Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здавальняе беларуская сыстэма аховы здароўя пацыентаў і лекараў?


Юлія Шарова, Менск Глыбінных рэформаў у беларускай сыстэме аховы здароўя не прадбачыцца – супраць іх выступіў учора кіраўнік краіны на нарадзе, на якой разглядалася выкананьне канцэпцыі разьвіцьця гэтай сыстэмы на 2003-2007 гады. Лукашэнка заклікаў рацыяналізаваць мэдыцыну, прыбраць зь яе лішнюю раскошу і заявіў, між іншага, што “людзі павінна разумець, што горш ня стала”.

Дык ці ж сапраўды беларусы разумеюць, што горшай айчынная сыстэма аховы здароўя ня стала? Я задала гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску й вось якія адказы атрымала:

(Спадарыня: ) “Пару гадоў таму было нашмат горш”.

(Іншая спадарыня: ) “Ня горш стала”.

(Спадар: ) “Можа й горш крыху, а рэфармаваць трэба, напэўна”.

(Дзяўчына: ) “Паляпшаецца, канечне. Мы самі будаўнікі й пабудавалі ўжо трэцюю лякарню. З эўрарамонтам”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я цяпер заклапочаная тым, што імпартныя лекі не выпісваюць, а толькі айчынныя, якія не заўсёды дапамагаюць”.

(Спадар: ) “Я, па шчырасьці, наагул не адчуваю, як яно стала. Стараюся ў лапы аховы здароўя не трапляць”.

(Іншы спадар: ) “Я мяркую, стала горш. Плянавай шпіталізацыі ня стала. Цяпер, каб у лякарню трапіць, вельмі шмат праблемаў узьнікае. Плянавай шпіталізацыі няма, толькі экстраная”.

Увогуле мае суразмоўцы лічаць, што адмова ад такіх рэформаў, якія зьдзейсьнілі ў расейскай ды ўкраінскай сыстэмах аховы здароўя, была правільнай. Разам з тым, яны адзначаюць, што ў Беларусі ня так ужо і шмат магчымасьцяў атрымаць вельмі якасную мэдычную дапамогу нават за грошы.

Як эфэктыўнасьць беларускай сыстэмы аховы здароўя ацэньваюць непасрэдна тыя, хто ў ёй працуе? Што мэдыкаў турбуе болей – невысокія заробкі ці благія ўмовы працы?

Мне давялося пагутарыць на гэты конт з двума мэдыкамі. Адна з маіх суразмоўцаў працуе ў раённай дзіцячай стаматалягічнай паліклініцы аднаго з абласных цэнтраў. Ейны стаж працы ў мэдыцыне 45 год і яна лічыць, што менавіта для яе нічога не зьмянілася.

(Спадарыня: ) “Мне працаваць ня горш. Заробак нармальны, бо я працую даўно, у мяне стаж. А для моладзі, якая толькі прыйшла, заробкі нізкія. Што ў гэтым добрага? Умовы працы? Абсталяваньне ўсё старое, нічога не мяняецца пакуль”.

Са словаў гэтай спадарыні, мадэрнізацыю лекарскага абсталяваньня ў ейным горадзе робяць толькі ў цэнтральных паліклініках, а на пэрыфэрыі, у раёнах, працаваць даводзіцца з бор-машынамі, якія не мяняліся цягам дваццаці год.

Яшчэ адзін мой суразмоўца – практыкуючы нэйрахірург. На ягоную думку, у цяперашняй сацыяльна-эканамічнай сытуацыі сыстэма працуе добра.

(Спадар: ) “Калі параўноўваць з заходнімі лякарнямі, то ў прынцыпе нядобра. Калі параўноўваць з савецкімі – я мяркую, што лепей. Сыстэма працуе эфэктыўна, і гэта факт, ад якога нікуды не падзенесься”.

Адзінае, чаго б хацелася гэтаму доктару – гэта лепей зарабляць. Дарэчы, лекары застаюцца адной з самых запатрабаваных кваліфікаваных прафэсіяў на беларускім рынку працы. Аднак на вакансіі, што выстаўляюць лякарні й паліклінікі, прэтэндэнтаў звычайна няшмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG