Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лунна на Гарадзеншчыне (фота)


Ягор Маёрчык, Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына (эфір 24 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

І без таго нялёгкае жыцьцё ў вёсцы Лунна некалькі месяцаў таму перастала быць салодкім. Кандытарскі цэх зачынілі. Гарадзкія дзеці, што прыяжджаюць на вакацыі да бабуляў зь дзядулямі, болей ня змогуць ласавацца пернікамі. Але гэта ўсё дробязі ў параўнаньні з тым, што чатыры чалавекі згубілі працу. Сярод ахвяраў скарачэньня — спадарыня Алена.

Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына

(Алена: ) “Нас тут скарацілі. А ў Мастах адкрылі кандыдарскі цэх”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вас скарацілі?”

(Алена: ) “Трымаць тут цэх нявыгадна, а там атрымліваецца, што ўсё на месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Вам прапаноўвалі нейкую іншую працу?”

(Алена: ) “Нам прапанлўвалі езьдзіць у Масты. А хто туды паедзе за 25 кілямэтраў?”

(Карэспандэнт: ) “Ці зьвярталіся ў цэнтар занятасьці насельнпіцтва? Вам нешта прапаноўвалі?”

(Алена: ) “Не, нам пакуль нічога іншага не прапаноўвалі. Сказалі, каб мы самі шукалі”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе ў Луньне можна ўладкавацца на працу?”

(Алена: ) “Няма дзе! Толькі, мабыць, у саўгасе. У сакавіку пойдзем прасіцца на склад”.

(Карэспандэнт: ) “І дэпутат у гэтай сытуацыі нічым дапамагчы ня можа?”

(Алена: ) “А ён сам на біржы стаіць!”

Сябра Камуністычнай партыі беларускай Аляксандар Пудаўкін — прадстаўляе Лунна ў сельскім ды раённым савеце дэпутатаў. Сваёй няўрымсьлівасьцю ён не дае спакою старшыні сельсавету і вэртыкальнікам у Мастоўскім райвыканкаме. Мясцовыя ўлады ў нейкім сэнсе самі падштурхнулі таварыша Пудаўніка да такога актыўнага дэпуцкага ладу жыцьця. Жыў сабе чалавек, працаваў землямерам. І ўсяго толькі час ад часу ўздымаў перад сельсаветам непрыемныя пытаньні. А яго ўзялі ды звольнілі. Ну, як тут не пачаць пісаць скаргі і апантана адстойваць праўду і правы выбарцаў?

Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына

(Карэспандэнт: ) “Мясцовы шпіталь мог стаць наступным. У тым сэнсе, што яго таксама зьбіраліся ліквідаваць, але гэтага не адбылося. Чаму?”

(Пудаўкін: ) “Гэта залежала ад нашае настойлівасьці. Як толькі мы даведаліся, што шпіталь будзе закрывацца. мы пачалі зьбіраць подпісы і зьвяртацца ў раён і аблвыканкам. У выніку быў праведзены капітальны рамонт, якога ў гэтым будынку не было амаль дваццаць гадоў. І тут захавалі дзесяць стацыянарных ложкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Што тычыцца звароту жыхароў. Як часта да вас прыходзяць людзі са сваімі праблемамі? І чым вы ім можаце дапамагчы?”

(Пудаўкін: ) “Летась мы дамагліся газыфікацыі вуліцы Савецкая, дамагліся ўсталяваньні дзесяці кватэрных тэлефонаў, дамагліся рамонту ўчастку дарогі. Кожную справу, за якую бяруся, стараюся даводзіць да канца. За два гады працы мы змаглі адправіць ва ўстановы раёну і вобласьці, блізу трыццаці калектыўных зваротаў жыхароў”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар, вы зьяўляецеся дэпутатам сельскага і раённага саветаў. Як вашую дзейнасьць успрымаюць прадстаўнікі выканаўчай улады?”

(Пудаўкін: ) “Ужо другі год я застаюся бяз працы, бо патрапіў пад скарачэньне. Лічу, што гэта залежала ад маёй чалавечай пазыцыі. Мне прыйшлося выбіраць: ці я застаюся зь людзьмі, ці я застаюся на працы. Паколькі я не палічыў патрэбным мяняць грамадзянскую пазыцыю, я застаўся бяз працы”.

Яшчэ два гады таму Аляксандар Пудаўнік жыў, як ён кажа, пры сапраўдным камунізьме. Тутэйшым сельсаветам у той час кіравала Валянціна Карповіч. Ладзілі яны не заўсёды, але разыходзіліся палюбоўна. Праўду кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнаньні. У дадзеным выпадку, калі параўноўваць з жыцьцём пры новай старшыні сельсавету, зь якой мы пазнаёмімся крыху пазьней. А пакуль пры мікрафоне Валянціна Карповіч.

Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына

(Карповіч: ) “Мне жывецца цудоўна! Я вельмі задаволеная, што не хаджу на працу. Мая праца мне абрыдла. Ні з кім не сустракаюся, мала гутару, думкі толькі пра сваё — гэта для мяне вельмі цудоўна! Я ўжо два гады адпачываю ад сваёй тлумнай і дурной працы”.

(Карэспандэнт: ) “Упершыню бачу чалавека, які стаміўся ад улады...”

(Карповіч: ) “Я старшынёй працавала трыццаць гадоў. І сапраўды стамілася ад гэтай улады. Тут своесаблівы населены пункт. Карэннага насельніцтва амаль няма — усе паваенныя. А паваенныя — гэта значыць, чужое насельніцтва. Яны ня маюць сваіх традыцыяў і каранёў. Жывуць яны паводле прынцыпу: прыехаў і качаю свае правы. Вось упёрся Пудаўкін, што вуліца Камсамольская названая ў гонар скідзельскіх камсамольцаў. А мы да 165-й гадавіны нараджэньня Элізы Ажэшкі хацелі назваць гэтую вуліцу імем Ажэшкі. Чаму? Бо яна сюды прыяжджала, хадзіла менавіта па гэтай вуліцы. А ён упёрся, што гэта ў гонар скідзельскіх камсамольцаў!”

(Карэспандэнт: ) “Гэта спадар Пудаўкін заблякаваў вашую ідэю?”

(Карповіч: ) “Заблякаваў! Ён яшчэ да гэтай справы вэтэранаў падключыў. І напісаў ва ўсе інстанцыі, куды толькі можна было. Ён мне тут цэлую вайну разьвёў”.

(Карэспандэнт: ) “А я меркаваў, што ён нацыянальна арыентаваны камуніст...”

(Карповіч: ) “Ён цяпер ужо адумаўся. Цяпер ён мне камплімэнты робіць, што пры мне ён жыў, як пры камунізьме. Але не цаніў гэтага і не паважаў... А на вуліцы, што ідзе на Масты, было гета. Апошнім часам сюды пачалі прыяжджаць габрэі. Яны ўсе пачалі цікавіцца гісторыяй. І ў мяне ўзьнікла ідэя паставіць хоць які помны знак пра тое, што ту было 1549 чалавек, якіх згубілі. Я напісала заяву ў сельскі савет з тым, каб ушанаваць тых жыхароў. Мне далі адказ, што сельскі савет ня мае права займацца ўсталяваньнем помнікаў, на гэта дае дазвол толькі абласны савет. І трэба мець гістарычную даведку, што тут сапраўды жылі габрэі. Мне цяперашняя старшыня Ніна Васільеўна гаворыць: “Такая калатнеча з-за вас тут узьнялася! А чаму вы хочаце паставіць помнік габрэям?” Я ёй кажу: “Помнік людзям, жыхарам нашым, ня будзем казаць, што габрэям”. А мужык мой кажа: як ня зробіш помніка ў Луньне, я пастаўлю яго ў нашым гародзе”.

Іронія лёсу ў тым, што сёньня сельсавет у Луньне займае будынак колішняй габрэйскай крамы. Да сытуацыі вакол помнага знаку мы яшчэ дойдзем, а напачатку інтэрвію цяперашняя кіраўніца вясковай вэртыкалі Ніна Воран апісвае жыхароў паселішча:

Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына

(Воран: ) “У нас насельніцтва ўсяго тысяча: палова каталікоў, палова праваслаўных. Склад неаднародны, і народ у нас цяжкі. Вёска вёсцы розьніца. А калі браць Лунна, то народ тут больш цывілізаваны. А калі ён больш цывілізаваны, зь ім цяжэй працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Была ідэя паставіць ці то помнік, ці то помны знак на тым месцы, дзе было гета. Сельсавет у гэтым сэнсе чым паспрыяў?”

(Воран: ) “Для таго, каб усталяваць помнік, павінен даць дазвол аблвыканкам. Пакуль гэтае пытаньне вывучаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Будынак, дзе раней была панская сядзіба, а пасьля сельгастэхніка, так і стаіць без гаспадара, альбо бліжэйшым часам плянуецца нешта зрабіць?”

(Воран: ) “Год таму мы папрасілі БТІ, каб паставілі яго на ўлік. Праз тры гады яго прызнаюць безгаспадарчым. Ён будзе прадавацца. У нас ёсьць адзін чалавек, які плянуе яго набыць, і там нешта рабіць”.

Напаўразбураная панская сядзіба — гэта яшчэ адная адметнасьць Лунны. Пра колішнюю веліч будынку сьведчыць ганак з калёнамі, а таксама вышыня столяў у пакоях — амаль чатыры мэтры. Гэты помнік архітэктуры не зарэгістраваны ў Бюро тэхнічнае інвэнтарызацыі, а значыць — фармальна палацу ў прыродзе не існуе. Некалі тутэйшая філія сельгасхіміі адгарадзіла сваім супрацоўнікам пару пакояў для часовага жытла. Прадпрыемства даўно перабазавалася ў Масты, а людзі працягваюць жыць на квадратных мэтрах, якіх як бы і няма.

Лунна, Мастоўскі раён, Гарадзеншчына

Давайце паслухаем пэнсіянэрку Валянціну Навіцкую.

(Карэспандэнт: ) “Хата гэтая каму належыць?”

(Навіцкая: ) “А халера яго ведае! “Хімія” гэтыя хаты нам і давала. Хацелі яго выкупіць, але ў нас нічога не атрымліваецца. Езьдзілі ў БТІ і заплацілі за гэта грошы. Пасьля нам сказалі, каб мы праз тры гады прыехалі. І вось так мы грошы заплацілі і нічога не атрымалася!”

(Карэспандэнт: ) “Калі будынак не стаіць на балянсе, гэта значыць, што фактычна яго няма”.

(Навіцкая: ) “Так. Гэты дом у паветры вісіць!”

(Карэспандэнт: ) “А вы, можа, апроч БТІ хадзілі ў сельсавет?”

(Навіцкая: ) “А ў сельсавеце нам сказалі, што кватэры вам давалі ад “хіміі” і каб мы ехалі туды. І вось так нас кідаюць то туды, то сюды”.

Нават калі мімаходзь пазнаёміцца з жыцьцём вёскі Лунна, што ў Мастоўскім раёне Гарадзеншчыны, можна прыйсьці да высновы: праблемаў хопіць яшчэ не на адзін дэпутацкі тэрмін Аляксандра Пудаўкіна. З аднаго боку, для яго ёсьць шанец даказаць сваю годнасьць народнага абраньніка. Зь іншага, сам ён марыць, каб такіх магчымасьцяў было меней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG