Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік офісу АБСЭ выказаў падтрымку журналістам газэты “Згода”


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнік Менскага офісу АБСЭ Эбэргард Гайкен наведаў калектыў недзяржаўнага тыднёвіка “Згода”, які пацярпеў ад дзеяньняў уладаў. Спадар Гайкен выказаў словы падтрымкі і салідарнасьці прадстаўнікам незалежных СМІ Беларусі.

Нагодай да візыту спадара Гайкена ў калектыў газэты “Згода” сталася канфіскацыя міліцыяй кампутараў гэтага выданьня, а таксама ліст супрацоўніцы рэдакцыі Натальлі Валакіды ў офіс АБСЭ пра тое, як менскія амонаўцы зьбівалі яе падчас акцыі апазыцыі на Кастрычнцікай плошчы Менску 25 сакавіка. Гэты ліст спадар Гайкен перадаў у венскі офіс ўпаўнаважанага АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Міклаша Харашці. Самой Натальлі спадар Гайкен выказаў падтрымку і спачуваньне ў сувязі з тым, што яна стала “ахвярай гвалту з боку ўладаў”.

Гаворачы пра ціск беларускіх уладаў на незалежную прэсу ў цэлым, амбасадар Гайкен назваў яго “крытычнай тэндэнцыяй”.

(Гайкен: ) “Я назіраю гэтую тэндэнцыю з таго часу, як прыбыў у Менск у 2003 годзе. З таго часу сытуацыя са свабодай СМІ не палепшылася, а наадварот, пагоршылася. Існуюць розныя рычагі і інструмэнты ціску на незалежныя выданьні, як юрыдычныя (прыпыненьне выхаду газэтаў), так і неюрыдычныя, як ператрус у вашай рэдакцыі, а таксама эканамічныя мэтады ціску на незалежныя СМІ”.

Амбасадар Гайкен паведаміў, што міжнародная супольнасьць шмат разоў выказвала занепакоенасьць сытуацыяй са свабодай слова і правамі журналістаў у Беларусі. Толькі за апошні месяц дакумэнты, у якіх аналізавалася гэтая праблема, прымаліся ў АБСЭ, Эўрапарлямэнце і Камісіі правоў чалавека ААН. Спадар Гайкен выказаў спадзяваньне, што беларускі ўрад адрэагуе на іх і зьменіць сваю палітыку ў адносінах да незалежных выданьняў.

Выдавец “Згоды” Аляксей Кароль паведаміў, што толькі ўчора супрацоўнікі міліцыі прад’явілі яму заяву жыхара з суседняга пад’езду, на падставе якой і быў праведзены ператрус з канфіскацыяй кампутараў. Выявілася, што гэта была заява, напісаная са словаў грамадзяніна супрацоўнікам міліцыі, і ў ёй зазначаецца, што рэдакцыя “Згоды”, якая працуе па суседзтве з гэтым грамадзянінам, “падрывае аўтарытэт улады”. Дзеяньні міліцыі былі абскарджаныя ў пракуратуры, аднак адказу пакуль няма. Нягледзячы на ціск уладаў, сёньня выйшаў чарговы нумар “Згоды” — дзякуючы падтрымцы калег, зазначыў Аляксей Кароль.

(Кароль: ) “Дзякуючы журналісцкай салідарнасьці, дзякуючы тым магчымасьцям, якія калегі нам далі для набору артыкулаў і тэхнічнай падрыхтоўкі выхаду нумару… Высноваў з таго міжнароднага рэзанансу, які ўжо даўно выклікаюць адносіны беларускіх уладаў да СМІ, кіраўніцтва краіны ня робіць, яно працягвае лінію ўціску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG