Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь сьледчага ізалятару вызвалілі лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка вызвалены зь Менскага сьледчага ізалятару паводле пастановы Менскай пракуратуры, якая спыніла крымінальную справу супраць яго з прычыны “малой значнасьці злачынства”. На волі Анатоль Шумчанка заявіў, што будзе і далей змагацца за правы прадпрымальнікаў і дэмакратыю ў краіне.

Анатоль Шумчанка ў спартовым касьцюме, з каротка пастрыжанымі валасамі, выйшаў на ганак сьледчага ізалятару і адразу патрапіў у абдымкі сяброў-прадпрымальнікаў. Хвіліна на радасныя воклічы і адбымкі — і вось ужо лідэр прадпрымальнікаў сканцэнтраваны і гатовы даць інтэрвію мэдыям.

(Шумчанка: ) “У турме самае галоўнае, каб пра цябе не забываліся. Таму хачу падзякаваць усім: прадпрымальнікам, сябрам, палітыкам, журналістам за падтрымку. Гэта вельмі важна”.

Гэта было першае, што сказаў Анатоль Шумчанка. Далей ён па пунктах выклаў тое, што, відаць, падрыхтаваў за месяц знаходжаньня за кратамі. Ён сказаў, што турма яго не зламала, ён ня здасца і будзе працягваць барацьбу. Ён зьбіраецца далей змагацца за адмену падатку на даданую вартасьць, за дэмакратызацыю ўлады ў Беларусі. “Хай людзі пры ўладзе падумаюць, што зь імі будзе, калі ўлада зьменіцца”, — заявіў Анатоль Шумчанка. У тым, што гэта непазьбежна, ён перакананы. Паводле Анатоля Шумчанкі, такія настроі пануюць і там, дзе ён правёў месяц.

Журналісты на маглі абысьці ўвагай крымінальную справу, якая была заведзеная супраць Анатоля Шумчанкі, калі ён адбываў адміністрацыйны арышт у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Нагадаю, справу распачалі міліцыянты Маскоўскага райаддзелу паводле заявы сукамэрніка Шумчанкі, якога той нібыта зьбіў. Анатоль заявіў, што гэта была правакацыя, што насамрэч паміж імі не было нават спрэчкі.

(Шумчанка: ) “Гэта была гнюсная правакацыя. Гэтага чалавека затрымалі за тое, што ён піў гарэлку на вуліцы і аблаяў міліцыянтаў. А ў ізалятары яго, відаць, шантажавалі і прымусілі напісаць тую заяву”.

Асобна Анатоль Шумчанка спыніўся на праблеме знаходжаньня ў ізаляцыі палітычных вязьняў. Ён лічыць, што трэба дамагацца абавязковага вызваленьня Міхаіла Марыніча ды іншых палітвязьняў. Анатоль на сабе ведае, што азначае мэдычная дапамога ў вязьніцы. “Адна і тая ж таблетка дзеліцца напалову. Палова табе ад прастуды, палова — іншаму ад страўніка”, — заўважыў Шумчанка. На ягоную думку, уладзе ўвогуле трэба зьмяніць стаўленьне да палітычных апанэнтаў і пачаць зь імі сапраўдны дыялёг.

(Шумчанка: ) “Усім надакучыла тое, што сёньня адбываецца ў краіне. Гэта адчуваецца паўсюль. Трэба ўладзе не спрабаваць ізаляваць апазыцыянэраў праз крымінальныя абвінавачаньні, а ісьці на дыялёг”.

Анатоль Шумчанка таксама заявіў, што будзе дамагацца адмены пастановы аб спыненьні ягонай крымінальнай справы, бо ня згодны з фармулёўкай гэтай пастановы. Ён кажа, што ўвогуле не вінаваты ні ў якім злачынстве.

***

Нагадаем, лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумачанка быў арганізатарам мітынгу прадпрымальнікаў , які адбыўся 1 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менска. Прадпрымальнікі патрабавалі адмены падатку на дадатковую вартасьць (ПДВ). Пасьля мітынгу Анатоль Шумчанка быў затрыманы і асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак , калі гэты тэрмін скончыўся, выйсьці на волю яму не далі. У ізалятары на вуліцы Акрэсьціна яму абвясьцілі пра ўзбуджэньне супроць яго крымінальная справы нібыта за зьбіцьцё сукамэрніка і адправілі ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG