Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стан здароўя Папы рэзка пагаршаецца


Юрась Бушлякоў, Прага Стан здароўя галавы рымска-каталіцкага касьцёлу Яна Паўла ІІ за апошнія суткі рэзка пагоршыўся. Сёньня ўначы папа атрымаў апошняе прычасьце. На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік Ватыкану Хаакін Навара-Вальс паведаміў журналістам, што Ян Павал ІІ застаецца ў крытычным, але стабільным стане.

Набліжаныя да папы асобы моцна занепакоеныя станам ягонага здароўя. Напярэдадні ў Яна Паўла ІІ у выніку інфэкцыі мачавога тракту рэзка паднялася тэмпэратура, назіраліся перабоі ў рабоце сэрца. Прадстаўнік Ватыкану Хаакін Навара-Вальс паінфармаваў сёньня, што папа мае сур’ёзныя праблемы з дыханьнем.

Пры гэтым прадстаўнік Ватыкану запэўніў журналістаў, што папа рымскі застаецца ў прытомнасьці і захоўвае ясны розум.

(Навара-Вальс: ) “На гэты момант папа вырашыў заставацца ў сваіх апартамэнтах у Ватыкане, дзе яму забясьпечаны поўны і эфэктыўны мэдычны догляд”.

Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ 84 гады, месяц назад яму зрабілі апэрацыю трахеатаміі, якая мела палегчыць праблемы з дыханьнем. У сераду папу ў страваход быў уведзены спэцыяльны катэтар прымаць ежу. Цяпер, каб палегчыць дыханьне пантыфіка, выкарыстоўваецца кіслародная падушка.

Папа цярпіць ад хваробы Паркінсона й цяжкай формы артрыту. Празь вялікія праблемы з здароўем Ян Павал ІІ упершыню за доўгія гады свайго знаходжаньня на чале Касьцёлу даручыў правесьці велікодныя сьвяткаваньні сваім кардыналам. Мінулае нядзелі, на Вялікдзень, папа зьявіўся ў акне сваіх апартамэнтаў у Ватыкане, аднак ня здолеў прамовіць.

Мільёны людзей ува ўсім сьвеце моляцца за здароўе пантыфіка.
XS
SM
MD
LG