Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшлі чатыры палітвязьні, яшчэ шэсьць – за кратамі


Любоў Лунёва, Менск З спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшлі чатыры палітвязьні, арыштаваныя за ўдзел у нядаўніх акцыях апазыцыі.

Сярод некалькіх дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі сёньня да брамы спэцпрымальніка сустракаць сяброў і паплечнікаў, былі лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, каардынатары “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў і Мікалай Халезін.

Першымі а 16-й гадзіне на волю выйшлі Сяргей Логінаў і Канстанцін Кароль. Іх арыштавалі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Пасьля 18-й гадзіны ізалятар пакінулі каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка і каардынатар руху “Зубр” Мікіта Сасім. Абодвух арыштавалі за ўдзел у акцыі на менскай Кастрычніцкай плошчы ў абарону палітычных зьняволеных.

Зьміцер Бандарэнка сказаў па выхадзе з спэцпрымальніка:

(Бандарэнка: ) “Фармальна нас арыштавалі за тое, што мы хуліганілі й мацюкаліся на вуліцах Менску. Я ішоў з сваёй жонкаю, а аказалася, што нібыта прыставаў да нейкай жанчыны.

Найбольшая радасьць для мяне цяпер – апрача таго, што ўбачыў сяброў, – тое, што мяне павітаў Анатоль Шумчанка. Ён цяпер на свабодзе, і я магу лічыць, што гэта нашая агульная невялікая перамога. Змаганьне працягнецца... Жыве Беларусь!”

За кратамі застаюцца 6 чалавек. Сярод іх Вячаслаў Сіўчык, Юры Габішэўскі, Карэн Акопаў. Іх вызваленьне чакаецца на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG