Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыскіх галадоўнікаў наведала прадстаўніца офісу АБСЭ


Сяргей Астраўцоў, Горадня 18-ы дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Да масавай галадоўкі далучылася новая ўдзельніца. Сёньня ж галадоўнікаў наведалі прадстаўніца офісу АБСЭ ў Менску, а таксама вэтэраны савецка-аўганскай вайны са сталіцы.

Прэс-сакратар офісу АБСЭ Хайдзі Сьміт паразмаўляла зь Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі галадоўнікамі. Яны перадалі ёй інфармацыю адносна сваёй праблемы. Каб падтрымаць удзельнікаў гэтай акцыі пратэсту, іх сёньня наведалі вэтэраны аўганскай вайны зь Менску. Нагадаю, што сярод ваўкавыскіх галадоўнікаў нямала вэтэранаў гэтай вайны, улучна з самім спадаром Аўтуховічам.

Сёньня да галадоўнікаў далучылася 32-гадовая Людміла Парэмбская, якая працуе ў Мікалая Аўтуховіча мэнэджэрам.

(Парэмбская: ) “Я з Аўтуховічам працую ўжо дванаццаць гадоў, з самага пачатку ягонай прадпрымальніцкай дзейнасьці. І я ўпэўнена, нават не на сто працэнтаў, а на сто пяцьдзесят, што ён нічога не парушаў”.

Галадоўнікі гавораць, што разам з пабочнымі асобамі, якія таксама абвясьцілі аб галадоўцы, іх цяпер 30 чалавек. Сярод іх і журналістка Сьвятлана Кухарава. Сёньня яна наведала старшыню Ваўкавыскага райвыканкаму Міхаіла Савельева.

(Кухарава: ) “Ён выклікаў мяне, таму што я ў сваёй заяве напісала, што калі я пісала для БДГ матэрыял яшчэ пра першую галадоўку, я кансультавалася ды насамрэч тэлефанавала ў Нацыянальны банк і мне пацьвердзілі, што разьлікі тут ніякія не парушаныя. Я хадзіла ў суд, які прыняў рашэньне на карысьць Аўтуховіча, яны мне сказалі: так, гэта ўсё паводле закону.”

Мова была пра тое — ці меў Мікалай Аўтуховіч права наймаць кіроўцаў у фірме “Ніка-транс”? Сьвятлана Кухарава гаворыць, што такая практыка існуе, і ў гэтым няма парушэньня. Паводле яе, старшыня райвыканкаму сказаў, што можа нават прыняць іхні бок, калі яго пераканаюць спасылкамі на заканадаўства, што Аўтуховіч закон не парушаў.

Да галадоўнікаў зноўку прыяжджала хуткая дапамога. Але яны патлумачылі, што не запрашалі хуткую, і што некаторыя яшчэ спалі, іншыя не пасьпелі нават памыцца пасьля сну. Мэдыкі сказалі, што іх адправілі праверыць стан здароўя галадоўнікаў, але мусілі зьехаць.

***

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам амаль на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG