Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія палітыкі камэнтуюць даклад “Freedom House” “Найгоршыя з найгоршых"


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі афіцыйнага Менску раяць міжнародным праваабаронцам займацца абаронай правоў чалавека не ў Беларусі, а ў ЗША ці Вялікабрытаніі. Прадстаўнікі ж апазыцыі згодныя з ацэнкамі, якія дадзеныя ў дакладзе “Freedom House” што да становішча ў Беларусі.

Міністэрства замежных справаў Беларусі не камэнтуе справаздачаў, зробленых недзяржаўнымі міжнароднымі арганізацыямі. Вось што сказала беларускай “Свабодзе” начальніца аддзелу прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Марыя Ваньшына:

(Ваньшына: ) “Ніхто афіцыйна нічога ўчора не абвяшчаў, і Беларусь у залі паседжаньняў ня згадвалася. А тое, што там нешта распаўсюджвала недзяржаўная арганізацыя, то МЗС гэтага не камэнтуе”.

А дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што прадстаўнікі “Freedom House” займаюцца не сваёй справай. Вось што ён раіць міжнародным праваабаронцам:

(Касьцян: ) “Магу сказаць, што гэтая арганізацыя займаецца не сваімі справамі. Няхай лепей яна зоймецца правамі чалавека ў Злучаных Штатах Амэрыкі, у той жа Англіі, або ў іншых дзяржавах, якія прэтэндуюць на права судзіць дзе, у каго і якія правы існуюць. Гэта на іх сумленьні”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Мечыслаў Грыб лічыць, што ўлады самі вінаватыя ў тым, што Беларусь крытыкуюць на ўсіх праваабарончых форумах:

(Грыб: ) “Мне вельмі сумна. Таму што я беларус і мне хацелася б, каб Беларусі ў гэтым сьпісе наагул не было. Але ж таго, што робіцца, не схаваеш. Сорамна за гэта. Нядаўна ў Камісіі па правах чалавека ААН Сэвэрын рабіў даклад, які вельмі не спадабаўся беларускім уладам. І яны пачанаюць: “Такі-сякі гэты Сэвэрын”. А калі Сэвэрын хацеў прыехаць у Беларусь, каб сустрэцца з уладамі і вывучыць гэтае пытаньне, дык яго ж не пусьцілі ў краіну. А потым кажуць, чаго гэта ён пра нас дрэнна дакладае? А як ён павінен дакладаць у такім выпадку?”

А кіраўніца арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова лічыць, што міжнароднай супольнасьці ў справе абароны правоў чалавека ў Беларусі трэба дзейнічаць больш рашуча:

(Гразнова: ) “Я згодная з такім дакладам, з такой ацэнкай таго, што адбываецца ў Беларусі. Насамрэч гэта ня проста аўтарытарны рэжым, ён больш нагадвае дыктатарскі. Ціск на грамадзянскую супольнасьць, на незалежных журналістаў, на ўсіх неабыякавых людзей. І трэба біць у званы. І добра, што гэтым займаецца “Freedom House”, таму што нешта трэба рабіць у справе Беларусі. Але гэта толькі першы крок. Трэба нешта рабіць і Злучаным Штатам Амэрыкі, і эўрапейскай супольнасьці, каб спыніць гэтую брудную справу, якая цяпер робіцца ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG