Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Карэспандэнтка “Свабоды” задавала гэта пытаньне жыхарам Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) “На апошнюю апазыцыйную акцыю, прысьвечаную Дню Волі, 25-га сакавіка, у Віцебску выйшлі ўсяго каля ста чалавек. Чаму акцыі беларускай апазыцыі такія нешматлюдныя, як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Таму што людзей мала! У асноўным – так, двухногія істоты, таму й ня ходзяць. Усё!”

(Спадар: ) “Баяцца. Баяцца ўладаў, баяцца міліцыі. Раней, як выходзілі тысячы, усіх адсачыць было складана. А цяпер, калі гайкі з кожным годам усё шчыльней закручваюць, людзі сталі баяцца выходзіць на вуліцы”.

(Спадарыня: ) “Людзі баяцца, баяцца свае думкі выказваць. Баяцца,што ім за гэта нешта будзе”.

(Спадарыня: ) “Можа, хтосьці баіцца, што яго будуць асуджаць іншыя людзі – калегі, знаёмыя, сябры, сваякі, мажліва”.

(Спадар: ) “Гэта даволі правакацыйнае пытаньне! Кожная акцыя апазыцыі мусіць быць прынамсі добра арганізаваная. Таму адна з галоўных прычын таго, што акцыі нешматлюдныя – гэта дрэнная арганізацыя, і гэта перш за ўсё!”

(Спадарыня: ) “Няма ніякіх зьменаў пасьля гэтых акцыяў, таму няма сэнсу на іх хадзіць”.

(Спадарыня: ) “Улады ўсё адно ня зьменяць сваіх рашэньняў. І да меркаваньня людзей яны асабліва не прыслухоўваюцца. Хіба што на рэфэрэндуме! А таму ў нас кожны жыве сам па сабе, і ніякага гуртаваньня людзей не назіраецца”.

(Спадар: ) “Проста ў нас беларусаў мала, сьвядомых беларусаў мала! Ёсьць беларусы савецкія, а сьвядомых мала. Прыйдзе час, абудзіцца сьвядомасьць, і яны таксама выйдуць”.

(Спадарыня: ) “Каб у нас недзе там на плошчы нехта зьбіраўся, я, напэўна, таксама туды б не пайшла! Хаця ўнутры ў мяне і нейкая нязгода, і абурэньне... Мы, беларусы, народ настолькі зьняможаны, гэтым жыцьцём забіты, што пра нейкую там незалежнасьць ды свабоду проста няма сіл думаць! Чэснае слова!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG