Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павысіліся цэны на цяпло, газ і электрычнасьць


Міхал Стэльмак, Менск 1 красавіка ў Беларусі падвышаюць кошты на электрычнасьць, цяпло і газ для насельніцтва, а таксама пэнсіі і заробкі бюджэтнікаў. Пра рэакцыю на іх афіцыйных асобаў, насельніцтва і адмыслоўцаў распавядае наш карэспандэнт.

Ад 1 красавіка беларускія ўлады на 8% павялічваюць памеры пэнсіяў. Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка лічыць гэта істотнай дапамогай дзяржавы вялікай частцы насельніцтва:

(Трафіменка: ) “Гэта зроблена з мэтай сацыяльнай абароненасьці пэнсіянэраў. Гэта добрае падвышэньне. Чым большы памер пэнсіі, тым большае падвышэньне. Калі, напрыклад, удзельнік вайны меў 400 тысяч рублёў пэнсіі, то 8% — гэта 32 тысячы рублёў. Усё ж гэта прыбаўка, прынамсі, на садавіну і гародніну”.

Падвышэньне закранула і тарыфную стаўку першага разраду, якая вырасла на 3 тысячы рублёў. У сувязі з чым крыху ўзрастуць, як сьцьвярджае прадстаўніца Міністэрства працы, і заробкі работнікаў бюджэтнай сфэры.

Тым часам, сёньня ўступіла ў дзеяньне і яшчэ адно ўрадавае рашэньне. Зь яго вынікае, што ад 1 красавіка газ і сьвятло для насельніцтва падаражэюць на 2%, і крыху больш як на 0,5% — цяпло. Як ставяцца да гэтых зьменаў шараговыя грамадзяне? Вось пра што гаварылі мінакі на менскіх вуліцах:

(Спадар Аляксей: ) “Сёньня перадалі, што павялічваюць пэнсіі на 9%. І адначасова паведамляюць, што падвышаюць расцэнкі на цеплавую энэргію. Адно другім ліквідуюцца, усе гэтыя прыбаўкі…”

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да гэтага?”

(Спадар Аляксей: ) “Занадта высокія камунальныя паслугі”.

(Спадарыня Алена: ) “Цяжка, але што зробіш”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Кожны месяц павялічваюцца”.

(Спадарыня Вера: ) “Што робяць гэтыя сволачы?”

(Спадарыня Галіна: ) “Перажылі вайну, перажывём і цяпер”.

(Спадар Віктар: ) “Наагул, трэба разагнаць гэту чортаву ЖКГ”.

А вось якімі меркаваньнямі на гэты конт падзяліўся экспэрт дасьледчага цэнтру ў пытаньнях сацыяльнай палітыкі менскага недзяржаўнага Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык:

(Чубрык: ) “Цяжка сказаць, што гэта нейкая важная ды ўплывовая зьява — павышэньне базавай велічыні, пэнсіяў і гэтак далей. Крыху павялічацца выдаткі бюджэту. Але ж зразумела, што гэта ўсё робіцца для таго, каб прыцягнуць перад выбарамі, якія набліжаюцца, больш прыхільнікаў на бок прэзыдэнта. Я думаю, што ў канцы году адбудзецца яшчэ адно істотнае павелічэньне пэнсіяў. І ў пачатку 2006 году таксама”.
XS
SM
MD
LG