Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаніся, каб дурні не зьвяліся


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У нашым Слуцку гэтую трапную показку “прымяралі” кожны на свой капыл. Хлопцы, набегаўшыся, набіўшы гузакоў на скоках ў гарадзкім клюбе, знасіўшы не адны бацькавы чобаты ў заляцаньнях да дзяўчат, сьцяўшы кулакі, пра сябе, любага: – Я дужы, што вол, прыгожы, дасьціпны, разумны, працую мулярам, лічы, на сваім хлебе, а калі на цукеркі ня хопіць, матка падкіне. Трэба сватоў да маёй абраньніцы, вясёлым возам парой жнівеньскай... А яго абраньніца ад сьціпласьці не памрэ: – Пашанцавала табе, боўдзіла! Зірні, якая красуня. Ня дзеўка, а маёвая кветка. Ты ў мяне не адзін... Толькі гукну, зьбяжыцца столькі кавалераў, што курасьлепу ў полі. Ведама ж, і хлопцы, і дзяўчаты ўсе, як з казкі, прыгожыя, разумныя, дасьціпныя. Зямля ў нас шчодрая, сонейка ласкавае, ветрыкі не лянуюцца байкі баяць... А чаму ж бацькі да сына без прадмоў і ласкавых словаў: – Боўдзіла, куды сьпяшаесься? Чобатаў сваіх не прыдбаў, а куды нарачоную паселіш? Жаніся, каб хаця разумныя не зьвяліся. Дурныя пажэняцца, разумныя застануцца. А мо і праўду кажуць. У бацькоў аргумэнтаў – заваліся, а фактаў – мех з гакам. – Вунь Рэнік Кургузевіч узяў мымру размаляваную, за Масквой гадавалася, куцьцю нішчымніцу смакавала. А што яны натакавалі за гады сумеснага жыцьця. Зірні ў акенца. Чые гультаі па вуліцы соваюцца? Макарка чатыры гады ў трэцюю клясу брындае, а Антось у пятай клясе чацьвёрты год бацькаву ватоўку дарывае. Не сьпяшайцеся, маладыя, паслухайце, што людцы кажуць:

– Не жаніся, каб дурні не зьвяліся.
XS
SM
MD
LG