Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Колас тлумачыць, чаму ён не падаў заяўку на адзінага


Юры Дракахруст, Прага Як мы ўжо паведамлялі, заяўкі на ўдзел у працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта ў межах Сталай нарады дэмакратычных сілаў падалі чатыры палітыкі – кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, лідэр кампартыі Сяргей Калякін, вылучэнец БНФ Аляксандар Мілінкевіч і старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч.

Апошнім тэрмінам падачы заявак было вызначана 28 сакавіка. Анатоль Лябедзька ўчора падкрэсьліў, што “дзьверы ўжо зачыненыя, хаця замок яшчэ не павешаны”. Аднак шэраг палітыкаў, якія раней заяўлялі пра свае палітычныя амбіцыі, не сьпяшаюцца далучацца да працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата, вызначанай Сталай Радай. Адзін зь іх – кіраўнік беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, кандыдатура якога была падтрыманая Радай інтэлігенцыі. Пра тое, чаму ён не ўдзельнічае ў вызначанай працэдуры вылучэньня, Уладзімер Колас распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

(Колас: ) “У прынцыпе я не адмаўляўся ад удзелу ў гэтым працэсе, бо лічу што нашыя дэмакратычныя сілы павінны кансалідавацца і, паколькі мы знаходзімся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, безумоўна кансалідавацца трэба вакол адзінай кандыдатуры. Не сакрэт, што я вылучыў сваю кандыдатуру.

Мы пакуль што не падалі аніякіх пісьмовых заяваў. Калі я кажу "мы", я маю на ўвазе такіх удзельнікаў гэтага працэсу, як спадары Вайтовіч, Фралоў ды іншыя. Не зрабілі мы гэта таму, што нас пакуль не задавальняе форма гэтай заявы, самая мадэль, паводле якой ідзе вылучэньне, і тое, як гэтае вылучэньне пакуль адбываецца.

Тое, што ў Магілёве адклалася абласная канфэрэнцыя, гэта адбылося невыпадкова, а менавіта з прычыны пэўных праблемаў, якія спароджаныя гэтымі недасканаласьцямі.

Але гэта ўсё рабочыя пытаньні, якія можна вырашыць і вырашаць мы іх будзем. Я ў хуткім часе буду там, на гэтай канфэрэнцыі, і спадар Вайтовіч, наколькі я ведаю, таксама туды зьбіраецца.

Мы будзем працягваць удзел у гэтым працэсе, выказваючы свае, абсалютна нармальныя прапановы, меркаваньні і прэтэнзіі таксама. Мы ня лічым, што гэтае рашэньне мае нейкі катэгарычны характар, да выбараў яшчэ далёка.

Мы будзем удзельнічаць у гэтым працэсе на тых умовах, якія мы лічым прымальнымі. Груба кажучы, ніхто ня хоча, каб яго проста выкарысталі”.
XS
SM
MD
LG