Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зьбіты” Анатолем Шумчанкам распавядае, як усё было


Алег Грузьдзіловіч, Менск Бяздомны Алег Хвастоў сьцьвярджае, што супрацоўнікі КДБ падгаворвалі яго даць непраўдзівыя паказаньні супраць лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі. Адвакат Анатоля Шумчанкі Вера Страмкоўская заявіла Радыё Свабода, што “яе падабаронны безумоўна адрэагуе на тое, што супраць яго спрабавалі сфабрыкаваць справу”.

Прызнаньні Алега Хвастова зьявіліся сёньня ў “Народнай волі”. Знайсьці і разгаварыць бяздомнага ўдалося журналісту Алесю Сіваму.

Алег Хвастоў быў сукамэрнікам лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі, якога Шумчанка нібыта зьбіў у камэры, што і стала падставай для завядзеньня крымінальнай справы. Як вядома, 31 сакавіка Анатоля Шумчанку з ізалятару вызвалілі, а справу супраць яго закрылі. Прычына закрыцьця, паводле пастановы пракуратуры, “малая значнасьць злачынства”. Шумчанка, аднак, увогуле не прызнае факту бойкі. Ён кажа, што гэта адпачатку была правакацыя.

Алег Хвастоў, паводле “Народнай волі”, таксама кажа аб правакацыі, хаця ў ягонай вэрсіі першапачаткова канфлікт паміж ім і Шумчанкам усё ж адбыўся. Шумчанка нібыта сапраўды ўдарыў сукамэрніка. А ўжо ў далейшыя падзеі нібыта ўмяшаліся супрацоўнікі КДБ. Вось што адбылося паводле Алега Хвастова, цытую газэту: “Мяне знаёмяць зь нейкім Сяргеем, кажуць, што ён з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Ён мне тлумачыць, што паколькі ў мяне з Шумчанкам адбыўся канфлікт, трэба, каб я напісаў заяву. І кажа: “Мы вам даем 200 тысяч рублёў наяўнымі. І пакладзем ў 4-ты шпіталь. Вы там прабудзеце 21 дзень. Хадзіце там. Трымайцеся за галаву”.

Паводле Хвастова, ён пагадзіўся сымуляваць траўму. Яму нібыта тлумачылі, што гэта патрэбна, каб давесьці справу супраць Анатоля Шумчанкі да суду. Калі ўдасца яго асудзіць, бяздомнаму Хвастову абяцалі каньяк, віскі і нават жытло. Але праз колькі дзён Алег Хвастоў не ўтрымаўся, учыніў у шпіталі скандал, і яго выпісалі. У выніку сваёй ролі ён гэтак і ня выканаў, а потым увогуле пачаў шкадаваць і пагадзіўся распавесьці ўсё журналісту. “Мяне хацелі выкарыстаць і папярэдзілі, што калі я распавяду пра гэта, мне далей ня жыць”, — паводле “Народнай волі”, сказаў на разьвітаньне бяздомны Алег Хвастоў. Пры гэтым журналіст не хавае, што за пачутыя зьвесткі яму давялося аддзякаваць бутэлькай гарэлкі.

Як у КДБ рэагуюць на абвінавачаньні ў фальшаваньні справы Анатоля Шумчанкі? Прэсавы сакратар КДБ Валер Надтачаеў адмовіўся камэнтаваць зьвесткі, зьмешчаныя ў сёньняшнім нумары “Народнай волі”. Ён сказаў толькі, што “з гэтымі зьвесткамі разьбяруцца”. У пракуратуры Беларусі таксама не ўдалося атрымаць камэнтару. Прэсавы сакратар Юры Азаронак прызнаўся, што “яшчэ не чытаў газэты”.

Адвакат Анатоля Шумчанкі Вера Страмкоўская заявіла Радыё Свабода, што “яе падабаронны безумоўна адрэагуе на тое, што супраць яго спрабавалі сфабрыкаваць справу”.

(Страмкоўская: ) “Ёсьць два варыянты: зьвярнуцца у суд ці ў пракуратуру. Магчыма, будзем падаваць скаргу ў суд, а магчыма, і ў пракуратуру. Як вырашыць Шумчанка. Пабачым”.

Вера Страмкоўская патлумачыла, што Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасьць за злачынствы супраць правасудзьдзя. А прыкметы гэтага злачынства можна ўбачыць у дзеяньнях, пра якія распавёў Алег Хвастоў. Але калі ён ня здолее ў судзе пацьвердзіць свае заявы пэўнымі сьведчаньнямі, то можа быць прыцягнуты да адказнасьці за паклёп. Адвакат сумняецца, што Алег Хвастоў увогуле пажадае быць сьведкам у судзе.

На здымку: Анатоль Шумчанка на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.
XS
SM
MD
LG