Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны: Падчас прызыву мы будзем ўлічваць рэкамэндацыі БРСМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў заявіў, што ваенкаматы падчас прызыву будуць улічваць рэкамэндацыі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ). Гэта патрэбна для ідэалягічнай чысьціні ўсяго войска ці некаторых яго элітных частак? Гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт.

Супрацоўніцтва беларускага войска зь Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі штораз мацнее. Пра гэта на канфэрэнцыі, прысьвечанай патрыятычнаму выхаваньню моладзі, заявіў міністар абароны Леанід Мальцаў. Ён спаслаўся на пагадненьне, якое раней падпісалі Міністэрства абароны і БРСМ. Паводле гэтага пагадненьня, ваенкаматы падчас прызыву будуць улічваць, ці ёсьць ў прызыўніка рэкамэндацыя БРСМ, заявіў Леанід Мальцаў.

У прэсавай службе Міністэрства абароны паведамілі, што цяпер прызываюць толькі аднаго з трох юнакоў, годных да службы. Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і скарачэньнем войска. Таму адбіраюць лепшых зь лепшых. Ці зьяўляюцца сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі менавіта лепшымі, у міністэрстве абароны не сумняюцца. Кіраўнік прэсавай службы Леанід Захаранка запэўніў, што сябраў БРСМ накіроўваюць ў самыя розныя вайсковыя часткі, і ніякіх прывілеяў пры разьмеркаваньні для іх ня робяць.

Каардынатар незарэгістраванага маладзёвага аб’яднаньня “Зубр” Уладзімер Кобец не выключае іншых прычынаў асаблівай ўвагі да рэкамэндацыяў БРСМ.

(Кобец: ) “Мяркую, тут будзе істотна, у які род войска прызыўніка накіроўваць. Калі чалавек мае дачыненьне да праўрадавай арганізацыі, гэта можа быць адзін род войска, дзе больш лёгкая служба. Калі гэты чалавек мае іншыя думкі, засьвечаны ў іншых арганізацыях, ён можа патрапіць ў іншы род войска. Дзіўна. Калі ўлады запрасілі БРСМ на гэта, хай бы яны і “Зубр” запрасілі. Я ня ведаю выпадку, каб нашыя хлопцы адмаўляліся ад службы ў войску. Шмат людзей з “Зубру” прайшлі войска і вярнуліся ў “Зубр”, іншыя цяпер служаць. Мы ў гэтым праблем ня бачым. А вось ці аб’ектыўна Мальцаў ацэньвае БРСМ, гэта пытаньне ўжо да Мальцава. Мы мяркуем, што такія кішэнныя арганізацыі нічога добрага для краіны прынесьці не могуць”.

***

Нагадаем, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі утварыўся два гады таму ў выніку аб’яднаньня Беларускага саюзу моладзі (спадкаемцы беларускага камсамолу) і Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі (арганізацыі, якая ад пачатку заявіла пра падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, але пазьней аказалася ўцягнутая ў шэраг карупцыйных скандалаў). Беларускае кіраўніцтва ўсяляк падтрымлівае БРСМ, у тым ліку фінансуе ягоную дзейнасьць зь дзяржаўнага бюджэту.
XS
SM
MD
LG