Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Граф Аляксандар Прушынскі заклікае беларусаў на знак пратэсту выключаць сьвятло


Альгерд Невяроўскі, Менск Аляксандар Прушынскі зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі, якія выступаюць супраць цяперашняй улады, тры разы на тыдзень а 21 гадзіне вечара на дзесяць хвілінаў выключаць сьвятло ў сваіх дамах — такім чынам прадэманстраваць уладам, колькі ў Беларусі ёсьць прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў.

Аляксандар Прушынскі так тлумачыць мэту сваёй акцыі:

(Прушынскі: ) “Нам трэба адхіліць Аляксандра Рыгоравіча мірным шляхам. І я заклікаю ўсё грамадзтва кожны аўторак, чацьвер і суботу а 21 гадзіне ўвечары на дзесяць хвілінаў выключыць сьвятло ў сваіх кватэрах. І гэта ёсьць першым крокам. Мы будзем ведаць, колькі людзей выключыла, і кожныя наступныя два дні іх будзе ўсё болей. Калі дасягнем 30—40%, значыць, мы ўжо перамаглі. Заклік з просьбай выключаць сьвятло і інфармацыя пра акцыю будзе зьмешчаная ў інтэрнэце”.

Граф Прушынскі гаворыць, што падобныя акцыі часта праводзіліся ў Польшчы ў гады ваеннага становішча. Многія палякі падчас трансьляцыі вечаровых тэлевізійных навінаў на знак пратэсту супраць камуністычнай прапаганды выключалі сьвятло ў сваіх дамах, альбо проста выходзілі на вуліцу. З падобным заклікам граф таксама выступаў у 1994 годзе і ў Беларусі, калі хацеў даведацца, колькі грамадзянаў гатова падтрымаць яго кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.

Цяперашнюю ж акцыю, якая, паводле Аляксандра Прушынскага, павінна працягвацца два-тры тыдні, ён заклікае распачаць ужо ў гэтую суботу.

Тым часам самому Аляксандру Прушынскаму пагражае адміністратыўнае пакараньне за выступ 25 сакавіка на мітынгу каля менскага Палацу спорту. Яго разам з трыццацю іншымі ўдзельнікамі акцыі затрымалі амонаўцы. Аднак у спэцпрыёмніку ў спадара Прушынскага пачаліся праблемы з сэрцам, і яго адвезьлі ў шпіталь.

70-гадовы Аляксандар Прушынскі нарадзіўся ў радавым маёнтку Рагозьніца на Гарадзеншчыне. Ён сын вядомага ў Польшчы пісьменьніка і дыплямата Ксавэрыя Прушынскага. Аляксандар Прушынскі мае канадзкае і польскае грамадзянствы, але з 1992 году стала жыве ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG