Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму даражэе сала?


Міхал Стэльмак, Менск Сярод прадуктаў харчаваньня найбольш у Беларусі даражэе сала. Летась, напрыклад, яно па гэтым паказьніку было абсалютным “рэкардсмэнам”: згодна міністэрства статыстыкі й аналізу, за год рост коштаў на яго падвысіўся аж на 46 адсоткаў.

Паводле афіцыйных асобаў, сала не ўваходзіць у лік прадуктаў, кошты на якія рэгулюе дзяржава. Як вынік, кошт сала фармуе свабодны рынак. Гэтак лічыць, у прыватнасьці, кіраўніца ўпраўленьня цэнаўтаварэньня Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Кацярына Пеўнева:

(Пеўнева: ) “Рэч у тым, што цэны на сьвініну абмяжоўваюцца. А цэны на сала вызначае насельніцтва. Таму зыходзячы з рынкавых умоваў і падаражэла”.

Паводле гаспадарнікаў, якія займаюцца вытворчасьцю і рэалізацыяй сьвініны, падаражаньне сала адбылося ня толькі па віне насельніцтва. Свой унёсак у павелічэньне коштаў на гэты прадукт зрабіла й дзяржава. Вось, напрыклад, што зазначыў на гэты конт прадпрымальнік Віктар Крываль з Узды, які мае тут краму “Мясная лаўка”:

(Крываль: ) “На жывых сьвіней павялічылася, можа, на 20-25 адсоткаў. Былі моманты, калі цана бітай сьвініны, не ў разрубе, а ў тушах, каштавала адзін даляр, а зараз цана бітай сьвініны ў тушах каштуе тры даляры. А цана сала павялічылася можа ў два разы за гэты час. Махлююць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія закупляюць у насельніцтва танна, а прадаюць у розьніцу нашмат даражэй”.

На менскім рынку “Камароўка” сьвежае сала зараз каштуе ад 5 да 7 тысяч. Салёнае – у паўтары разы больш. Пакупнікоў такія цэны абураюць, гандляроў – радуюць:

(Спадарыня Вера: ) “Дамашняе сальца. Нядорага”.

(Спадарыня Люда: ) “У краме 6200 рублёў. У мяне па 6 000 і лепшай якасьці”.

(Спадарыня Ганна: ) “Трэба ўмець гандляваць”

(Спадарыня Люда: ) “Скварка, чарка, агурэц і ўсёй казачцы канец”.

(Спадарыня Вера: ) “Купіце танна сала дамашняга”.

(Спадарыня Люда: ) “Так дорага! Ты што, зь месяца ўпаў? Кормяць людзі. Колькі трэба вядзёр! Якая праца пякельная! Гэта яшчэ танна”.

Вяскоўцы, якія гадуюць сьвіней, насамрэч, адзначаюць высокі сабекошт сьвініны і сала. Вось якім меркаваньнем падзяліўся Ўладзімер Селівончык з Узьдзеншчыны:

(Селівончык: ) “Канешне, складана. Бо трэба харч: і збожжа, і бульба. Усё трэба. Колькі харчу ідзе на яе! Карова акупляе сябе, а сьвіньня – не”.

Як зазначаюць гандляры, падаражаньне сала ў Беларусі справакаваў рост коштаў на гэты прадукт на расейскім рынку. Менавіта туды, на Ўсход, “паплыло” беларускае сала. З другога боку, на захад ад Беларусі, паводле прадпрымальніка Крываля, цэны на сала меншыя:

(Крываль: ) “Нашмат таньней там сьвініна. Вось ёсьць у нас паляк, які цэх мясаперапрацоўкі трымае ў Стоўбцах. І ён зараз возіць сьвініну з Польшчы–па 20 тон машынамі, вагоны заказвае. Тут ён перапрацоўвае і гандлюе каўбасамі. І атрымліваецца, што там ён закупляе па 1,2-1,3 і нават 1,1 даляры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG