Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць беларускіх гаспадарнікаў робіцца ўсё больш рызыкоўнай


Міхал Стэльмак, Менск Ня толькі прадстаўнікі апазыцыі, а й гаспадарнікі Беларусі рызыкуюць апынуцца за кратамі, калі іхныя дзеяньні будуць разыходзіцца з курсам краіны. Учора на нарадзе, дзе разглядаліся пытаньні прамысловай палітыкі, Аляксандр Лукашэнка пацьвердзіў намер укараніць жорсткія меры ў дачыненьні да прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу.

Якія канкрэтна высновы мусяць зрабіць беларускія дырэктары з рашэньняў учорашняй нарады? Як зазначыў учора ў гутарцы са мной адзін з дырэктараў, які ўважліва азнаёміўся з матэрыяламі нарады, у беларускіх гаспадарнікаў дзейнасьць робіцца ўсё больш рызыкоўнай. Павялічваецца верагоднасьць патрапіць у турму. Я нагадаю, Лукашэнка на нарадзе нагадаў пра неабходнасьць нарматыўнага акту, які б усклаў на прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу крымінальную адказнасьць за правал эканамічных паказьнікаў.

Вось як пракамэнтаваў гэты намер аглядальнік газэты “Беларускі рынак” у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Спадар Лукашэнка спрабуе пры дапамозе пугі падштурхнуць эканоміку альбо яе кіраўнікоў да нейкіх дзеяньняў. Яшчэ трэба дадаць, што нідзе ў сьвеце няма такой крымінальнай адказнасьці за невыкананьне прагнозных паказьнікаў. Ставячы дырэктарскі корпус у такія жорсткія ўмовы – абсалютнага татальнага кантролю, ён прыйдзе да таго, што якасьць дырэктарскага корпусу зьнізіцца. Яна й так ужо зьнізілася ў нашай краіне. Гэта прывядзе да таго, што, як у савецкі час, прадпрыемствы будуць імкнуцца выканаць плян любым коштам. І гэта прывядзе да таго, што будуць прыпіскі, будуць скажацца статыстычныя зьвесткі і гэтак далей”.

Як бачым, Сяргей Балыкін сьцьвярджае, што ў Беларусі якасьць дырэктарскага корпусу зьніжаецца. Ці падзяляюць гэтую думку самі гаспадарнікі? Любы дзеючы дырэктар, як правіла, заўсёды высокай думкі пра сябе. Але з чым пагаджаюцца кіраўнікі, дык гэта з тым, што цяперашнія жорсткія адміністрацыйныя ўмовы зьбядняюць гаспадарчую фантазію беларускага дырэктарскага корпусу. Вось якое меркаваньне выказаў на гэты конт кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Георгій Бадзей:

(Бадзей: ) “Тое, што дырэктар мусіць выбіраць і мець свабоду ў прыняцьці рашэньняў, то гэта таксама праўда. Калі ня будзе ў яго свабоды ў дзеяньнях, то ніякай творчасьці зь яго боку ня будзе. Ён будзе толькі выконваць загады вышэйстаячых органаў і ўсё”.

(Вядучы) Гэта быў Георгій Бадзей, кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў. У другой частцы нашай праграмы мы прадоўжым гутарку на тэму эканамічнай палітыкі ў прамысловым сэктары, якая, нагадаю, была ўчора ў цэнтры ўвагі нарады кіраўніцтва краіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Хацелася б зьвярнуць увагу на яшчэ адзін аспэкт эканамічнай палітыкі, які разглядаўся ўчора: Лукашэнка чарговы раз выказаў незадавальненьне прыватным сэктарам і заявіў пра неабходнасьць вяртаньня некаторых недзяржаўных прадпрыемстваў пад крыло дзяржавы.

Ці падзяляюць гэтую думку дасьведчаныя асобы? Што тычыцца прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу, то яны публічна асьцерагаюцца камэнтаваць гэтую ініцыятыву. Разам з тым, гаспадарнікі зьвяртаюць увагу на той факт, што дзяржаўныя і недзяржаўныя прадпрыемствы працуюць у неаднолькавых умовах. Вось як падсумаваў іхныя меркаваньні кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Георгій Бадзей:

(Бадзей: ) “Лічу, што тут абсалютна няправільная пазыцыя дзяржавы. Дзяржава не павінна падтрымліваць тое ці іншае прадпрыемства. Справа дзяржавы стварыць агульныя аднолькавыя ўмовы для ўсіх. Тое, што яны атрымліваюць зь бюджэту субсыдыі, то гэта парушае канкурэнцыю”.

Як вынікае з матэрыялаў учорашняй нарады, Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што прыватныя прадпрыемствы, як правіла, неэфэктыўныя. Я нагадаю, ён прывёў прыклад менскага прадпрыемства “Мотавэла”, якое, нібыта, калі было дзяржаўным, то працавала добра, а як стала акцыянэрным, то працуе зь перабоямі.

Наколькі абгрунтаваныя падобныя сьцьвярджэньні? Паводле людзей дасьведчаных, іх абвяргае жыцьцё. Яны лічаць, што ў рынкавым асяродзьдзі, наадварот, лепш дзейнічаюць і выжываюць прадпрыемствы недзяржаўнага сэктару. Што тычыцца цьверджаньня пра так званую неэфэктыўнасьць прыватных прадпрыемстваў, то вось што зазначыў на гэты конт вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Заўсёды было і будзе ў любой краіне, што частка прадпрыемстваў будзе банкруціцца і ня будзе эфэктыўнай. Гэта рынак, і ў рыначнай гаспадарцы многія прадпрыемствы рызыкуюць. Гэта аксіёма. У беларускіх умовах рызыкі больш як ва ўмовах іншых краін. Таму стратныя прадпрыемствы, у тым ліку прыватныя, былі і будуць. А вось наконт нацыяналізацыі, то ёсьць законы, і ніхто не адхіляў закон аб банкруцтве. І па гэтым законе павінна быць так, што ў першую чаргу трэба выплаціць падаткі, пазыкі дзяржаве. Потым пазыкі іншым крэдыторам. А ўжо тое, што застанецца, павінны падзяліць між сабой уласьнікі. І ніякай нацыяналізацыі няма і быць ня можа. І таму няма апраўданьня з пазыцый закону такім заявам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG