёны адпаведна Расеі, Кітаю і Марока.

Зь ліку гэтых 16 краінаў ажно 6, у тым ліку Кітай і Куба зьяўляюцца сябрамі ААН-ўскай Камісіі правоў чалавека, органу пакліканага дзеля таго, каб выяўляць і асуджаць парушэньні правоў чалавека. На думку выканаўчага дырэктара “Freedom House” Джэніфэр Віндсор, гэта падрывае аўтарытэт і мандат камісіі. Заміж таго, каб служыць прыкладам для астатніх краінаў, яны самі хаваюцца пад дахам камісіі і засьцерагаюцца ад крытыкі ў свой адрас. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан лічыць, што гэта непрымальная сытуацыя. Ён прапануе стварыць новую структуру: “ Раду правоў чалавека”. Яе сяброў выбірала б дзьвюма трацінамі галасоў Генэральная Асамблея ААН. Асноўным крытэрыям выбару павінна быць ўзорная павага да правоў чалавека ў гэтых краінах, лічыць Кофі Анан.

Зь ліку краінаў былога Савецкага Саюзу, сярод “несвабодных краінаў” знаходзім Расею побач з такімі краінамі як Пакістан, Катар і Эгіпэт. Яшчэ горш за Расею ацэненыя Беларусь, Туркмэністан і Ўзбэкістан.

Вось, што сказаў на тэму гэтых краінаў прадстаўнік “Freedom House” Майкл Гольдфарб:

(Гольдфарб: ) “Я нядаўна назіраў за несумленнымі выбарамі ў Беларусі. Вельмі моцна таксама абмежаваныя палітычныя правы і забароненыя палітычныя партыі ва Ўзбэкістане. У Туркмэністане, па сутнасьці, няма ніякіх правоў. Гэта, сапраўды, найбольш несвабодная рэспубліка ў цэнтральнай Азіі. Мы маем дачыненьне з найгоршымі абмежаваньнямі правоў чалавека ў гэтых краінах”.

Шэсьць старонак ў справаздачы “Freedom House” прысьвечаныя ацэнцы сытуацыі ў Беларусі. На шкале ад 1 да 7 балаў, ад найлепшай да найгоршай, у сэнсе палітычных правоў Беларусь атрымала найгоршую адзнаку – 7 балаў, а ў галіне грамадзянскіх правоў крыху лепей – 6 балаў.

Ва ўступе да разьдзелу, прысьвечанага Беларусі, канстатуецца, што за мінулы год ў Беларусі назіралася далейшая кансалідацыя аўтарытарнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Узмацненьне дзяржаўнага кантролю над няўрадавымі СМІ, пакараньні ўдзельнікаў дэманстрацыяў, забарона дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, перасьлед апазыцыйных актывістаў і дзеячоў асабліва выразна быў прадэмаснтраваны ў часе апошніх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. У 2004 годзе, рэжым Лукашэнкі ўзмацніў палітыку сыстэматычнага перасьледу і фізычнага запалохваньня дэмакратычных апанэнтаў. Зьбіваньне і неабгрунтаваныя затрыманьні сталі ў Беларусі нарамльнай практыкай. Суды забаранілі і ліквідавалі шэраг недзяржаўных арганізацыяў, каралі штрафамі незалежныя мэдыі, а міністэрства інфармацыі загадала закрыць газэты, якія асьмеліліся крытыкаваць кіраўніка дзяржавы. Юрыдычная сыстэма, таксама КДБ, пракуратура і міліцыя поўнасьцю падсправаздачныя прэзыдэнту. На справядлівы суд і абарону грамадзянскіх правоў немагчыма разьлічваць. Беларускі Хэльсынскі камітэт быў пакараны штрафам, нібыта за нявыплачаныя падаткі, у памеры 176 тысяч даляраў. Розныя формы санкцыяў спазналі такія выданьні, як “Народная Воля”, “Рабочая Салідарнасьць” і “Згода”. У няясных акалічнасьцях была забітая журналістка Вераніка Чаркасава. Улады спарадычна блякавалі таксама доступ да інтэрнэт-старонак, у прыватнасьці да вэбсайту "Хартыі 97”.

Ў дакумэнце “Freedom House” пералічаныя факты арыштаў грамадзкіх актывістаў і палітычных праціўнікаў рэжыму. 26 красавіка летась быў арыштаваны і прысуджаны да 5 гадоў турэмнага зьняволеньня, нібыта за крадзеж,былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч. 9 чэрвеня за распаўсюд улётак і зьнявагу прэзыдэнта да двух з паловай гадоў была прысуджаная Аксана Новікава. У кастрычніку, па падобных абвінавачаньнях, па 2 гады калёніі атрымалі апазыцыйныя лідэры Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў.

У справаздачы адзначаецца, што выбары і рэфэрэндум 17 кастрычніка суправаджаліся масавымі фальсыфікацыямі і парушэньнямі выбарчага заканадаўства. Дзякуючы ім Лукашэнка нібыта набраў 77% галасоў ў падтрымку зьмены Канстытуцыі, што адкрывае яму шлях да трэцяга і чарговага тэрмінаў, без абмежаваньняў.

У 2004 годзе, паводле “Freedom House”, беларускія ўлады абмяжоўвалі таксама свабоду рэлігіі. Зь перасьледам сутыкнуліся прадстаўнікі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама беларускія пратэстанты і крышнаіты. У лютым ўлады закрылі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, затое ўлады увялі абавязковае выкладаньне «дзяржаўнай ідэалёгіі». Агулам, у галіне палітычных і грамадзянскіх свабодаў, паводле арганізацыі “Freedom House”, сытуацыя ў Беларусі за 2004 год пагоршылася.
XS
SM
MD
LG