Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 сакавіка нарадзіліся Рэнэ Дэкарт, Алег Мінкін, Зьміцер Санька


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 31 сакавіка

У ноч зь 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году ў Беларусі прайшлі масавыя арышты вэтэранаў другой сусьветнай вайны, якія ваявалі супраць гітлераўскай Нямеччыны на баку саюзьнікаў, а пасьля вярнуліся дадому. У прыватнасьці, гэта тычыцца вайскоўцаў арміі Андэрса, якія ў 1944-м годзе ўдзельнічалі ў крывавай бітве за Монтэ-Касіна ў Італіі, дзе выжыць удалося рэдкім шчасьліўцам. Усяго ў Беларусі карнікі МГБ арыштавалі каля 900 вэтэранаў антыгітлераўскай кааліцыі. На загад з Масквы ўсе яны разам зь сем’ямі мусілі быць пераселеныя ў Іркуцкую вобласьць Расеі. Аднак да далёкае Сыбіры шмат хто з вэтэранаў не даехаў – памерлі ў дарозе.

31 сакавіка 1998 году ўлады арыштавалі былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра. Чыгіру выставілі эканамічныя абвінавачаньні, хоць відавочны быў палітычны кантэкст справы. Арышт апазыцыйнага лідэра адбыўся ў дзень рэгістрацыі яго кандыдатам на выбары ў прэзыдэнты краіны. Пасьля гэтага Чыгір восем месяцаў правядзе ў зьняволеньні.

Сярод сусьветных гістарычных падзеяў гэтага дня прыгадаем урачыстае адкрыцьцё Эйфэлевай вежы ў Парыжы ў 1889 годзе, выхад з канвэеру першага аўтамабіля “Мэрсэдэс” у 1901-м (ён быў названы так у гонар дачкі аднаго з уладальнікаў фірмы) і Ленінскую прэмію ў галіне літаратуры, якую генсек Леанід Брэжнеў атрымаў у 1980-м за кнігі “Цаліна”, “Малая зямля” і “Адраджэньне”.

31 сакавіка 1596 году прыйшоў на сьвет францускі філёзаф, матэматык і пачынальнік аналітычнай геамэтрыі Рэнэ Дэкарт. Таксама ў гэты дзень у 1887-м нарадзіўся гісторык Баляслаў Брэжга, які дасьледаваў віцебскія старажытнасьці, а ў 1952 годзе – Алег Мінкін, паэт і перакладчык, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай паэзіі.

Таксама сёньня сьвяткуе свой дзень нараджэньня Зьміцер Санька – мовазнавец і выдавец, руплівец на ніве нацыянальнае адукацыі ў Беларусі. Родам ён зь мястэчка Астраўкі на Рудзеншчыне, працуе галоўным рэдактарам выдавецтва “Тэхналёгія”. “Малы расейска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразэм” Зьмітра Санькі стаў настольнаю кнігай многіх беларускіх літаратараў, журналістаў і проста цікаўных людзей.
XS
SM
MD
LG