Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка “Згоды” напісала адкрыты ліст міністру ўнутраных справаў


Валер Каліноўскі, Менск Карэспандэнтка недзяржаўнай газэты “Згода” паскардзілася міністру ўнутраных справаў, што 25 сакавіка яе зьбілі міліцыянты. Журналістка Натальля Валакіда перадала ў МУС ліст да міністра Ўладзімера Навумава ў сувязі з выкарыстаньнем супраць яе фізычнай сілы і іншымі перашкодамі, якія чынілі ёй як журналістцы супрацоўнікі менскага АМАПу пад час разгону акцыі апазыцыі 25 сакавіка. Журналістка піша, што амапаўцы зьбівалі яе наўмысна.

Журналістка газэты “Згода” Наталья Валакіда перадала ліст у прыёмную міністра ўнутраных справаў і разьлічвае на сур’ёзны разгляд яе прэтэнзіяў. Разам зь іншымі журналістамі яна асьвятляла акцыю апазыцыі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску, мела на сабе службовае пасьведчаньне і дыктафон. Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі АМАПу зьбілі яе з ног, патапталіся сваімі ботамі, парваўшы адзеньне і параніўшы калена. Ад больш сур’ёзных пашкоджаньняў яе выратавалі ўдзельнікі мітынгу. Пазьней адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт, хаця яна стаяла ў баку групы ад дэманстрантаў.

(Валакіда: ) “Калі ланцуг амапаўцаў пабег, адзін зь іх адарваўся ад ланцугу, падбег да мяне і ўдарыў мяне рукой у правы вісок. Чым вытлумачыць ягоныя такія вось вар’яцкія паводзіны і злосьць да мяне, я ня ведаю”.

Трэці інцыдэнт адбыўся ў той жа дзень увечары, калі міліцыя разганяла традыцыйны ланцуг апазыцыі ў абарону палітвязьняў. Пасьля заўвагі Натальлі Валакіды адзін з супрацоўнікаў АМАПу ўжыў супраць яе сілу.

(Валакіда: ) “Адзін з амапаўцаў стаў мне на ступні і пачаў з усёй сілы ціснуць, потым штурхаць, потым зноў ціснуць і штурхаць. А потым ён сарваўся, схапіў мяне за адзеньне і пачаў штурхаць з боку ў бок. Толькі ўмяшальніцтва калегаў-журналістаў неяк спыніла яго”.

Акрамя таго, спадарыня Валакіда напісала міністру Навумаву пра брыдкаслоўе, якое дазвалялі сабе супрацоўнікі менскага АМАПу. Пра гэтыя факты яна паведаміла і ў менскі офіс АБСЭ.

У пракуратуру Натальля пакуль не зьвярталася. Натальля лічыць, што беспакаранасьць такіх міліцыянтаў можа разбурыць сыстэму праваахоўных органаў Беларусі.

У газэце “Згода”, у якой працуе Натальля Валакіда, менская міліцыя на мінулым тыдні без судовага рашэньня канфіскавала рэдакцыйныя кампутары і сарвала выхад апошняга нумара выданьня.
XS
SM
MD
LG