Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У інтэрнэце зьявіўся першы псыхалягічны партрэт Гітлера, зроблены ў 1943 годзе


Кастусь Бандарук, Прага Юрыдычны факультэт Карнэльскага ўнівэрсытэту зьмясьціў на сваёй інтэрнэт-старонцы першы псыхалягічны партрэт Адольфа Гітлера, зроблены ў 1943 годзе. Зьмест публікацыі імгненна пераказала амэрыканская прэса і тэлебачаньне. Гэты дакумэнт быў распрацаваны ў 1943 годзе на замову амэрыканскай выведкі і зьяўляецца першым псыхалягічным аналізам паводзінаў фюрэра.

Паводле “New York Times”, “Гітлер быў жанчынападобным хлопцам, які з агідай ставіўся да фізычнай працы. Будучы салдатам ён надакучліва падлізваўся да старэйшых рангам афіцэраў. Ён таксама пакутаваў ад начных кашмараў блізкіх панікі, якая была выкліканая прычынамі гомасэксуальнага характару. Загады аб масавых забойствах, якія ён даваў, выплываюць зь дзіцячых комплексаў. Ён ненавідзеў сваю слабасьць і гатоўнасьць да падпарадкаваньня, ня мог спакойна ўзгадваць тыя прыніжэньні, якія ён зьведаў ад бацькі-садыста”.

Аўтарам гэтых высноваў зьяўляецца доктар Генры Мурэй, экспэрт з Гарвардзкага ўнівэрсытэту першай паловы 20-га стагодзьдзя. Ён падрыхтаваў псыхалягічны партрэт нямецкага фюрэра на замову Бюро стратэгічных службаў ЗША папярэдніка Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня (ЦРУ) у 1943 годзе. Дасье Гітлера было рассакрэчанае некалькі гадоў таму, але апублікаваць дакумэнт было вырашана толькі цяпер, пасьля атрыманьня дазволу ад родных Генры Мюрэя.

“Даўгі час лічылася, што Бюро стратэгічных службаў валодала толькі адным псыхалягічным партрэтам Гітлера”, – кажа Джэральд Пост, прафэсар псыхіятрыі з Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона і заснавальнік аддзелу псыхолягаў у ЦРУ, маючы на ўвазе справаздачу часоў вайны, падрыхтаваную вядомым псыхіятрам доктарам Уолтэрам Лангерам, які ў 1972 годзе апублікаваў кнігу “Псыхіка Адольфа Гітлера”.

Генры Мюрэй працаваў разам з Лангерам у Бюро стратэгічных службаў, і ягоная праца была ўключаная ў поўную і пашыраную справаздачу Лангера. Менавіта таму мала хто ведаў пра наяўнасьць працы самога Мюрэя, кажа Джэральд Пост. Паводле яго, ён выпадкова наткнуўся на чарнавік справаздачы Мюрэя, калі зьбіраў матэрыялы для сваёй кнігі “Псыхалягічная ацэнка палітычных лідэраў”.

Мюрэй ставіць Гітлеру дыягназы кшталту: нэўроз, гістэрыя, шызафрэнія, паранойя, комплекс Эдыпа і сыфілафобія (боязь заразіцца вэнэрычнай хваробай ад кантакту з жанчынай).

Мюрэй піша, што ў маладосьці Гітлер быў неўраўнаважаным рамантыкам, які з замілаваньнем рысаваў замкі і храмы. Ягоны характар, паводле Мюрэя, сфармаваўся пад уплывам бацькоў. Ён глыбока паважаў, зайздросьціў і спрабаваў дасягнуць фізычнай сілы свайго бацькі. Пры гэтым ён пагарджаў сваёю маці за ейную жаноцкую пакорлівасьць і слабасьць.

“Абое, бацька і маці, выклікалі ў маладога Гітлера супярэчлівыя пачуцьці: ён ненавідзеў і адначасова паважаў бацьку, а сваю маці кахаў і недаацэньваў. Аднак ў сваіх пазьнейшых дзеяньнях Гітлер браў прыклад з бацькі, а не з маці”, пісаў Генры Мюрэй.

Шэраг экспэртаў нязгодныя з тым, што праца Мюрэя – унікальная і вартая даверу. Ён не прадставіў ніякіх навуковых доказаў для сваіх катэгарычных высноваў, сьцьвярджаюць крытыкі.

Тым ня менш, гісторыкі згодныя з тым, што Мюрэй аказаўся надзвычай дакладным у сваіх прагнозах. Паводле яго, фюрэр паступова пагружаўся ў бездань шаленства. Ён быў гатовы альбо загінуць ад рукі немца ці габрэя, каб пакінуць пасьля сябе міт здраджанага героя, альбо кончыць жыцьцё самагубствам, пісаў Мюрэй у 1943.

Паводле высноваў гісторыкаў, фюрэр выбраў другі варыянт і застрэліўся ў сваім бункеры вясной 1945 году.
XS
SM
MD
LG