Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Клімаў прапанаваў толькі абвясьціць аксамітную рэвалюцыю, а праводзіць яе неабходна ўсім нам!”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 31 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Я, грамадзянін сваёй краіны, зьвяртаюся да вас, паважаныя дэмакраты, паважаныя лідэры апазыцыйных партыяў. Калі вы хочаце закапаць у самую глыбокую магілу Беларусь зь яе дзесяцімільённым насельніцтвам, ну, дык што ж, у такім выпадку раскручвайце на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Казуліна. Няўжо вам, так званыя дэмакраты, не даходзіць да мазгоў, што Казулін – гэта на ўсе 100 адсоткаў крамлёўска-маскоўскі стаўленьнік? Ён зямлю носам будзе рыць, каб дагадзіць сваім гаспадарам у Крамлі, а потым у гэтую яму і закапае Беларусь. Што гэта за такі прафэсар і доктар навук, які ні бэ ні мэ па-беларуску? Абсурд! Сорам! Вялікі сорам! А яшчэ ў прэзыдэнты імкнецца, называючы сябе беларусам.

Паважаныя лідэры апазыцыйных партыяў! Калі вы сапраўды любіце сваю маці-радзіму Бацькаўшчыну Беларусь, калі вы па-сапраўднаму лічыце сябе патрыётамі, калі вам неабыякавы лёс вашых дяцей і ўнукаў, калі вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі, калі вы хочаце па сваёй зямлі хадзіць ва ўвесь рост, а ня поўзаць чарвякамі, дык усе разам падтрымайце ўжо даўно праверанага пасьлядоўнага сапраўднага лідэра беларускага народу, беларускай ідэі, нязломнага змагара за вольную Беларусь – нацыянальнага героя Зянона Пазьняка. Толькі Зянон Пазьняк пры вашай дапамозе ўратуе беларускі народ, падыме яго з каленяў! Без Зянона Пазьняка ня быць і Беларусі! Будзе прэзыдэнтам Зянон Пазьняк – будзе і Беларусь!”

(Лескавец, Жлобін: ) “Асноўнай памылкай і апазыцыі, і тых людзей, якія тэлефануюць да вас – гэта ўтапізм, не – навуцы. Таму – асуджаныя. Лукашэнка дзейнічае, на жаль, навукова, і ўдасканальваецца, як у савецкія часы казалі, капіталізм. Ён бярэ самае лепшае, але, натуральна, ён ня вечны”.

(Ніна Ярмалінская: ) “У дзень незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка была сапраўдная рэвалюцыя! Яна адбылася, нягледзячы ні на якія забароны і перашкоды ўладаў. Шмат людзей ішло на Кастрычніцкую плошчу, і гэта было самой галоўнай падзеяй ў той дзень. Рэжым, як заўсёды, выкарыстаў сілавы варыянт. Былі перакрыты ўсе вуліцы і станцыі мэтро, што, вядома, ускладніла правядзеньне сьвяточнага мерапрыемства. Але дух свабоды, подых навальніцы стаяў паўсюль. Я была побач з Андрэем Клімавым і бачыла, які ён быў сьмелы, рашучы і непахісны. Некаторыя працягвалі яму кнігі, нават газэты, каб ён напісаў ім свой аўтограф. Нехта крычаў з натоўпу: “Кастусь Каліноўскі! Кастусь Каліноўскі!” Лічу, што гэта толькі пачатак актыўнай палітычнай дзейнасьці. А для мяне адкрылася новая старонка ў маім жыцьці. Мы з табой, Андрэй! Разам мы пераможам! Жыве незалежная Беларусь!”

(Спадар, Сенінскій раён: ) “Зусім Свабоду не чуваць. А калі і чуваць – толку мала! Аддалілася Беларусь ад Прыбалтыкі. Шкада, канечне”.

(Спадар Цярэшка: ) “Некалі З.Жылінскі сказаў, што самасьвядомасьць беларусаў ніжэй інстынкту самазахаваньня. Як жа падняць самасьвядомасьць беларусаў? Хадзіць Лябедзьку па кватэрах? Гэта, прабачце, глупства, нерэальна і нават небясьпечна.

Польская “Салідарнасьць” прасочвалася на тэлебачаньні і другія сродкі масавай інфармацыі. Там былі высакародныя людзі, якія ішлі на самаахвяраваньне. У нас жа народны сродак інфармацыі прыватызаваны Лукашэнкам. І ён яго не аддасьць! Будзе насаджаць ідэалёгію катлет і аматарскай палкі.

Другое, палякі аб’яднаныя каталіцызмам, а ксяндзы – гэта лідэры грамадзтва. Двух ксяндзоў польскія СБ у часы салідарнасьці забілі. А руская праваслаўная царква прапаведуе паслушаньне, цярпеньне, а гэта значыць – абыякавасьць, жабрацтва, тэхнічную і іншую адсталасьць. Праваслаўны і па бацьку і па маці, Цярэшка”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Праслухаў перадачу “Вострая брама”, дзе задавалі пытаньні: а што ж здарылася зь нямецкай нацыяй пад час панаваньня там Гітлера, пад час таго, што было, і чаго яны сталі такімі? Чаму б нам не задацца рытарычным пытаньнем: а што сталася з намі? Мы таксама ня меней знакамітая нацыя, мы таксама маем ня менш цудоўнай гісторыі. А што ж сталася з намі, што мы забыліся і гісторыю сваю, і мову сваю, і годнасьць сваю? Што ж сталася з намі, калі ксёндз у фарным касьцёле г.Ліды, сам паходжаньнем зь Іўя, адказвае: “Для мяне беларуская мова – гэта ёсьць гішпанская мова, я ніколі ня буду на ёй размаўляць!” А ён жа ёсьць ксёндз! А Папа Рымскі казаў: “На мове весьці набажэнствы”. Што здарылася з намі, калі мы ня ведаем, што было ў нашай гісторыі 10 гадоў таму? Гэтым пытаньнем трэба задацца. А самае галоўнае – дык калі ж гэта скончыцца? Калі ж мы ўспомнім пра сябе?”

(Мікалай Бельскі: ) “Пытаньне слухачам Радыё Свабода. Як вы ставіцеся да намеру Літвы, Латвіі, Эстоніі ня ўдзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Перамогі ў Маскве? І ўвогуле да сьвяткаваньня перамогі камунізму над фашызмам? Гэта асноўнае, што цікавіць мяне і многіх іншых. Ня будзе адказу на пытаньне, ня будзе і пытаньня. Усяго найлепшага”.

(Спадар: ) “Паважаная рэдкцыя! Гледзячы беларускае тэлебачаньне, часта думаю: ну калі гэта абрыдне нам глядзець, як усюды па ўсякіх мерапрыемствах цягаюць гэтага няшчаснага грамадзяніна Вахрамеева, мітрапаліта. Цяпер падключаецца яшчэ і Свабода. Вось сёньня гаворыце і рэклямуеце нават нейкую акцыю ў беларускім войску – “хросны ход у беларускім войску”, якое арганізуе беларуская праваслаўная царква. І тут жа даяце словы – і ні адзін поп не гаворыць па-беларуску! Дык якая беларуская царква? Гавораць толькі па-руску. Ну гэтак жа сама можна сказаць, што хросны ход праводзіць у Беларусі польская ці кітайская царква. Навошта гэтая папулярызацыя небеларускага? Папулярызуйце, калі ласка, беларускую царкву, сапраўдную беларускую царкву, няхай гэта будзе праваслаўная, няхай гэта будзе каталіцкая – любая, але няхай гэта будзе беларуская. А тое пад гэтую марку любую канфэсію можна назваць беларускай!”

(Спадар: ) “Дзякуй за пытаньне. Лепей позна, чым ніколі. Я магу падпісацца пад кожным з адказаў, акрамя агалцелых лукашыстаў. Але выйсьце адно – неабходна супрацьпаставіць мацнейшай афіцыйнай прапагандзе сучасны досьвед пазбаўленьня ад тыранаў негвалтоўным, але стойкім вулічным супрацівам. Але, шаноўныя, ці займаемся мы ўсе, у тым ліку паважаная Свабода, гэтым? Давайце прызнаемся шчыра: хто з нас падтрымаў адчайнага Клімава? А ён прапанаваў толькі абвясьціць аксамітную рэвалюцыю, а праводзіць яе неабходна ўсім нам!”
XS
SM
MD
LG